Падзяліцца:
«Музычны дзённік. «Песнярам» – 50! Калектыў, нібыта ўліты ў лёс эпохі». Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
4 верасня 2019
«Музычны дзённік. «Песнярам» – 50! Калектыў, нібыта ўліты ў лёс эпохі». Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё) Пачатак восені па праве лічыцца асаблівай парой. У асноўным ажыятаж звязаны з пачаткам навучальнага года, Днём веда, а яшчэ першага верасня – свята для прыхільнікаў ансамбля «Песняры». У мінулую нядзелю ў Мінску каля помніка Уладзіміру Мулявіну адзначалася 50-годдзе легендарнага калектыву. Юбілейная дата аб’яднала многіх, хто мае дачыненне да творчасці «Песняроў» – удзельнікаў розных гадоў, калег, прыхільнікаў... Не ва ўсіх ахвотных трапіць на імпрэзу супалі планы, таму, па словах відавочцаў, было не надта людна, але цёпла і душэўна. Безумоўна, немагчыма знайсці сярод сучаснікаў, у тым ліку і сярод зусім юных, чалавека, які б штосьці не ведаў пра калектыў. Хаця дапускаю, што не ўсе маладыя людзі цікавяцца яго творчасцю, але не раз пераконвалася, што назва выклікае трывалыя асацыяцыі з класікай, якую сорамна не ведаць. А для многіх прадстаўнікоў майго пакалення «Песняры» – гэта, насамрэч, куміры, частка жыцця, звязаная з музычным выхаваннем, сталеннем... Гартаючы старонкі памяці, мне прыгадваюцца асобныя імгненні, якія, як я зараз разумею, сталі своеасаблівымі вехамі ў маёй свядомасці. Першае знаёмства адбылося дзякуючы гнуткаму дыску ў белым канверце з выявай чырвонай птушкі. Маці, настаўніца па прафесіі, любіла музыку, цікавілася навінкамі і актыўна дзялілася імі са сваімі сяброўкамі і калегамі. Да гэтага часу памятаю, як горача яны абмяркоўвалі «Песняроў», калі ў 70-ыя ансамбль імкліва набіраў папулярнасць і творчую сілу. Каменем спатыкнення сталі народныя песні. Не ўсе былі гатовы прыняць на той час іх незвычайныя і смелыя версіі. Гэтыя спрэчкі падагравалі маю цікаўнасць, якую часткова задаволілі запісы на дыску. Сярод іх была і народная песня. Не магу сказаць, што выкананне мяне надта ўразіла, але і не расчаравала... Затое па-сапраўднаму кранула песня «Берёзовый сок» В.Баснера і М.Матусоўскага. Я магла слухаць яе бясконца. Дый зараз, прызнаюся, перыядычна звяртаюся да таго класічнага, на мой погляд, эталоннага запісу, які не толькі пераносіць у дзяцінства, але нібыта наталяе душу энергіяй гаючай крыніцы. З часам я зразумела, што гэтая магія – у натхнёнасці, ахінальным гучанні флейты ў аранжыроўцы, гарманічным спалучэнні пяшчоты і драматызму... і многім іншым, што не перадаецца словамі, але адчуваецца сэрцам. Тое ж можна сказаць і ў дачыненні да балады «Крик птицы» У. Мулявіна і Ю. Рыбчынскага. Яна стала наступным яркім імгненнем у маім спасціжэнні, засваенні творчасці «Песняроў». Паток энергіі, экспрэсія, вастрыня эмоцый – усё гэта хвалявала ўяўленне, выклікала ўзрушэнне, якое яшчэ больш узмацнілася пасля знаёмства з рок-операй «Гусляр». Гэтыя ўражанні нібыта падрыхтоўвалі мяне да сустрэчы з калектывам у канцэртнай зале. Год дакладна не памятаю, але адбылося гэта ў Лідзе, дзе я вучылася ў музычным вучылішчы. Тады, ужо крыху прафесійна падрыхтаваная, я інакш успрыняла іх творчасць – не толькі душой, але, як кажуць, галавой і вушамі. А яшчэ ў поўнай меры адчула розніцу паміж запісам і жывым выкананнем – нерв, эмацыянальную стыхію, моц калектыўнай энергіі... І зразумела, што «Песняры» для мяне – назаўсёды. Гэта быў час, калі калектыў набліжаўся да кульмінацыі свайго залатога перыяду. На мой погляд, ёй стала праграма «Праз усю вайну». Мне таксама пашчасціла яе пачуць у канцэртным варыянце. І я згодна з тымі, хто лічыць гэты музычны спектакль вяршыняй творчасці ансамбля. Як вядома, альбом выйшаў у 1985 годзе, да 40-годдзя Перамогі. Потым шмат чаго было ў гісторыі калектыву. Я не маю мэты пераказваць тое, што напісана ў шматлікіх інтэрв’ю з музыкантамі, у кнігах, якія нядаўна выйшлі... Проста сама дата навявае падумаць пра ўплыў творчасці «Песняроў» на маё пакаленне. Я ўзгадала толькі некалькі фрагментаў, звязаных менавіта з уласнымі уражаннямі. Хаця... іх, канечне ж, намнога болей. Некаторыя я атрымала ад стасункаў з удзельнікамі ансамбля. У адрозненне ад многіх равеснікаў, мне пашчасціла з некаторымі быць знаёмай, сустракацца ў эфіры, слухаць аповеды, меркаванні, цікавыя гісторыі... А іх было багата ў жыцці «Песняроў». Мяркую, таксама далёка не ўсе згаданы ў выданнях, што пабачылі свет напярэдадні 50-годдзя калектыву. Спынюся на двух. Паводле слоў Валерыя Дайнекі, у сваёй кнізе «Песняры. Взгляд из будущего», над якой працаваў разам з адданай прыхільніцай і даследчыцай творчасці ансамбля Анжэлай Гергель, ён хацеў падкрэсліць, што «Песняры» – гэта калектыў. Разам з прызнаннем велізарнай, нават вызначальнай ролі лідара, нельга забываць музыкантаў, аранжыроўшчыкаў, якія стваралі адмысловае гучанне ансамбля. Без іх таленту і прафесіяналізму немагчыма было ні яго існаванне, ні развіццё. Гэтую думку падзяляюць адзін з пачынальнікаў «Песняроў» Уладзіслаў Місевіч і яго суаўтар па кнізе «Песняры. Я роман с продолженьем пишу», вядомы беларускі журналіст Сяргей Трафілаў. Падчас нашай эфірнай сустрэчы на маё пытанне наконт самага праўдзівага аповеду пра лёс «Песняроў» яны адказалі, што ўсё і ўсіх рассудзіць час. А ў сваёй версіі імкнуліся абагульніць і сістэматызаваць асноўныя падзеі і факты, расказаць няпростую гісторыю легендарнага калектыву ў лёгкай, даступнай і дасціпнай форме. На маю думку, ім гэта бліскуча ўдалося, бо кніга насамрэч чытаецца на адным дыханні. Што да мяне, то я, як кажуць, яе проста праглынула. Абсалютна згодная з тым, што атрымалася і кніга пра лёс калектыву, і партрэт эпохі, якая пакінула след у музычнай гісторыі не толькі Беларусі. А яшчэ нельга не пагадзіцца з думкай, што гэтую спадчыну неабходна беражліва захоўваць, ні ў якім разе не капіраваць, а развіваць, бо толькі рухаючыся наперад можна адкрыць новыя гарызонты.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: