Падзяліцца:
«Наш офіс – у небе». Сакрэты прафесіі бортправадніка – у праграме «Рынак працы» (аудыё)
12 Ліпеня 2017
«Наш офіс – у небе». Сакрэты прафесіі бортправадніка – у праграме «Рынак працы» (аудыё) Самалёты дазваляюць хутка перамяшчацца на вялікія адлегласці і дапамагаюць трапіць у цяжкадаступныя месцы. Менавіта таму ў сферы авіяцыі чакаюцца значныя тэхналагічныя прарывы. Авіятранспарт стане больш даступным і разнастайным - цяпер актыўна развіваецца малая грамадзянская авіяцыя, а ў бліжэйшыя 10-15 гадоў могуць з'явіцца лятальныя апараты, па кошце супастаўныя з аўтамабілем. Будзе актыўна развівацца беспілотная авіяцыя. У гарадах аўтаномныя лятальныя апараты змогуць прымяняцца для дастаўкі грузаў, пры будаўніцтве, для кантролю за рухам і бяспекай. А ў цяжкадаступных раёнах для тушэння лясных пажараў ці дастаўкі неабходных грузаў. Рост «нябеснага трафіку» запатрабуе больш развітых сістэм дыспетчарскага кантролю і новых прафесій, якія з’явяцца пасля 2020 года. Напрыклад, праекціроўшчык інтэрфейсаў беспілотнай авіяцыі. Гэта будзе спецыяліст па распрацоўцы праграмнага тэхналагічнага пакета для кіравання беспілотнымі лятальнымі апаратамі. Яго абавязкі - адказваць за праграміраванне і работу сістэм забеспячэння, навігацыі і бяспекі беспілотнікаў. Вось яшчэ адна: распрацоўшчык інтэлектуальных сістэм кіравання - прафесіянал, які займаецца распрацоўкай рашэнняў для кіравання рухам у паветранай прасторы гарадоў і рэгіёнаў з інтэнсіўным рухам. А зараз пагаворым пра рэальную прафесію. 12 ліпеня сваё свята - Сусветны дзень бортправадніка грамадзянскай авіяцыі - адзначаюць прадстаўнікі адной з самых рамантычных прафесій у свеце. Яны нам вядомыя як сцюардэсы і сцюарды. Прайсці навучанне, адлятаць 30 гадзін у паветры - і допуск у неба атрыманы! Вольга Паўлюк больш за пяць гадоў таму стала бортправадніком авіякампаніі «Белавія», а да гэтага працавала настаўнікам англійскай мовы ў адной са сталічных гімназій. Прафесія сцюардэсы для Вольгі стала звычайнай справай: «Як усе людзі сядзяць у офісе, а наш офіс - у небе! Я была ва ўсіх краінах, куды лятае авіякампанія «Белавія». Мой арганізм прывык да гэтага досыць хутка. Я асабліва не адчувала нейкага дыскамфорту ад змены нават графіка працы. Ён кардынальна памяняўся, і мне такі графік імпануе больш, чым пяцідзёнка ў школе. У нас графік: з сямі працоўных дзён мы пяць дзён лятаем, два павінны быць выхаднымі. Першы палёт - Ізраіль. Гэта быў начны рэйс. Было дастаткова складана. Памятаю, прыехала дадому і не магла заснуць. Уражанняў было шмат! У мяне ўсё атрымлівалася, пасля рэйса былі толькі станоўчыя эмоцыі». Каб стаць сцюардэсай і праводзіць па некалькі гадзін у дзень на вышыні дзесяць тысяч метраў, трэба мець сярэднюю або вышэйшую адукацыю, адпаведнае медыцынскае заключэнне і валодаць адной ці некалькімі замежнымі мовамі. Узрост – ад 18 гадоў. Акрамя таго, ёсць патрабаванні і да знешняга выгляду: «Чалавек прыемнай знешнасці, камунікабельны, добразычлівы, ён павінен умець размаўляць з людзьмі і любіць людзей, якімі б яны ні былі. Таксама вельмі дапамагае ў нашай працы пачуццё гумару, якім можна вырашыць большасць пытанняў, якія ўзнікаюць на борце. Прафесія бортправадніка ўключае ў сябе мноства прафесій. Псіхолага, вядома. Пасажыры ў нас вельмі нервовыя, 80 працэнтаў з іх баяцца лётаць. Імкнешся дапамагчы. Дзесьці з жартам, дзесьці з упэўненым выглядам». На борце самалёта ёсць свае правілы: абодва пілоты ўжываюць розныя стравы, каб не атруціцца разам, а сцюардэсы правяраюць стан экіпажа кожныя паўгадзіны, ноччу - раз у 15-20 хвілін. Часам палёты праходзяць зусім рамантычна, - гаворыць Вольга Паўлюк: «Нядаўна камандзір экіпажа зрабіў прапанову сваёй даме. Яна таксама бортправадніца. Пры пасажырах, яны ляцелі разам, у адзін рэйс. Яна не здагадвалася ні аб чым, што нешта будзе, а экіпаж ўвесь ведаў». На сёння гэта ўсё. Рамантычных палётаў і незабыўных пейзажаў за акном!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: