Падзяліцца:
На Гомельшчыне пачалі выпускаць унікальны для Беларусі прадукт – кашэрнае мяса (аудыё)
4 красавіка 2017
На Гомельшчыне пачалі выпускаць унікальны для Беларусі прадукт – кашэрнае мяса (аудыё) Яго пакупніком стане дзяржава Ізраіль. Незвычайным бізнесам займаецца прыватнае прадпрыемства, якое не так даўно з'явілася ў Буда-Кашалёўскім раёне. На мясакамбінаце, што не мае аналагаў у СНД, пабывала наш карэспандэнт.

Кожны прававерны яўрэй павінен ведаць і выконваць законы кашруту – зводу правілаў. Яны датычацца ў першую чаргу прадуктаў харчавання. Кашэрная ежа павінна быць натуральнай. Ужываць дазваляецца не ўсе прадукты. Напрыклад, мяса можна есці толькі жывёл з раздвоенымі капытамі і здольнасцю жаваць. Ёсць і іншыя строгія правілы. Каб адпавядаць ім, прыватнаму прадпрыемству з Буда-Кашалёва давялося мадэрнізаваць магутнасці. Аўтаматызаваныя лініі па абвалцы сыравіны здольныя вырабляць да 50 тон мяса ў змену, халадзільныя - захоўваць 300 тон адначасова, гаворыць прадстаўнік кампаніі Таццяна Бяляева.
«У цэху забою створаны новыя працоўныя месцы, якія патрабаваў ізраільскі бок. Таксама мы абсталявалі некалькі новых халадзільнікаў, дзе будзе захоўвацца толькі кашэрнае мяса. А яшчэ ў Францыі заказалі лінію ўпакоўкі, якая дазволіць захоўваць прадукцыю для рэалізацыі 35 дзён».

Першы забой жывёл для адгрузкі кашэрнай ялавічыны на экспарт адбыўся ў прысутнасці рэлігійных прадстаўнікоў Ізраіля. Кашэрныя тавары адрозніваюцца высокімі патрабаваннямі да якасці. Стопрацэнтную рэалізацыю прадукцыі на экспарт запланавалі яшчэ на стадыі падрыхтоўкі праекта. Аб'ём адгрузкі прадукцыі складзе прыкладна 28 тон за суткі. Прадпрыемства заключыла кантракт з ізраільскай фірмай, якая мае шматгадовы вопыт паставак кашэрнага мяса з Еўропы, адзначае прадстаўнік ізраільскай фірмы-імпарцёра Йонатан Магільніцкі.
«Узровень у яго вельмі высокі. І яно падыходзіць для Ізраілю, мы думаем, будзе не горшым, чым Іспанія і Польшча».

Прадпрыемства стварыла 150 працоўных месцаў. Работнікі - у асноўным жыхары Буда-Кашалёва. Сярэдняя зарплата ў мінулым месяцы склала 1000 рублёў. Праект стаў вынікам дамоўленасцей, дасягнутых падчас Гомельскага эканамічнага форума. Работай з мясцовымі ўладамі заснавальнікі задаволеныя. Ад ідэі да выпуску першай прадукцыі прайшоў год. Для такога маштабу справы – гэта невялікі тэрмін.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: