Тэма Вялікай Айчыннай вайны ў беларускай літаратуры – гэта, можна сказаць, асобны кантынент, на якім мы знойдзем імёны вельмі многіх пісьменнікаў. Шмат твораў, народжаных у другой палове ХХ стагоддзя, так ці інакш звязаны з вайной. Нездарма беларускую літаратуру часам называлі ваеннай літаратурай.
У фондах Беларускага радыё захоўваюцца сотні радыёспектаклей і пастановак, зробленых паводле мастацкіх твораў пра Вялікую Айчынную вайну. Тут можна назваць такія вядомыя імёны ў літаратуры, як Кастусь Губарэвіч, Аркадзь Маўзон, Кузьма Чорны, Іван Мележ, Іван Шамякін, Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч, Андрэй Макаёнак, Іван Чыгрынаў, Аляксей Дудараў ды іншыя. У кожнага з іх – свой мастацкі спосаб адлюстравання тых трагічных падзей ХХ стагоддзя, але адна праўда пра Вялікую Перамогу, якая забрала кожнага трэцяга беларуса…
У “Тэатры Беларускага радыё” да Дня Перамогі прагучаць:
5 і 6 мая - радыёспектакль “Трывожнае шчасце” паводле аднайменнай пенталогіі народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна. Рэжысёр Марына Троіцкая. У галоўных ролях Пятра Шапятовіча і Сашы Траянавай – народны артыст СССР Віктар Тарасаў і народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч. Год запісу – 1961.
7 і 8 мая - радыёкампазіцыя спектакля Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа “Вайна пад стрэхамі” паводле аднайменнага рамана пісьменніка Алеся Адамовіча. Рэжысёр-пастаноўшчык – Юрый Шчарбакоў. У галоўнай ролі Ганны Міхайлаўны Корзун – народная артыстка Беларусі Галіна Маркіна. Год запісу – 1968.
9 мая – радыёспектакль “Жураўліны крык” паводле аднайменай аповесці народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Аўтар інсцэніроўкі для радыё і рэжысёр Соф’я Гурыч. Год запісу – 1965-ы. А потым слухайце радыёкампазіцыю “Гадоў трывожных наплываюць крыгі…” паводле ваенных твораў Рыгора Барадуліна, Аркадзя Куляшова, Васіля Быкава ў выкананні заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Рагаўцова і артыста Вячаслава Галузы. Год запісу – 2004.
10 мая – радыёспектакль “Млечны Шлях” паводле аднайменнага рамана пісьменніка Кузьмы Чорнага. Аўтар інсцэніроўкі для радыё – Пятро Васючэнка, рэжысёр-пастаноўшчык Алег Вінярскі, музыка Уладзіміра Саўчыка, гукарэжысёр Валерый Бяляеў, рэдактар Галіна Шаблінская. У галоўных ролях -- артыст Аляксандр Гарцуеў, народны артыст СССР Генадзь Аўсяннікаў, народны артыст Беларусі Віктар Манаеў. Год запісу – 2014.