- Галоўная
- /
- Навіны
- /
- Оскар-2019: Рэвалюцыя, якая не адбылася. Кропкі над “і”. Блог Аляксандра Шустэра (аўдыё)
- Оскар-2019: Рэвалюцыя, якая не адбылася. Кропкі над “і”. Блог Аляксандра Шустэра (аўдыё)
Як бы кампрамісна не выглядалі сёлетнія намінацыі (глядзі блог“Да чаго дакаціўся Оскар”), трэба прызнаць: размеркаванне ўзнагарод атрымалася амаль ідэальным. Лэдзі Гаге – за лепшую песню, “Чорнай пантэры” – за касцюмы, “Уладзе” – за грым. У сур’ёзных намінацыях гэтыя, на маю думку, не самыя выбітныя фільмы, нічога не атрымалі.
Уручэнне галоўнага прыза, на першы погляд, цалкам у трэндзе апошніх гадоў - сумаванне ўсіх тыпаў меншасцяў па эпосе татальнай паліткарэктнасці часоў Абамы. Але Оскар “Зялёнай кнізе” – гэта яшчэ і даніна памяці залатой эры Галівуда, дзе было месца палітычным і вострасацыяльным выказванням, але падаваліся яны, як правіла, у выглядзе каляднай гісторыі. Фільм Пітара Фарэлі – класічны роуд-муві, а як мы ведаем, “дарога – гэта адзіная рэч, якая існуе”.
Яна зводзіць двух непадобных герояў, якія ледзь трываюць адно аднаго і жывуць стэрэатыпамі пра “чорных” і “белых”, інтэлігенцыю і рабочы клас, “мачызм” і “маньерызм”. У канечным пункце брутальны ахоўнік і вытанчаны піяніст перагледзяць свае жыццёвыя прынцыпы і апынуцца за адным калядным сталом – гэта канон, а не адсутнасць інтрыгі. Усё хараство - у прыгодах, яны – смешныя і сумныя, простыя і алегарычныя, натуральныя і не зусім праўдападобныя - галоўнае, што дорыць нам дарога. Свайго роду “наглядны дапаможнік” пераўтварэння персанажаў – лісты, якія адпраўляе жонцы персанаж Віга Мортэнсана. Спачатку гэта проза жыцця – “дзе жыў, што еў”, пасля – такая “паэзія”, што сяброўка адрасаткі не можа стрымаць замілавання і просіць мужа, які сядзіць побач (мой любімы эпізод), напісаць ёй такі ліст.
Рэжысёр і прадзюсар Пітар Фарэлі ў 90-я разам з братам здымаў камедыі, якія лічыліся сінонімам дрэннага густу і туалетнага гумару, але з часам, як той жа “Тупы і яшчэ тупейшы”, сталі амаль класікай. Зрэшты, “Зялёная кніга” многае атрымлівае ў спадчыну. Прынамсі – агульны настрой і крыўлянні Джэфа Дэніэлса, на якога тут вельмі падобны Віга Мортэнсан. Але эвалюцыя заўважная няўзброеным вокам – жарты “ніжэй пояса” і гэгі засталіся, але іх набор – больш не галоўная адметнасць, а аздабленне.
Хоць “Зялёная кніга” і працягвае тэму “Формы вады” і “Месяцовага святла”, да (таксама ўмоўнай) радыкальнасці зместу першай і формы другога ёй далёка, што зусім не мінус – новаспечанага лаўрэата можна рэкамендаваць без асаблівых абмежаванняў. Гэта такое ж дружалюбнае да гледача кіно, як тая ж “Багемская рапсодыя”. Што не скажаш пра некаторых іншых намінантаў, магчымая ўзнагарода якіх магла б стаць рэверансам кінаакадэмікаў у бок па-першае, аўтарскага, па-другое, негалівудскага кіно.
Хоць у іх не надта верылася, размовы пра гэта былі. Колькасць намінацый брытанскай “Фаварыткі” ад рэжысёра-грэка і мексіканскай “Ромы” (ды яшчэ і знятай на грошы стрымінгавай платформы “Нэтфлікс”) намякалі ці то на адсутнасць прарокаў, ці то на прызнанне крызіса, перш за ўсё – ідэйнага - традыцыйнай індустрыі. Мексіканцы, што праўда, даўно ў пашане (падлічыце “Оскары” Альфоса Куарона, Гільерма дэль Тора, Эмануэля Любецкі і Алехандра Іньярыту). Але тое ўсё ж было, так бы мовіць, “сістэмнае” кіно, з амерыканскімі прадзюсарамі (якія, уласна кажучы, і атрымоўваюць Оскар за лепшы фільм) і галівудскімі зоркамі (Клуні, ДзіКапрыа, Кітан).
“Рома” – прынцыпова іншы выпадак. Гэта чорна-белая стужка з невядомымі і непрафесійнымі акцёрамі і прэтэнзіяй на высокі ўзор аўтарскага кіно. Яна перамагла ў Венецыі (што больш пасуе такой карціне) і выйграла ў катэгорыі “лепшы фільм на замежнай мове”; прынесла дзве статуэткі асабіста Афльфонса Куарону за рэжысуру і аператарскую работу. “Рому” можна назваць прыквелам фільма “І тваю маму таксама”, або мексіканскім “Люстэркам”, але і Таркоўскаму - зразумела, і нават самому сабе пачатку стагоддзя Куарон, як мне здаецца, прайграе.
Падобная сітуацыя і з грэкам Ланцімасам. Яго першыя карціны, не адзначаныя оскараўскімі намінацыямі, былі больш самабытнымі і радыкальнымі. “Фаварытка” – касцюмнае кіно, знятае па чужым сцэнарыі і мэйнстрымна-феміністычнае настолькі, што адразу тры актрысы прэтэндавалі на перамогу; Алівіі Колман і дасталася ўзнагарода. Яе прамова (па ўсім відаць – непадрыхтаваная), а таксама рэакцыя Эмы Стоун – тыя шчырыя эмоцыі, на якія не была багатая ў цэлым прадказальная цырымонія.
Рэвалюцыі не адбылося, няхай жыве кампраміс. Амерыканская Акадэмія ў роздуме, але пакуль не спяшаецца ні поўнасцю перайсці на тэрыторыю зусім ужо масавага кіно, ні аддаць перавагу аўтарскаму.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: