Падзяліцца:
14 сакавіка 2017
Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання вынесла на грамадскае абмеркаванне праект закона аб арганічным земляробстве. Што гэта за дакумент? У ім вызначаецца паняцце, што такое арганічнае земляробства, Есць і патрабаванні да вытворчасці і абарачэння такой прадукцыі. Так, пры ажыццяўленні арганічнай вытворчасці плануецца забараніць, удакладняю - забараніць! - выкарыстанне хімічна сінтэзаваных рэчываў (за выключэннем неабходнасці лячэння жывёл), а таксама выкарыстанне кармавых дабавак, ветэрынарных прэпаратаў, сродкаў абароны раслін, угнаенняў, іншых сродкаў паляпшэння уласцівасцей глебы, насення раслін, рэчываў і кампанентаў, атрыманых метадамі генетычнай інжынерыі, у тым ліку з генна-iнжынерных арганiзмаў або з іх выкарыстаннем. Нават будзе забаронена культывацыя раслін і прымяненне іанізуючага выпраменьвання. На здзіўленне надзвычай шырокая дыскусія ў гэтым плане разгарнулася. І дзе б вы думалі? У сельскіх жыхароў і ва ўладальнікаў прысядзібных участкаў, па-народнаму, дачнікаў. Усе яны былі ўпэўнены, што даўно карыстаюцца пладамі арганічнага (чыстага) земляробства. Аднак куды дзявацца ад каларадскіх жукоў, ад якіх толькі і можна пазбавіцца “сродкамі абароны раслін”. Арганічнае земляробства культывуецца шырока ў замежных краінах: такіх, як Германія, Польшча, Японія. Ёсць часткова ў Італіі, у высакагорных раёнах. Гэта надзвычай працаёмкая работа: тут патрэбна сачыць за многім, нават за пагоднымі з'явамі. Іншы раз кіслотны дождж можа змыць адразу ўсе старанні гаспадара па вырошчванні арганічнай прадукцыі. Можна сёння гаварыць пра арганічнае земляробства ў Беларусі пачатку сямідзесятых гадоў мінулага стагоддзя. Тады мы атрымлівалі па 7-9 цэнтнераў збажыны з гектара. І гэта было нармальна! Уявіце сёння такую ўраджайнасць... Сёння ў Беларусі арганічнае земляробства займае вельмі маленькі сегмент. Прычыны тут розныя: кліматычныя ўмовы і міграцыя розных насякомых, у дадатак не вельмі ўрадлівыя землі. У параўнанні з еўрапейскімі дзяржавамі у нас самыя бедныя землі па сваіх характарыстыках. Ёсць нават адпаведная статыстыка! У параўнанні з Польшчай нам патрэбна затрат у 1,25 раза больш, каб штосьці вырасціць. Параўноўваем з Францыяй – тут ў 1,8 раза, з Германіяй - у 1,5! Каб вырасціць звычайную бручку на нашых палях, то без азоту, унесенага звонку, не фарміруецца ні бялок, ні амінакіслоты. З'явіцца проста расліна з прыгожымі белымі кветкамі. У Германіі на сення вырабляецца 30-40 працэнтаў арганічнай прадукцыі. Яе вырошчваюць апантаныя і вельмі старанныя гаспадары. Дададзім; прадукцыя гэта вельмі дарагая. Прадаецца ў асобных магазінах і па асаблівай цане. Да прыкладу, кошт пяці яек ад “арганічнай” курачкі каштуе да 100 долараў у сярэднім. Такім чынам, атрымліваецца, што такая прадукцыя для багатых і вельмі багатых людзей. Звернемся да праекта беларускага закона аб арганічным земляробстве, які вынесены на грамадскае абмеркаванне. Вытворцы падобнай прадукцыі абавязаны будуць абмяжоўваць выкарыстанне сыравінных і іншых рэсурсаў (глеба, угнаенні і мікраэлементы, корм і кармавыя дабаўкі, тая ж падсцілка для жывёл), атрыманых у выніку традыцыйнай (неарганічнай) вытворчасці. Таксама яны павінны будуць прымяняць толькі тыя мінеральныя ўгнаенні, якія ўнесены ў Дзяржаўны рэестр сродкаў абароны раслін (пестыцыдаў) і ўгнаенняў, і дазволены да прымянення на тэрыторыі Беларусі. Як сцвярджаюць спецыялісты ў сферы земляробства, закон такі павінен быць. Ён стане стымулам для многіх людзей займацца любімай справай — вырошчваць чыстую збажыну, садавіну і гародніну, чыстае мяса. Магчыма, яны выйдуць і на дзяржаўны ўзровень. Пажывём - убачым. А пакуль, падыскутуем?
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: