
Студзень, бадай, самы дзівосны месяц. Ён сімвалізуе пачатак года, а з ім новыя планы, мары, спадзяванні, якія падмацоўваюць шматлікія святочныя праграмы. Але ў гэтай разнастайнасці ёсць свае важкія акцэнты. Адзін з самых яркіх – XXXI Міжнародны фестываль класічнай музыкі “Студзеньскія музычныя вечары” ў Брэсце.
Сёлета форум сабраў больш за 200 артыстаў з 10 краін. Адкрыўся гала-канцэртам з удзелам салістаў опернага тэатра La Scala і Вялікага тэатра Расіі, якім акампаніраваў Сімфанічны аркестр Белтэлерадыёкампаніі пад кіраўніцтвам Аляксандра Сасноўскага. Паводле слоў удзельнікаў, маштабу свята могуць пазайздросціць некаторыя культурныя сталіцы Еўропы.
У свой час свята блаславіў сам Святаслаў Рыхтэр, пакінуўшы брэсцкім слухачам аўтограф: “Радасці ад праслухоўвання музыкі”. Гэтую радасць славуты піяніст дарыў даволі часта, бо наведваў Брэст васямнаццаць разоў. Дарэчы, і фестываль “Студзеньскія музычныя вечары” у пэўным сэнсе ўзнік дзякуючы знакамітаму піяністу.
Упершыню з канцэртам у Брэст Святаслаў Рыхтэр прыехаў у 1968 годзе. Сустракаць музыканта лёс выпаў педагогу музычнага вучылішча, цяпер дырэктару фестываля заслужанаму дзеячу мастацтваў Ліліі Батыравай. Іх першая сустрэча стала пунктам адліку трывалага і цёплага сяброўства, а фестываль “Студзеньскія музычныя вечары”, які яна заснавала ў 1989 годзе, - своеасаблівым адказам і творчым прывітаннем “Снежаньскім музычным вечарам”, што ўтварыліся па ініцыятыве Святаслава Рыхтэра ў Маскве ў пачатку 80-х гг. У тым ліку таму можна лічыць, што культурная аўра Брэста стваралася ў многім дзякуючы і славутаму піяністу. Гэта толькі пацвярджае думку, што ўздзеянне мастацтва на душы і розум людзей залежыць ад тых, хто яго стварае – ад таленавітых асоб.
На сённяшні дзёнь айчынную музычную культуру немагчыма ўявіць без імён Ігара Лучанка і Уладзіміра Мулявіна. Таму і канцэрт, што адбыўся 12 студзеня, у дзень нараджэння “Песняра”, атрымаў назву “Злучаныя часам”. У праграме, якую падрыхтаваў сімфанічны аркестр “OLYMPIA CLASSIC” на чале з мастацкім кіраўніком і дырыжорам Міхаілам Снітко прагучала Сімфонія “Песняры” Уладзіміра Ткачэнкі і песні Ігара Лучанка з рэпертуару залатога перыяду легендарнага калектыву.
Па праве можна сказаць, што імёны Мулявіна і Лучанка пераплецены ў адзінае творчае палатно. “Спадчына”, “Алеся”, “Мой родны кут”, “Жураўлі на Палессе ляцяць”, “Зачараваная” – гэта вяршыня нацыянальнай песеннай творчасці, дзякуючы і цудоўнай пранікнёнасці, і выдатнаму выкананню, і бездакорным інтэрпрэтацыям. Цікава, што Ігар Лучанок тлумачыў поспех гэтых твораў выразнымі мелодыямі, а Уладзімір Мулявін лічыў: калі тэкст не натхніць людзей на роздум, то ніякая мелодыя не выратуе песню. Што ж, абедзьве думкі маюць права на жыццё. Але толькі ў іх суладдзі магчыма нараджэнне сапраўднага мастацтва ў любым жанры. Яно непадуладна ні модзе, ні часу, ні фармату, ні іншым найноўшым тэндэнцыям. Крылы гэтых песень нібыта абдымаюць пакаленні, спалучаюць эпохі, таму што прасякнуты вечнымі каштоўнасцямі. Таму ўдвая цудоўна, што канцэрт стаў добрай традыцыяй.
Як вядома, нічога не ўзнікае на пустым месцы. За лепшымі дасягненнямі новай эпохі заўсёды асэнсаванне мінулага. У глыбіні стагоддзяў бярэ пачатак традыцыя правядзення баляў. Напрыклад, на ўсю Еўропу славіліся прыёмы, якія ладзіў у сваім палацы князь Караль Станіслаў Радзівіл па мянушцы Пане Каханку альбо знакаміты дзяржаўны дзеяч, дыпламат, кампазітар Міхал Клеафас Агінскі ў маёнтку Залессе.
Традыцыя сучасных баляў у Беларусі пачалася ў 2009 годзе, дзякуючы Нацыянальнаму акадэмічнаму Вялікаму тэатру. Сёлета ён прайшоў дзясяты раз. Мы зноў мелі магчымасць акунуцца ў дзівосную атмасферу прыгажосці, радасці, усмешак, эмацыянальнай лёгкасці. Здавалася б, сучаснага чалавека здзівіць няпроста. Але тым, хто працуе над зместам навагодняга балю, гэта ўдаецца заўсёды. Інтрыгай сёлетняга стаў сюжэт рамана Гастона Леру “Прывід оперы”.
Усё ж, нягледзячы на разнастайнасць праграмы, галоўнае на свяце – нават не танец, а музыка. Таму для меламанаў навагодні баль у Вялікім – сапраўдная радасць. Не толькі прыемнае баўленне часу, а далучэнне да высокай культуры, у тым ліку і культуры адносін.