
Cёння чацвёрты дзень Светлай Сядміцы — ідзе Велікодны тыдзень. Тыдзень, які дае магчымасць кожнаму далучыцца да вечных духоўных каштоўнасцей, стаць больш багатым на дабрыню, карысныя справы, адкінуць негатыўныя думкі і прыйсці на канцэрты Велікоднага фестывалю.
На велікодныя святы да мяне прыехалі маскоўскія сябры. Доўга гадалі і меркавалі – куды адправіцца, каб паглядзець не толькі архітэктурныя славутасці Мінска. Канцэрты эстрадныя – выдатна, аднак… Гэта ж зноў свае, расійскія зоркі. Падкінула ідэю — схадзіць на канцэрт Велікоднага фестывалю, які сёлета ўпершыню ладзіць Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі.
Будынак кансерваторыі знайшлі па званах. Яны па чарзе (то ў Свята- Духавым кафедральным Саборы, то тут, каля будынка кансерваторыі, дзе і знаходзіцца Вялікая зала акадэміі) запрашалі на духоўнае дзейства. Першы канцэрт фестывалю - аркестравага факультэта Акадэміі, называецца "Ад ансамбля да аркестра". Гэта музіцыраванне ў розных, але вельмі звыклых для аркестравых музыкантаў формах. Нават калі ты не вельмі разбіраешся ў класічнай музыцы, выкананне беларускіх артыстаў зачаравала маіх маскоўскіх гасцей. Здзівіла і цана за білеты — яна адсутнічае. А эмоцый проста шквал.
Сёння абавязкова пайду з гасцямі на другі канцэрт фестывалю — "Скарбы музычнай спадчыны". Тут ужо сваё майстэрства пакажа факультэт народных інструментаў Акадэміі музыкі. На ім будуць прадстаўлены ўсе без выключэння народныя інструменты, якім навучаюць у кансерваторыі. Сярод салістаў - выдатны гітарыст Павел Кухта і цымбаліст-віртуоз Міхаіл Лявончык, які цяпер жыве ў Германіі. Вы чулі беларускіх цымбалістаў? Гэта дзіўнае гучанне, неверагодная віртуознасць. Любая мелодыя пад сілу: народная музыка, класічная. Гэты факультэт ў Акадэміі лічыцца найбольш папулярным.
Яшчэ раз падкрэслю, Велікодны фестываль - гэта першая такая спроба паказаць ўсю палітру музыкантаў, якіх выпускае Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі. Сярод падобных навучальных устаноў у краінах СНД яна лідар. Выпускнікоў нашай Акадэміі ахвотна запрашаюць знакамітыя канцэртныя залы Еўропы, Амерыкі, Італіі. Музыкантаў можна пабачыць на прэстыжных міжнародных музычных фестывалях
Ідзём далей па афішы фестывалю. Канцэрт кафедры спецыяльнага фартэпіяна "Беларусь фартэпіянная: з верай і надзеяй" адбудзецца ў чацвер, заўтра. Яго гасцямі стануць два выдатныя піяністы, абодва - выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Ігар Алоўнікаў і Аляксей Пятроў. На сцэну таксама выйдуць майстры-пачаткоўцы, лаўрэаты абласных і рэспубліканскіх конкурсаў.
Велікодны фестываль завершыцца грандыёзным гала-канцэртам з удзелам студэнцкага хору пад кіраўніцтвам дацэнта Інэсы Бадзяка, студэнцкага сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам Андрэя Іванова і Ансамбля салістаў Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Акадэміі пад кіраўніцтвам заслужанага артыста Беларусі, прафесара Уладзіміра Перліна, а таксама вядучых салістаў Вялікага тэатра - народнай артысткі Настассі Масквіной (яна зусім нядаўна стала лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі) і заслужанага артыста Уладзіміра Громава.
У час гала-канцэрта запланаваны цырымонія ўручэння прэмій і ўрачыстае ўзнагароджванне прадстаўнікоў прафесарска-выкладчыцкага складу і таленавітых навучэнцаў акадэміі і гімназіі-каледжа. Пакуль трымаецца ў сакрэце, хто атрымае такія прэстыжныя ўзнагароды.
Усе канцэрты Велікоднага фестывалю бясплатныя, трапіць на іх можа любы жадаючы, але ўваход па білетах або запрашальных. Уваходныя білеты на ўсе прадстаўленні (акрамя гала-канцэрта) можна атрымаць у акадэміі папярэдне. Апошні тэрмін - за гадзіну да пачатку канцэрта. Глядзельная зала разлічана на 266 месцаў. Яна невялікая, але ўтульная і камфортная для ўспрымання вялікай музыкі.
Ёсць яшчэ адна ідэя, якая мне вельмі спадабалася. Велікодны фестываль стане пастаянным ў Беларусі ў дні Светлай Сядміцы. Традыцыя такіх фестываляў прыжылася даўно ў Расіі, ініцыятар - знакаміты музыкант Валерый Гергіеў. Ёсць яны і ў Еўропе — словам там, дзе існуе нацыянальная музычная школа. Ёсць такая школа і ў Беларусі, шмат музыкантаў, якія выйшлі са сцен Беларускай акадэміі музыкі, працуюць зараз у іншых дзяржавах. Фестываль дапаможа вярнуць іх на Радзіму, у сэнсе паказу сваіх здольнасцей і свайго таленту, які яны развілі дзякуючы менавіта Беларусі і роднай акадэміі. Многія згодны творча дапамагаць сваёй альма-матэр. Вось такая настальгія: у музыцы магчымасцей шмат, а Радзіма ўсё ж такі адна —Беларусь.
Такім чынам, канцэпцыя Велікоднага фестывалю — у самыя важныя і радасныя для ўсяго хрысціянскага свету дні Велікоднай сядміцы далучыць да вечных духоўных каштоўнасцей нацыянальнага і сусветнага музычнага мастацтва, умацаваць адну з асноўных традыцый акадэміі - пераемнасці пакаленняў.
Тым больш, што ў снежні Акадэмія музыкі адзначыць 85–гадовы юбілей. І гэты Велікодны фестываль дае своеасаблівы старт творчым канцэртам-справаздачам да гэтай даты. Запланаваны канцэрты ў выкананні некалькіх пакаленняў акадэмічных музыкантаў. Гэта выкладчыкі і выпускнікі акадэміі, лаўрэаты міжнародных конкурсаў, лаўрэаты і стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, з імёнамі якіх звязана сучаснасць і будучыня беларускай музычнай культуры.