Падзяліцца:
«Музычны дзённік. «Праз усю вайну...»  Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
2 Ліпеня 2019
«Музычны дзённік. «Праз усю вайну...»  Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё) Заўважана, што вялікія творы нараджаюцца чамусьці ў самыя складаныя перыяды жыцця альбо гісторыі, гэта тычыцца і ваенных песень. Многія з іх жывуць многа дзесяцігоддзяў і па-ранейшаму кранаюць сэрца. Магчыма, таму, што сіла трагедыі ў чымсьці падобная на сілу любові. Яна максімальна раскрывае душу чалавека і выклікае велізарны энергетычны парыў.
Сярод таленавітых і пранізлівых твораў на тэму вайны ёсць і тыя, што напісаны пасля трагічных падзей. На мой погляд адзін з самых узрушальных – цыкл  Уладзіміра Мулявіна “Праз усю вайну”. Гэтую праграму “Песняры” прысвяцілі 40-годдзю Вызвалення Беларусі. Прэм’ера адбылася ў 1984-ым,  але час пацвердзіў яе права на доўгае жыццё. На думку ўдзельніка калектыву, гітарыста і аранжыроўшчыка Уладзіміра Ткачэнкі, “Праз усю вайну” – самая ўдалая работа ансамбля. У 1985-м годзе праграма была запісана і выдадзена   фірмай грамзапісу “Мелодыя”. Аўтарам сцэнарыя стаў вядомы беларускі паэт, публіцыст, перакладчык Валянцін Тарас. Менавіта яму Уладзімір Мулявін даверыў выбраць паэтычны матэрыял для праграмы пасля таго, як   прачытаў яго верш “Вяртанне”.
Уладзіміра Георгіевіча ўразілі радкі: “Каждый вспоминал свою жену, верил в свою звезду, каждый пронёс через всю войну два слова: люблю и жду». Гэтыя словы і далі назву ўсяму цыклу. У музычным спектаклі ўвасоблена не толькі  творчасць Валянціна Тараса, але і Янкі Купалы, Аляксандра Твардоўскага,  Аляксандра Пракоф’ева, Міхаіла Кульчыцкага, Сямёна Гудзенкі, Эдзі Агняцвет…
Поспех спектакля можна патлумачыць не толькі высакароднай ідэяй, выдатным літаратурным матэрыялам, але і творчасцю цудоўных музыкантаў, аранжыроўчышкаў Барыса Бернштэйна, Ігара Паліводы, Уладзіміра  Ткачэнкі. Яны трапна ўлавілі і завяршылі меладычную думку Уладзіміра   Мулявіна, стварылі маштабнае палатно са складанымі інструментальнымі і вакальна-харавымі эпізодамі. Кожны нумар цыкла – эмацыянальны твор мастацтва. Апрача трагедыі, у ім знайшлося месца і для лірыкі, і для гумару,  і для аптымізму.
Калі ж гаварыць пра мае ўласныя ўражанні, то найбольш моцнае я перажываю, калі слухаю кампазіцыю на верш Сямёна Гудзенкі “Перад атакай”. Нерв голасу Уладзіміра Мулявіна, хвосткія ўдары гітары, якія імітуюць гук куль і, канечне ж, пранізлівыя да болю словы, якія ўзрушаюць жорсткай праўдай. Усё гэта пакідае неверагоднае ўздзеянне і выклікае горыч,  цяжкія думкі пра лёсы маладых людзей, якія марылі жыць, вучыцца,  тварыць… Многія з іх трапілі ў пекла вайны адразу са школы альбо са  студэнцкіх аўдыторый. Паэт-франтавік Сямён Гудзенка нарадзіўся ў Кіеве ў 1922 годзе  ў сям'і інжынера і настаўніцы. Да вайны паступіў у Маскоўскі  інстытут філасофіі, літаратуры і гісторыі, у 1941-м дабравольцам пайшоў на  фронт, верш “Перад атакай” напісаў у 20 гадоў. Яму пашчасціла выжыць,  але з-за цяжкіх раненняў Сямён Гудзенка пражыў усяго 32 гады.
Так. У кожнага нумара з музычнага спектакля “Праз усю вайну” – свая гісторыя, а яшчэ – лёс аўтара. У многім дзякуючы патрабавальнаму падыходу  Валянціна Тараса да выбару вершаў у праграме “Праз усю вайну” няма  фальшу. Час паказаў, што музычны спектакль – сапраўдная з’ява ў  беларускім мастацтве. Хаця, калі яна стваралася, некаторыя былі даволі скептычна настроены, маўляў,  усё лепшае пра вайну ўжо напісана… Таму праграма “Праз усю вайну” патрабавала высокага майстэрства ад   удзельнікаў ансамбля і аўтара ідэі, кампазітара Уладзіміра Мулявіна. Яго  музыка ўзмацніла эмоцыю вершаў паэтаў-франтавікоў.
“Песняры” выдатна справіліся са складанай задачай расказаць не толькі пра   ўсе жахі таго часу, але і пра тое, што адчувалі людзі, бо ў любыя моманты   жыцця чалавек перажывае ўсю гаму пачуццяў – і боль, і радасць, і  жорсткасць, і пяшчоту, і нянавісць, і любоў… Усё гэта ёмка і трапна   сканцэнтравана ў мастацкіх вобразах. Слухаючы праграму, узнікае адчуванне   бясспрэчнага адзінства музыкі, слова і выканання.
Цыкл “Праз  усю  вайну” завяршае кампазіцыя “Апошнія залпы” на верш   Аляксандра Твардоўскага, які прайшоў некалькі войн, быў карэспандэнтам, працаваў у франтавых газетах. У пераможным 45-м ён напісаў сваёй жонцы: “На ўсё астатняе жыццё, калі мне наканавана застацца жывым на гэтай  вайне, мне хопіць думаць і выказаваць тое, амаль нявыказнае, чым  напоўнілася мая душа за гэтыя гады”. Што ж... Сёння, напярэдадні Дня Незалежанасці і 75-годдзя  Вызвалення Беларусі, гэтыя словы гучаць асабліва глыбока.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: