Падзяліцца:
«Навацыі – толькі на карысць. Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)
26 Жніўня 2019
«Навацыі – толькі на карысць. Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё) Літаральна праз тыдзень – у школу! Больш за мільён вучняў сядуць за парты і, думаю, многім будуць даспадобы тыя змены, якія чакаюцца ў раскладзе заняткаў. Напрыклад, толькі адна кантрольная ў дзень. І не ў пятніцу, і не на апошнім уроку. А вось фізкультура можа стаяць апошнім ці першым урокам. Наогул тыднёвы расклад павінен будавацца так, каб дзеці менш стамляліся. Для малодшых школьнікаў самымі складанымі могуць быць аўторак і серада, а з 5-га класа яшчэ і пятніца. Як жа гэта вызначаецца? Школьныя псіхолагі і педагогі сцвярджаюць: ёсць прадметы, якія патрабуюць максімальнай уважлівасці і канцэнтрацыі. Для малодшых школьнікаў гэта матэматыка і мовы – беларуская, руская, замежная. У сярэдняй школе дадаюцца фізіка і хімія. Таму такія ўрокі павінны часцей стаяць у раскладзе другімі ці трэцімі. Яшчэ адна навацыя, замацаваная нядаўняй пастановай урада: толькі ў першую змену павінны вучыцца першакласнікі, а таксама вучні другіх, пятых, дзявятых, дзясятых і адзінаццатых класаў. Ёсць змяненні і ў тыповым вучэбным плане агульнай сярэдняй адукацым на новы навучальны год, што зацверджаны Міністэрствам адукацыі. Напрыклад, з праграмы 9-га класа знікла чарчэнне, яго вывучэнне перанесена ў 10-ты клас у якасці звычайнага ўрока, а не факультатыва, і пачнецца толькі з наступнага навучальнага года. Адваротны шлях у геаграфіі, яе будуць вывучаць у 9-м класе замест 10-га. Таксама ў дзевяцікласнікаў з’явіцца такі ўрок, як “Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)”. Гэты “прыгожы” прадмет пачнуць выкладаць з 5-га класа. І яшчэ навацыі для дзевяцікласнікаў. Яны змогуць вывучаць асобныя прадметы на павышаным узроўні. Раней такая магчымасць была толькі ў 8-м, 10-м і 11-м класе. Такі важны прадмет, як “Асновы бяспечнай жыццядзейнасці” будуць вывучаць з 2-га па 5-ы клас. А 11-класнікаў чакае працяг урокаў працы. З’явіліся змены і ў тэматычных планах асобных прадметаў. Некаторыя тэмы па фізіцы перанесены з 7-га ў 9-ы клас, павялічаны час на замацаванне матэрыялу і рашэнне задач па матэматыцы. Упэўнена, што дзевяцікласнікам спадабаюцца і сучасныя падручнікі з дадатковай рэальнасцю, дзе з дапамогай спецыяльнага дадатку на смартфоне можна “ажывіць” ілюстрацыі, напрыклад, хімічную рэакцыю ці фізічны эксперымент і нават стаць удзельнікам віртуальнай экскурсіі на ўроку мастацтва. Дый усе новыя падручнікі ярка ілюстраваныя, інфармацыя ў іх у цікавай даходлівай форме – схемы, табліцы, дыяграмы, а спецыяльныя сімвалы, як навігацыя, адсылаюць вучняў да іншых інфармацыйных рэсурсаў у інтэрнэце. А ўсяго да новага навучальнага года з’явяцца 73 новыя вучэбныя выданні, 48 з іх ужо надрукаваны і чакаюць сваіх гаспадароў. Толькі для дзевяцікласнікаў выдадуць 18 навучальных дапаможнікаў. І, як сцвярджаюць у профільным міністэрстве, усе яны распрацаваны на конкурснай аснове, прайшлі псіхолага-педагагічную экспертызу і рэцэнзаванне. А змест адпавядае ўзроставым пазнавальным магчымасцям вучняў. І яшчэ адзін немалаважны аспект – наяўнасць матэрыялаў з беларускім кантэкстам. Яшчэ на стадыі напісання вучэбнай літаратуры для школы аўтарам было рэкамендавана уключаць у задачы і практыкаванні інфармацыю пра нашы славутасці, дасягненні айчыннай навукі, спорту, прамысловасці. У актыве выдавецтва “Народная асвета” – 19 найменняў падручнікаў для агульнаадукацыйных школ і 4 – для спецыяльных школ, чатыры дадапожнікі шрыфтам Брайля. І што прыемна адзначыць – упершыню распрацаваны і выпушчаны беларускі буквар шрыфтам Брайля для дзетак з асаблівасцямі развіцця зроку. Усе гэтыя навацыі – складнікі паэтапнага абнаўлення зместу агульнай сярэдняй адукацыі. Яно пачалося чатыры гады таму. І за гэты час былі перагледжаны адукацыйныя стандарты, вучэбныя планы і праграмы, акрамя новых падручнікаў з’явіліся новыя вучэбна-метадычныя дапаможнікі. Наколькі гэтыя і іншыя навацыі павысяць якасць адукацыі і разгрузяць праграму, стане зразумелым пазней. Але пры ўсім удасканаленні навучальнана працэсу важна захаваць галоўнае – каб школа была для кожнага вучня цёплым і ўтульным домам, куды радасна ісці, дзе цікава вучыцца і набываць жыццёва важныя веды. Я так думаю, а вы?
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: