Падзяліцца:
«Музычны дзённік. Сустрэча з сапраўдным мастацтвам заўсёды ў радасць!» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
12 жніўня 2019
«Музычны дзённік. Сустрэча з сапраўдным мастацтвам заўсёды ў радасць!» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё) Фінал лета ў культурным жыцці прынята лічыць мёртвым сезонам, але ж разнастайнасць падзей паказвае, што гэта не зусім так – ва ўсякім разе, апошнім часам. Дастаткова ў выхадныя дні трапіць у сэрца сталіцы Верхні горад і пераканацца, што ўсё ідзе сваім парадкам – артысты, музыканты ахвотна дораць сваё мастацтва гледачам, а публіка не менш ахвотна прымае гэтыя дары і адказвае гарачымі апладысментамі. Словам, жыццё віруе і нават выклікае жаданне перафразаваць класіка: «Лета – гэта свята, якое заўсёды з табой». Безумоўна, такое ўражанне складваецца найперш дзякуючы фестывалям на вольным паветры, якія ў нас імкліва развіваюцца, аб’ядноўваюць абсалютна розную публіку, становяцца і прыкметай, і часткай культурнага турызму. У пачатку жніўня мне неаднаразова давялося сустракаць сваіх замежных сяброў, якія аднолькава ахвотна былі адкрыты для розных прапаноў: і павандраваць па краіне, адкрыць для сябе гістарычную Беларусь і, як кажуць, патусавацца ў цэнтры сталіцы, адчуць хараство і музычную танальнасць вячэрняга Мінска. Варта адзначыць – нягледзячы на яе адмысловую каларыстыку, не ўся публіка гатова акунацца ў вадаварот масавай энергіі. Некаторыя з задавальненнем бавяць час у невялікіх канцэртных залах. Для паўнаты ўражанняў я прапанавала сваім замежным гасцям летнім вечарам зазірнуць у адну з маіх любімых – «Верхні горад». Шчыра скажу, пад уздзеяннем штампа наконт жнівеньскага мёртвага сезона аншлага не чакала. Таму была прыемна здзіўлена напоўненасцю залы і ўзрадавана ў тым ліку і таму, што хацелася, каб мае сябры канчаткова пераканаліся, што Мінск сённяшні – гэта прыгожая культурная еўрапейская сталіца. Прызнання не давялося чакаць доўга. Пасля канцэрта мы сядзелі ў адным з утульных кафэ, а госці, абсалютна зачараваныя, ахінутыя водарам кавы і свежай выпечкі, захапляліся і канцэртам, і вечарам, і горадам… А яшчэ аднадушна адзначалі, як ён імкліва мяняецца, расцвітае... І гэта не проста ветлівыя кампліменты. З пастаяннай перыядычнасцю, раз у некалькі гадоў наведваючы Беларусь, яны адразу заўважаюць тое, на што мы не звяртаем ўвагу, бо жывём тут пастаянна. Зноў жа, не законы ветлівасці, а шчырыя эмоцыі, атрыманыя пасля канцэрта, заахвоцілі нашых гасцей не проста рассыпацца ў кампліментах, але і запрасіць героя вечара выступіць на іх радзіме ў Германіі. Не ведаю, чым увянчаецца гэты парыў… Хацелася б, каб ён меў працяг, бо сапраўды, і праграма, і асоба музыканта, і яго майстэрства заслугоўваюць самай высокай адзнакі. Валерый Шмат вядомы большасці з нас, як заснавальнік і кіраўнік арт-групы «Беларусы», але ў той жнівеньскі вечар ён прапанаваў сольную арганную праграму, дзе не толькі іграў, але і спяваў, расказваў, разважаў… Валерыя я ведаю даўно і думала, што даволі нядрэнна, але гэты вечар у пэўным сэнсе аказаўся новым знаёмствам з глыбокім філосафам, асветнікам, рамантыкам, шматгранным музыкантам у лепшым сэнсе бязмежна прагным да творчасці, пазнання і пошуку. Яго сольная праграма – гэта не толькі, як прынята адзначаць, падарожжа па розных эпохах, стылях, краінах, але і па кутках чалавечай душы, у тым ліку і сваёй. Зрэшты, Валерый Шмат пазначыў гэта ў самым пачатку канцэрта. А яго душа ахапіла і музыку далёкай мінуўшчыны – старадаўні гімн Вялікага Княства Літоўскага «Багародзіца», творы Фрэскабальдзі, Баха, Альбіноні …і Малітвы Акуджавы «Пока земля ещё вертится», Фляркоўскага «Тысячи свеч». Няпроста ў межах адной праграмы ахапіць такую розную музыку, хаця і аб’яднаную агульнай эмоцыяй. Але ж адзін з самых важных нюансаў паспяховага дыялогу са слухачамі, гэта не толькі прафесіяналізм, веды, але і творчае сумленне, шчырасць, якія заўсёды адчувае як самая патрабавальная, так і непадрыхтаваная публіка. Што да мяне, то любы канцэрт звычайна я ўспрымаю і галавой, і сэрцам, так бы мовіць, халоднае ўраўнаважвае гарачае. Але ў гэтым выпадку сэрца аказалася больш чулым і перамагло. Бо… прабіла на слёзы, што са мной здараецца даволі рэдка. Было такое адчуванне, што я нібыта пабывала ў храме. Безумоўна, віной таму ўзнёслая музыка, якая ачышчае душу. Так ёсць, як бы пафасна гэта не гучала. І ўсё ж, не магу не аддаць належнае яе правадніку. Талент, веды, харызма, прафесіяналізм, майстэрства, творчая воля – гэтае спалучэнне пакідае ўражанне сустрэчы з яркай асобай і сапраўдным мастацтвам. А яна, як вядома, заўсёды ў радасць!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: