
Апошні восеньскі тыдзень асаблівы тым, што праходзіць пад знакам асобы выдатнага Уладзіміра Караткевіча. Таленавітага творцы, патрыёта і... немагчыма не пагадзіцца – «сапраўднага стваральніка нашага нацыянальнага космасу». «Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто, – і тады пераможаш». Гэтая фраза з «Ладдзі роспачы» сама па сабе і натхняе, і кранае смелым выклікам, і заклікае да дзеяння…
Так, рамантычны парыў, што пранізвае многія творы пісьменніка, не пакідае раўнадушнымі. Звярну ўвагу на тыя, якія пакладзены на музыку.
Найперш – опера Дзмітрыя Смольскага «Сівая легенда», якая пераносіць нас у часы Вялікага Княства Літоўскага. Як вядома, менавіта Дзмітрый Браніслававіч натхніў Караткевіча на гэты жанр. Цікава, што спачатку работа над партытурай вялася без удзелу пісьменніка і наогул без лібрэта. Паводле слоў Дзмітрыя Смольскага, ён спачатку паказаў Караткевічу музыку. А той, паслухаўшы фрагменты, пагадзіўся напісаць лібрэта. Тады для даволі маладога кампазітара гэта было самай высокай ацэнкай. А ў гісторыі жанру стала, бадай, унікальным выпадкам. Бо оперы звычайна пішуцца на ўжо створанае лібрэта ў адрозненне, напрыклад, ад песень, дзе часта адбываецца наадварот – кампазітар піша мелодыю, а паэт, захоплены пэўнай ідэяй, складае тэкст.
Хаця, канечне ж, здараецца па-рознаму. Асабліва калі аўтар музыкі звяртаецца да творчасці класікаў. Дарэчы, на вершы Уладзіміра Караткевіча не так многа песень. Магчыма, таму, што глыбокая паэзія творцы патрабуе такога ж глыбокага ўвасаблення. Напэўна, даволі няпроста знайсці тое музычнае рашэнне, якое і адпавядала б канонам песеннага жанру, і захоўвала б дух першакарыніцы. Таму ў оперы Караткевіч гучыць больш пераканаўча.
Прэм’ера «Сівой легенды» адбылася ў 1978 годзе. Спектакль паставіў рэжысёр Сямён Штэйн. А ў 2012-ым публіцы была прапанавана другая адноўленая рэдакцыя. У новай пастаноўцы Міхаіла Панджавідзэ выкарыстаны сучасныя магчымасці тэатральнай сцэны, спецэфекты, што, безумоўна ж, уплывае на эмацыянальнае ўспрыманне. Атрымаўся экспрэсіўны спектакль, які, апрача ўсяго, уражвае магутнай энергетыкай.
Тое ж можна сказаць і ў дачыненні да яшчэ аднаго знакавага для нашай нацыянальнай культуры твора – оперы Уладзіміра Солтана «Дзікае паляванне караля Стаха». Яе пастаноўка ў 1989 годзе без перабольшвання стала сенсацыяй. Канечне ж, дзякуючы і таленавітаму сюжэту, і музыцы, якая выразна адлюстравала перапляценне розных ліній – гістарычнай, псіхалагічнай, фантастычнай. А яшчэ немалаважна і тое, што опера пісалася ў цесным кантакце з пастановачнай групай і выканаўцамі галоўных партый. Поспех гэтай вялікай калектыўнай працы пакуль што не пераўзыдзены. Поўныя залы, захопленыя водгукі прэсы і публікі, гучны паказ у Маскве на сцэне Вялікага тэатра...
А яшчэ хочацца ўспомніць сярэдзіну 90-ых, калі паказ оперы адбыўся на вольным паветры ў Траецкім прадмесці ў Мінску. Гэта падзея выклікала сапраўдны фурор і падкрэсліла магічную сілу твора. Яго не абмінуў сваёй увагай і славуты Яўген Глебаў. Магчыма, нямногія ведаюць, што яго знакамітае Адажыа з балета «Маленькі прынц» – гэта тэма вечнасці, напісаная для фільма Валерыя Рубінчыка «Дзікае паляванне караля Стаха».
Згадваючы творчасць Уладзіміра Караткевіча, не магу абмінуць і раман «Чорны замак Альшанскі». У тым ліку і таму, што ў пэўным сэнсе ён звязвае мяне з малой радзімай – Гальшанамі. Пісьменнік наведваў мястэчка і, паводле яго прызнанняў, менавіта ўражанні ад старажытнага замка, паданняў, легенд у многім паўплывалі на пошук захапляльнага літаратурнага сюжэта і непаўторнай атмасферы рамана. У 1984 годзе на экраны выйшаў аднайменны фільм Міхаіла Пташука, музыку да якога напісаў кампазітар Сяргей Картэс.
Што ж, як паказваюць час і вопыт, гістарычная тэма – гэта своеасаблівы Кландайк для таленавітых людзей, невычарпальная крыніца захапляльных сюжэтаў і тэм, якія, здавалася б, праз вечныя чалавечыя праблемы і каштоўнасці, нязменныя характары дапамагаюць раскрываць багацце нацыянальнай гісторыі і культуры. І не толькі нам, беларусам. Напрыклад, прыемна даведацца, што аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха» перакладуць на кітайскую мову. Выхад кнігі запланаваны на 2020 год да 90-годдзя пісьменніка.
А літаральна праз некалькі дзён, 30 лістапада, у Оршы, на радзіме ўпершыню пройдзе фестываль, прысвечаны Уладзіміру Караткевічу. У межах свята адбудзецца літаратурна-музычная імпрэза з удзелам спецыяльнага госця Сяргея Доўгушава. Вядомы музыкант таксама родам з Аршаншчыны. Ён рыхтуе цэлую праграму песень на вершы свайго славутага земляка.
Плануецца, што фестываль Уладзіміра Караткевіча стане штогадовым і ў наступным годзе пройдзе больш маштабна. Гэта цудоўная і нават неабходная ідэя! Таленавітая, філасофская, рамантычная спадчына творцы павінна быць як мага больш шырока адкрыта для ўсіх пакаленняў. Найперш таму, што прасякнута бязмежнай любоў да сваёй зямлі і людзей, якія на ёй жывуць. І канечне ж, таму, што кожны твор Уладзіміра Караткевіча дае багатую інфармацыю для роздуму на розныя тэмы. На мой погляд, адна з самых галоўных зашыфравана ўсё ў той жа «Ладдзі роспачы»: «Кожны чалавек носіць сваё неба з сабой!» Гэтымі некалькімі, здавалася б, такімі простымі словамі Уладзімір Караткевіч проста і пераканаўча прыадкрывае космас чалавечай душы.