Падзяліцца:
«Музычны дзённік. Вялікае свята оперы, тэатра, стасункаў і адкрытасці!» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
26 Снежня 2018
«Музычны дзённік. Вялікае свята оперы, тэатра, стасункаў і адкрытасці!» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё) Снежань сапраўды месяц клопатны. У пераднавагодняй мітусні хочацца завяршыць усе справы, знайсці патрэбныя падарункі, упрыгожыць ёлку і, канечне ж, паспець сабраць уражанні. Афішы стракацяць яркімі колерамі, гучнымі імёнамі і назвамі. Але, я пераканана, па-за канкурэнцыяй усіх снежаньскіх падзей – міжнародны Калядны оперны форум. У Мінску ён прайшоў дзявяты раз. Адкрыўся прэм’ерай оперы Даніцэці “Дон Паскуале” з удзелам маладых артыстаў тэатра і, на думку многіх, стаў не толькі цікавым пачаткам свята, але і яркім маладзёжным праектам года. У межах форуму адбыліся паказы спектакляў “Тоска” і “Багема” Джакама Пучыні. Абодва творы адны з самых выконваемых у свеце. Цудоўная музыка, драматычная атмасфера, яркія вобразы, рамантычныя пачуцці, слёзы, пакуты, страсць, каханне і здрада… Словам, усё, як у жыцці… І, канечне ж, поспех і захапленне публікі! А яна, як вядома, заўсёды мае рацыю. Падзеяй форуму стаў і сольны канцэрт Вольгі Перацяцька – адной з самых вядомых і запатрабаваных оперных спявачак, зоркі сусветнай сцэны, якая падарыла мінскай публіцы шэдэўры папулярнай класікі. Адметна, што ў праграме форуму адзін з вечароў быў прысвечаны нацыянальнаму мастацтву. У праекце “Чатыры стагоддзі беларускай вакальнай музыкі” прагучалі творы Міхала Клеафаса Агінскага, Антонія Радзівіла, Станіслава Манюшкі… Яны ўвасобілі старонкі гісторыі нацыянальнай культуры. Але ж, творчая палітра форуму сама па сабе аб’яднала стагоддзі і мастацкія эпохі. Безумоўна, чаканай і па-ранейшаму інтрыгуючай падзеяй стаў чарговы прэм’ерны паказ оперы Рыхарда Штраўса “Саламея”. Ізноў мы атрымалі магчымасць не толькі паслухаць выдатную экспрэсіўную музыку, атрымаць асалоду ад цікавай пастаноўкі, таксама паразважаць на тэму чалавечай прыроды з усімі яе страсцямі і заганамі, якія не залежаць ад цывілізацый, а яшчэ і над ключавымі словамі галоўнай гераіні: “Таямніца кахання большая, чым таямніца смерці”. Для мяне прагляд спектакля стаў трэцім і чарговы раз пераканаў, што пастаноўка “Саламеі” – найбуйнейшая падзея і для тэатра, і для культурнага жыцця краіны. Зрэшты, як і сам оперны форум, а таксама міжнародны конкурс вакалістаў, што адбыўся ў яго межах пяты раз. Сёлета было заяўлена больш за 300 удзельнікаў, у Мінск прыехалі каля 170 маладых артыстаў з 18 краін. Конкурс прайшоў у тры туры. Апошні – у суправаджэнні Сімфанічнага аркестра. Фіналісты атрымалі цудоўную, нават унікальную магчымасць паказаць сваё мастацтва ў ансамблевых сцэнах разам з вядучымі салістамі Вялікага тэатра. Так, сярод партнёраў “Маладых галасоў сусветнай оперы” (менавіта так называлася праграма трэцяга тура) – народныя артысты Беларусі Уладзімір Пятроў, Анастасія Масквіна, Сяргей Франкоўскі. І гэта таксама сведчыць пра высокі статус конкурсу, гэтак жа як і прадстаўнічае журы – дырэктары оперных тэатраў, імпрэсарыа, музыканты з сусветнымі імёнамі. Але ж, як звычайна здараецца, не ўсе, хто сачыў за конкурсам, падзялілі іх меркаванні. Так, Гран-пры ўдастоена расійская спявачка, студэнтка Саратаўскай кансерваторыі Ксенія Несцярэнка. Але ж пасля выступлення ў трэцім туры амерыканкі Крыдл Ларэн Мішэль, якая стала лаўрэатам першай прэміі, Гран-пры Ксеніі выглядала своеасаблівым авансам. Падчас трэцяга тура Крыдл Ларэн Мішэль у дуэце з Уладзімірам Пятровым бездакорна выканала складаную сцэну з оперы Вердзі “Травіята”. Голас раскошнага тэмбру, артыстызм, экспрэсію, драматычны дар ацаніла і публіка, аддаўшы спявачцы прыз глядацкіх сімпатый. Высокі прафесійны ўзровень паказаў яшчэ адзін канкурсант з ЗША – барытон О'Хэнлон Эмет. Ён падзяліў трэцяе месца з беларускай спявачкай Анастасіяй Малашкевіч. Другое ў Дзмітрыя Іванчэя з Расіі. Конкурс завяршыўся, парадаваў яркай палітрай маладых галасоў, падарыў удзельнікам шанс паказаць не толькі вакальныя, але і акцёрскія здольнасці, што асабліва важна для артыстаў тэатра. Ну, а гледачы, слухачы атрымалі мора прыгажосці і, як бы банальна не гучала, сапраўднае свята душы. Безумоўна, гэта тычыцца не толькі конкурсу, але і ўсяго міжнароднага Каляднага опернага форуму, які завяршыўся грандыёзным гала-канцэртам зорак сусветнай сцэны. Варта пагадзіцца з галоўным рэжысёрам Вялікага тэатра Міхаілам Панджавідзе, які ў адным з інтэрв’ю сказаў: “Форум – выдатная магчымасць пазнаёміцца і сустрэцца маладым і вопытным артыстам. Гэта важная і пазітыўная падзея, нават не форум, а фестываль, бо гэта вялікае свята оперы, тэатра, стасункаў і адкрытасці”.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: