У нядзелю мы адзначылі Дзень настаўніка – прафесійнае свята сціплых людзей, мяркую, вы згодны. Многія памятаюць свайго першага настаўніка, які, па-сутнасці, адкрыў першыя веды пра свет і памятаюць таго педагога, якому мы ўсе жыцце ўдзячны за выбар прафесіі, жыццёвага арыенціру.
Я памятаю свайго першага настаўніка Пятра Міхайлавіча Тамковіча: ён дапамагаў мне несці ў школу цяжкі ранец з падручнікам – мы жылі па суседстве. І па дарозе да школы Петр Міхайлавіч адкрываў свет, поўны таямніц і фарбаў.
А вось настаўніца рускай мовы і літаратуры Надзея Іосіфаўна Будавей, якая жыве ў вёсцы Хаценчыцы Вілейскага раёна, адкрыла для нас свет паэтычнага слова, вялікай літаратуры, музыкі, навучыла цаніць малую радзіму і дала духоўны зарад на далейшую прафесію. Дзякуючы ей, многія мае равеснікі працуюць педагогамі, журналістамі, звязалі свой лёс з літаратурай, сталі ваеннымі. Бо тая патрыятычная аснова, закладзеная ў нашы душы, не знікла з гадамі і няпростымі падзеямі навейшай гісторыі Беларусі.
Настаўнік і ўрач – прафесіі вечныя на зямлі. Урач лечыць нашы фізічныя недахопы, а настаўнік – нашы душы, а дакладней фарміруе з нас асобу. Ва ўсе часы людзей такой прафесіі паважалі, бралі з іх прыклад.
Безумоўна, сення прафесія настаўніка трасфарміравалася, яна ўжо не тая, што была нават ў савецкія часы. Новы час, новыя пакаленні, новыя тэхналогіі і новыя глабальныя выклікі прафесію зрабілі іншай: зараз гэта чалавек не проста адукаваны, а суперадукаваны. Ён валодае Інтэрнэтам, можа адказаць на няпростыя пытанні школьнікаў, аднак заўседы наперадзе. Ён вядзе за сабой дзяцей і сваім прыкладам, і жыццевым таксама паказвае – вось твой шлях.
У настаўніка, нават прадметніка, абавязкі і выхавальніка. Урокі ўрокамі, а дзеці чакаюць ад цябе цікавага пазашкольнага часу. А там ты і рамантык ,і фантазёр, і артыст, словам, ты настаўнік!
Каторы год у Беларусі праходзіць Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”. Пачынаўся ён як мерапрыемства, якое павінна было даць пэўны імпульс настаўнікам розных профіляў да большых ведаў па прадмеце, затым пайшлі майстар-класы для калег, у тым ліку і з вясковых школ.
Конкурс пашыраўся і сення пераможца – гэта прафесіянал, эрудыт, інтэлектуал, асоба. Мне даводзілася часта браць інтэрв’ю ў такіх настаўнікаў. Адчуванне, што ты гутарыш з акадэмікам. Маса інфармацыі, цікавай, абгрунтаванай, а вакол іх заўседы дзеці, а дакладней дзіцячае журы. А дзеткі сення не маўчаць, пытаннямі закідваюць.
Толькі-толькі падвялі вынікі конкурсу “Настаўнік года-2017”. Пераможцай стала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Баравухскай сярэдняй школы №15 Наваполацка Святлана Румянцава. Лепшы педагог быў вызначаны па выніках суперфіналу, які прайшоў у сталіцы 27 верасня. Святлана Румянцава і атрымала вялікага Хрустальнага жураўля.
Фіналістамі, наогул, сталі 56 лепшых педагогаў з усіх рэгіёнаў Беларусі, а ўсяго ўдзельнічала больш за 30 тысяч настаўнікаў. Паколькі я была сведкай гэтай цырымоніі, то з вялікім задавальненнем назаву тых настаўнікаў, што перамаглі ў іншых намінацыях.
Малога Хрустальнага жураўля атрымалі з рук Міністра адукацыі Ігара Карпенкі такія настаўнікі: у намінацыі “Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка” лепшым стаў настаўнік фізікі СШ №1 Фаніпаля Максім Дубіна; сярод настаўнікаў замежнай мовы лепшай прызнана настаўнік іспанскай мовы гімназіі №2 Ваўкавыска Гродзенскай вобласці Юлія Касталомава; лепшым настаўнікам пачатковых класаў названы педагог гімназіі №1 Ваўкавыска Людміла Заяц. У такой шырокай намінацыі “Музыка, выяўленчае мастацтва, айчынная і сусветная мастацкая культура, працоўнае навучанне, чарчэнне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка” перамагла настаўнік музыкі і вакалу СШ № 53 Мінска Вольга Махітко. Уяўляеце маштаб ведаў і інтэлекту? Лепшым гісторыкам стаў настаўнік школы № 3 Оршы Андрэй Іваноў. У намінацыі “Хімія, біялогія” перамогу атрымала настаўнік біялогіі віцебскай гімназіі № 5 Марына Юр'ева. А вось лепшы выхавальнік працуе ў Маладзечне – яслі-сад № 24 – Таццяна Апановіч.
Дадам да гэтага: колькі б не адбылося карэнных змен у адукацыі, якія б падручнікі не друкаваліся, без Настаўніка, без Педагога з вялікай літары, без Чалавека, які можа павесці за сабой дзяцей – нашу будучыню – нічога не адбудзецца ў дзяржаве. Гэта аксіёма!