Падзяліцца:
«Музычны дзённік. Роднай песні ваявода...» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
4 Сакавіка 2019
«Музычны дзённік. Роднай песні ваявода...» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё) Ідуць першыя дні вясны. Хтосьці скажа: “Ну, нарэшце, дачакаліся”, а хтосьці ўсклікне: “Як хутка праляцеў час!” Гэтыя палярныя пачуцці навяваюць роздумы пра адноснаць і суб’ектыўнасць часу. Напрыклад, у дачыненні да ўзросту, у кожнага свая дыстанцыя паміж паняццямі ўжо і ўсяго толькі. Але, упэўнена, са мной пагодзяцца, што несправядліва мала, усяго толькі 45 гадоў, адвёў лёс таленавітаму беларускаму музыканту, кампазітару Ігару Паліводзе, які пайшоў з жыцця ў апошні дзень зімы 23 гады таму. Я не была з ім асабіста знаёмая, але пра тонкую душу творцы, талент, інтэлект красамоўна сведчаць яго непаўторныя мелодыі. Таму сёння мне хочацца іх нагадаць асобна, а таксама ўспомніць імя стваральніка. Безумоўна, яно не забыта, але на жаль, часта здараецца, што ва ўсіх на слыху імёны выканаўцаў, а кампазітары застаюцца ў цяні. Я сама адкрыла для сябе Ігара Паліводу пасля таго, як яго не стала. Хаця песні ведала. Бачыла яго ў “Песнярах”. Першы крок да больш глыбокага знаёмства з творчасцю кампазітара зрабіла, дзякуючы яго жонцы Вользе. Дзе і пры якіх абставінах мы бы з ёй не сустракаліся, яна заўсёды ўспамінае Ігара. Больш за тое, не баіцца называць яго геніем. І ўсё ж нездарма кажуць: вялікае бачыцца на адлегласці, таму мы заўсёды асцярожна ставімся да такіх эпітэтаў. Толькі час – здараецца, не два, а значна больш дзесяцігоддзяў і нават стагоддзяў даюць нам права вымаўляць гэтае слова. Але ж у дачыненні да Ігара Паліводы мне даводзілася яго чуць неаднойчы. Валерый Дайнека, які сябраваў з музыкантам падчас работы ў “Песнярах”, неяк сказаў, што да слова “геній” ставіцца вельмі беражліва, але ў поўнай меры адносіць яго да Ігара Паліводы. Усе, хто яго ведаў, у адзін голас гавораць, што гэта быў абсалютна ўнікальны чалавек з рэдкім, і не толькі музычным, дарам. Выдатны піяніст, аранжыроўшчык, кампазітар, ён захапляўся жывапісам, пісаў вершы, эсэ, раман, пакінуў дзённікі, якія сведчаць пра незвычайны літаратурны талент і цудоўнае пачуццё гумару. Калегі па “Песнярах” успамінаюць, з якім захапленнем Ігар працаваў над ансамблевай газетай, дзе яны жартавалі з сябе, дзяліліся праблемамі і проста тым, што было на душы. Ён цалкам аддаваўся ўсяму, што рабіў, а яшчэ лёгка і вытанчана сачыняў музычныя пародыі, імправізаваў… З пакалення ў пакаленне перадаюцца легендарныя гісторыі пра выступленні на папулярных калісьці кансерваторскіх “капусніках” знакамітага фартэпіяннага дуэта Ігар Палівода і Васіль Раінчык. Гэта былі бліскучыя імправізацыі, дзе перапляталіся мелодыі розных жанраў і эпох. Яны завяршаліся не толькі пад бурныя апладысменты, але і пад гучны смех публікі, якая цаніла дасціпнасць і арыгінальнасць імправізацыі. Сам Васіль Раінчык пра свайго сябра і калегу гаворыць, што “гэта самы лепшы музыкант, якога я сустракаў у жыцці, музыкант вышэйшага класа”. А яшчэ ўспамінаецца эмацыянальнае і трапнае выказванне Рыгора Барадуліна: “Палівода – роднай песні ваявода”. Так, нягледзячы на шырыню творчых інтарэсаў, кампазітар вядомы ў першую чаргу як аўтар многіх цудоўных песень. А яшчэ песенных спектакляў, якімі па праве можна назваць буйныя канцэптуальныя праграмы – поп-оперу “Максім” па Багдановічу, оперу-песню “Беларушчына” паводле Купалы, цыклы “Матчын спеў” на вершы Куляшова і “Нёман” на народныя словы. А яшчэ ў глыбока нацыянальнай музыцы Ігара Паліводы знайшла таленавітае, дасціпнае ўвасабленне творчасць знакамітага шатландскага паэта Роберта Бёрнса. Кантата “Вясёлыя жабракі”, напісаная для ансамбля “Песняры” яшчэ ў пачатку 80 гадоў, здзівіла нават калег і сяброў кампазітара. Настолькі па-майстэрску ў ёй перапляліся шатландскі фальклор, гумар, аптымізм і драматызм, што праз многа гадоў яны вырашылі вярнуцца да гэтага твора і надаць яму новае жыццё. Ідэя прыйшла да сябра Ігара Паліводы, скрыпача і аранжыроўшчыка Барыса Бернштэйна, які зараз жыве за акіянам. Ён, як кажуць, кінуў кліч, на які з розных куткоў свету адгукнуліся беларускія музыканты і не толькі тыя, хто ў розныя часы працаваў у “Песнярах”. Дзякуючы інтэрнэту, яны пераадолелі адлегласці і атрымаўся высакаякасны супольны праект, размешчаны на мемарыяльным сайце Ігара Паліводы і даступны для бясплатнага пампавання. Трэба аддаць належнае ўсім, хто абсалютна бескарысліва працаваў над гэтым музычным помнікам. Дзякуючы іх рабоце, імя кампазітара і яго спадчына не толькі не адыдзе ў мінулае, але, упэўнена, зацікавіць многіх знаўцаў ва ўсім свеце. Канешне, хацелася б, каб адрадзіліся да жыцця і іншыя творы Ігара Паліводы, найперш найцудоўнейшая поп-опера “Максім”. Многія яе лічаць самай значнай падзеяй не толькі ў творчасці самога кампазітара, але і ў гісторыі беларускай песні канца XX стагоддзя. Мяркую, у тым ліку таму, што ў ёй перапляліся мелодыі і вершы, якія напісаны сэрцам. У Ігара Паліводы няма званняў і рэгалій, але, упэўнена, што для многіх, асабліва маладых выканаўцаў, яго глыбокая эмацыянальная музыка – гэта і хрэстаматыя, і каштоўны матэрыял для творчасці, пазнання, выхавання душы.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: