
«Хто валодае інфармацыяй, той валодае светам». Гэты крылаты выраз, які пайшоў ад заснавальніка банкаўскай дынастыі Натана Ротшыльда, вядомы, бадай, кожнаму. І хаця аўтар прымяніў яго для сферы бізнесу ў далёкім ХІХ стагоддзі, сэнс застаецца актуальным і сёння.
Сапраўды, у наш час інфармацыйных тэхналогій і развіцця сферы інфармацыйных паслуг, сама інфармацыя становіцца самастойным фактарам вытворчасці і ледзь не галоўнай каштоўнасцю. Прычым, яе колькасць расце з вялікай хуткасцю кожны дзень. Каманда з універсітэта Паўднёвай Каліфорніі падлічыла, што сёння чалавек атрымлівае ў 5-6 разоў больш інфармацыі, чым 30 гадоў таму. А па даных Інстытута камунікацыйных тэхналогій кіравання, сучасны чалавек спажывае штогод інфармацыі абёмам каля 9 зэтабайт. Для параўнання: калі адзін байт — гэта пяшчынка, то такая колькасць інфармацыі больш у 100 разоў, чем колькасць тых жа пясчынак на пляжах усяго свету.
Такая тэматычна разнастайная інфармацыя — станоўчая і адмоўная, карысная і не вельмі, змястоўная і пустая, нарэшце, праўдзівая ці лжывая, паступае да нас з мноства крыніц. Як не разгубіцца ў гэтым патоку, як вылучыць галоўнае, важнае? Тут на першы план выходзяць масмедыя, традыцыйныя — газета, радыё, тэлебачанне, і новыя, сучасныя — інтэрнэт-выданні. Гэта іх роля — інфармаваць сваю аўдыторыю, быць для яе аўтарытэтам. І перад журналістамі, якія працуюць зараз ў сродках масавай інфармацыі і камунікацыі, стаіць як ніколі адказная задача: даць свайму карыстальніку важную і, галоўнае, праўдзівую, а не фейкавую інфармацыю.
Я памятаю час, калі гаварылі «радыё сказала!» – і гэта быў поўны давер слухача. Давер, падмацаваны гадамі напрацаванага аўтарытэту, які, прыемна адзначыць, захаваўся і дагэтуль. Не буду галаслоўнай, прывяду прыклады. Не так даўно ў службовым кабінеце раздаўся тэлефонны званок: усхваляваны голас жанчыны просіць зачытаць прагноз надвор’я, які прагучаў у выпуску навін. Маўляў, не паспела пачуць, а неабходна тэмінова вырашыць, ці ехаць на дачу ўхутваць ружы, калі будуць замаразкі. Прагноз зачытала і не ўтрымалася, спыталася ў слухачкі, чаму да нас звяртаецца, калі ёсць інтэрнэт, іншыя радыёстанцыі? Адказала проста: слухаем вас пастаянна і вам давяраем.
Шмат шчырых слоў падзякі атрымалі мы ад вас, дарагія слухачы, у дзень нараджэння Беларускага радыё, 15 лістапада. У паштоўках, па тэлефоне, падчас прамых эфіраў, у сацыяльных сетках.
Пра высокі градус даверу да Беларускага радыё сведчыць і папулярнасць творчых конкурсаў, якія праводзіць Першы нацыянальны канал. Напрыклад, літаратурны праект-конкурс «Бацькаўшчына светлая мая», прысвечаны Году малой радзімы, сабраў 868 заявак ад 346 аўтараў. Канкурсанты розных узростаў з усіх рэгіёнаў Беларусі спаборнічалі ў дзвюх намінацыях «Паэзія”» і «Эсэ».
Нязменны поспех і ў Рэспубліканскага творчага радыёконкурсу «Маладыя таленты Бларусі». Восьмы па ліку сабраў 400 канкурсантаў, не менш будзе, думаю, калі аб’явім старт 9 конкурсу. А пра яго высокі ўзровень сведчыць і такі факт: дваццаць лаўрэатаў нашага конкурсу, салісты і музычныя калектывы, адзначыны стыпендыямі і прэміямі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі.
Мая калега Валянціна Стэльмах кожную пятніцу у сваім радыёблогу «Звычайныя гісторыі» знаёміць з пісьмамі нашых слухачоў, якія прыходзяць да нас і па пошце, і праз сучасныя сродкі камункацыі. У кожным — шчыры аповед, дарагія старонкі жыцця, памятныя сустрэчы, нават патаемныя думкі і жаданні. Ці гэта не давер да радыё, да Першага нацыянальнага канала?!
І калі студэнты з факультэта журналістыкі БДУ пытаюцца, як у сённяшніх умовах канкурэнцыі ў медыйнай прасторы заставацца папулярным, я адказваю проста: крытэрый тут адзіны — браць на ўзбраенне галоўны пастулат медыкаў «не нашкодзь». Не хочацца гаварыць штампамі, але тут да месца ўзгадаць, што слова — тая ж зброя, якая можа параніць, забіць, абразіць і ўзвысіць чалавека, і нават распаліць вайну. Прыкладаў, на жаль, нямала.
Дарэчы, той жа Натан Ротшыльд лічыў: чалавек, які першым авалодае важнай інфармацыяй, мае вялікую перавагу перад іншымі і можа яе выкарыстоўваць ў сваіх мэтах для вырашэння любых сваіх задач. І гісторыя сведчыць, што ён так і рабіў. Вядомы факт: падчас бітвы Напалеона пад Ватэрлоа банкір нейкім чынам даведаўся аб яго паражэнні, але ў сваіх колах паведаміў адваротнае і пачаў хуценька прадаваць свае акцыі. Іншыя ўладальнікі каштоўных папер паверылі яму і рушылі ў след, акцыі пачалі абясцэньвацца, а Ротшыльд таемна іх скупаў па нізкім кошце. Гаворачы сучаснай мовай, хітры банкір выкарыстаў фейк у сваіх карыслівых мэтах, але пры гэтым пацярпелі іншыя людзі.
Мне, як журналісту і проста чалавеку, не даспадобы такія «гульні з інфармацыяй». Як у мінулы час, так і зараз. А як лічыце вы?