Падзяліцца:
13 Мая 2019

5-ты кінафестываль “Паўночнае ззянне” праходзіць у Мінску. Сёння ў праграме –ісландскі дакументальны фільм “Маленькая Масква” і дацкая стужка “Вакацыі”, паказы - ў кінатэатры “Мір”. Там жа адбудзецца дыскусія з удзелам рэжысёра Ізабэлы Эклёф. А наш карэспандэнт Аляксандр Шустэр сустрэўся з галоўнай зоркай фестывалю – актрысай, мадэллю і спявачкай Нукакай, уладальніцай тытула Міс Грэнладыя, а да ўсяго яшчэ  і жонкай знакамітага акцёра Нікалая Костэр-Вальдау. 


- Прывітанне, Нукака. Як вам у Беларусі?

- Мая англійская мова не вельмі добрая, таму буду гаварыць на грэнландскай… (некалькі сказаў па-грэнландску)

nukaka1.jpg

- Нічога не зразумела, але  гучыць як песня.

- Я прыляцела ўчора і вельмі шчаслівая быць тут, на прэм’еры фільма. Не, я не хвалююся. Калі людзям не спадабаецца стужка – што ж, гэта нармальна, яны могуць выйсці з залы падчас сеансу. Але калі яе палюбяць хаця б некалькі чалавек, я буду рада. Мне падаецца, што кінаіндустрыі ў Грэнландыі і Беларусі маюць шмат агульнага, і мы можам натхняць адно аднаго.

- А колькі фільмаў за год здымаюць у Грэнландыі?

- Калі казаць пра мастацкія фільмы – я думаю, адзін. Але яшчэ шмат кароткаметражных і дакументальных. У нас ёсць свой міжнародны фестываль, ён праходзіць раз на два гады. А фільм “Аноры”, які паказваюць у Мінску, усяго толькі другая стужка, што дэманструецца за межамі Грэнландыі. Так што мы вельмі маладыя, і пакуль навічкі ў кінаіндустрыі. Канешне, шмат людзей з вялікімі грашыма прыязджаюць да нас здымаць фільмы. Але гэта іх фільмы, а нам хочацца расказваць нашы гісторыі. Або хаця б быць уцягнутымі ў працэс, каб вучыцца.

- Фільмы, песні, подыум… У вас настолькі бліскучая і шматпланавая кар’ера, што я не магу не спытаць: ці прыходзілася выбіраць паміж ёю і сям’ёй?

- Я заўсёды выбіраю сям’ю. І калі маёй сям’і гэта не падыходзіць, я адмаўляюся ад праектаў. Але калі я адгукаюся на кліч сэрца, і мае дзеці бачаць гэта – для іх гэта таксама добрая навука як здзяйсняць свае мары.

- Ваш муж Нікалай – адна з галоўных зорак самага папулярнага на сёння серыяла. Ці ўдалося вам даведацца ў яго, чым скончыцца “Гульня тронаў”?

- Я не гляджу “Гульню тронаў”, таму не магу вам выдаць гэты сакрэт. Канешне, гэтае шоў дала нам больш фінансавай свабоды, а людзі на вуліцах сталі спыняць майго мужа, каб сфатаграфавацца і ўзяць аўтограф. І мне спатрэбіўся час, каб прывыкнуць да гэтага. Але наш унутраны свет не змяніўся. Я лічу важным заставацца сабой, нават калі прыходзіць поспех – бо невядома, колькі ён будзе доўжыцца.

- Няхай не на жалезным троне, але "каралевай" вы ўсё ж пабывалі. Ці змяніў ваша жыццё тытул Міс Грэнландыя?

- Зусім не. У Грэнландыі гэта не вялікі конкурс. Я была маладой, мне было сумна, і я ўдзельнічала проста для забавы. Галоўным прызам быў снегаход, і я выйграла яго!

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: