Падзяліцца:
14 Чэрвеня 2017
Зусім нядаўна вярнуліся з далёкага лядовага кантынента ўдзельнікі Беларускай антарктычнай экспедыцыі, якую вось так традыцыйна 9 год запар адпраўляе Нацыянальная акадэмія навук. Так здарылася, што па волі сваей журналісцкай прафесіі, я пастаянна адпраўляю беларускіх вучоных у Антарктыку і сустракаю. Першыя экспедыцыі былі зусім нешматлікія, зараз 6 вучоных-палярнікаў — гэта ўжо каманда. Ей пад сілу многае. Тым больш, што работы на гэтым кантыненце хоць адбаўляй. Урачыстая сустрэча ў акадэміі удзельнікаў селетняй экспедыцыі прайшла надзвычай эмацыяльна: прысутнічалі сем'і палярнікаў, якія доўгія месяцы чакалі іх дадому. За словамі нязменнага начальніка ўсіх экспедыцый Аляксея Гайдашова: "9 Беларуская антарктычная экспедыцыя прайшла ў штатным рэжыме" — крыецца многае. Эта азначае, што пытанні навукі і лагістыкі вырашаліся на гэты раз больш паспяхова, тут спрацаваў вопыт папярэдніх экспедыцый. Галоўная задача гэтай экспедыцыі: закласці аснову другога аб'екта станцыі - 8-секцыйнага модуля. І што адметна, зборку платформы правялі за рэкордна кароткі тэрмін - 32 гадзіны - і ўсталявалі першую секцыю. Безумоўна, гэта пачатак будаўніцтва ў Антарктыцы беларускага палярнага дома з усімі зручнасцямі і для пражывання, і для работы, Далей плануецца завяршыць мантаж модуля. Удакладню, у яго склад увойдуць жылыя, санітарна-гігіенічныя, лабараторныя памяшканні і амбулаторна-хірургічны бокс. Апошні – вялікая заслуга палярнікаў. Усе замежныя станцыі ў Антарктыцы маюць сваіх урачоў. Беларусы таксама разлічваюць на такую палярную адзінку. Таксама будзе пабудаваны новы комплекс дызель-электрастанцыі. Тады, у адпаведнасці з планамі НАН Беларусі і заданнямі Дзяржпраграмы, у 2019-2020 гг. беларускія палярнікі змогуць перайсці да круглагадовай зімоўкі. А гэта азначае, што беларускія вучоныя будуць весці бесперапынныя назіранні па ключавых навуковых напрамках: біялогія і экалогія. Над чым жа працуюць беларусы на гэтым лядовым кантыненце? Па-першае, ідзе вывучэнне аэразольнага і газавага складу атмасферы, якое звязана напрамую з праблемамі глабальнага пацяплення клімату. Дарэчы, у Антарктыцы адчуваецца вельмі востра гэта праблема і тыя пастулаты наконт таго, што пацяпленне клімату — міф, тут не спрацоўваюць. Па-другое - даследаванне азонавага пласта, які месцамі вытанчаецца да мінімуму. Важна дакладна ведаць, ці залежыць гэты працэс ад прамысловай дзейнасці, альбо гэта натуральная прыродная з'ява, што паўтараецца праз пэўны прамежак часу. Трэцяя праграма - надзвычай цікавая - біялагічныя і мікрабіялагічныя даследаванні. Унікальныя ўласцівасці мікраарганізмаў Антарктыкі дазваляюць выказаць здагадку, што ў бліжэйшы час чалавецтва чакаюць новыя прарыўныя біятэхналогіі. Уявіце сабе: мікраарганізмы, якія ўтвараюць цэлыя калоніі, могуць спаць, па-навуковаму, знаходзіцца ў анабіёзе тысячы гадоў пры неспрыяльных умовах. А калі наступае добры перыяд — ажываюць і пачынаюць размнажацца. Распрацоўкі на аснове гэтых уласцівасцяў з поспехам могуць выкарыстоўвацца, напрыклад, у медыцыне і фармакалогіі. Таксама нашы навукоўцы займаюцца вывучэннем марскіх біялагічных рэсурсаў. Вядома, што дзейнасць ў зоне Антарктыкі строга рэгламентуецца палажэннямі Дагавора аб Антарктыцы і Пратаколам па ахове навакольнага асяроддзя. Такім чынам, актыўная антрапагенная і гаспадарчая дзейнасць тут, у тым ліку, разведка і здабыча карысных выкапняў, забаронены. Але ў той жа час у марскіх акваторыях там дазволена праводзіць не толькі навуковыя даследаванні, але і рэгуляваную здабычу марскіх біялагічных рэсурсаў. Таму нашы навукоўцы актыўна займаюцца даследаваннем марскіх біярэсурсаў ў раёне дзейнасці беларускай антарктычнай экспедыцыі. Поўная карціна такой навуковай разведкі дасць магчымасць падаць заяўку ў марскую камісію ААН на квоту па здабычы пэўных відаў марскіх біялагічных рэсурсаў, у прыватнасці, рыбы і крыля. І яшчэ. Шосты год запар выконвалася навуковая праца ў інтарэсах нацыянальнай касмічнай праграмы. Падчас пралётаў беларускага і расійскага спадарожнікаў над тэрыторыяй, дзе базуецца наша станцыя, праводзяцца дыстанцыйныя сінхронныя вымярэнні на зямлі. Гэтыя дадзеныя затым параўноўваюцца з дадзенымі спадарожніка, і ідзе карэкціроўка бартавых аптычных інструментаў касмічных апаратаў. Велізарны аб'ём работ у Антарктыцы выконвалі падчас сёлетняй экспедыцыі ўсяго 6 чалавек. Гэта начальнік экспедыцыі Аляксей Гайдашоў, інжынер-эколаг Юрый Гігіняк, інжынер-радыеметрыст Вадзім Свідзінскі, інжынер-механік Аляксей Захватаў, электраманцёр Пётр Папаламаў і майстар па эксплуатацыі машын і механізмаў Ігар Зміеўскі. Іх праца параўнальная з подзвігам, - адзначыў першы намеснік старшыні прэзідыўма НАН Беларусі, акадэмік Сяргей Чыжык. Членам экспедыцыі даводзіцца па паўгода жыць і выконваць адказныя заданні ў цяжкіх, а часам і ў экстрэмальных умовах. Але дадзеныя, якія яны атрымліваюць, каштоўныя для айчыннай навукі і многіх сфер дзейнасці нашай краіны. Важна, што Беларусь уваходзіць у авангард дзяржаў, якія маюць свае пастаяннае месца даследаванняў на далёкім кантыненце. І самае галоўнае цяпер - захоўваць аб'ёмы фінансавання і не змяншаць тэмпаў рэалізацыі значнага нацыянальнага праекта. Што да фінансавання, то работа беларускай палярнай станцыі будзе штогод абыходзіцца дзяржаве ў $ 2 млн. Затраты вялікія, але яшчэ большы эканамічны, ды і палітычны вынік ад такой адказнай работы.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: