Падзяліцца:
Па сутнасці. Чым небяспечныя дамашнія роды? Радыёблог Алены Швайко (аўдыё)
17 Кастрычніка 2017
Па сутнасці. Чым небяспечныя дамашнія роды? Радыёблог Алены Швайко (аўдыё) Рэзанансныя выпадкі ў Беларусі з дамашнімі родамі сталі прадметам шырокіх дыскусій у інтэрнэце, на старонках газет, тэлеэкране, у кулуарах медыцынскіх устаноў. Здавалася б, што такога ў дамашніх родах? Нашы прабабулі нараджалі дзяцей ў полі падчас сельскагаспадарчых работ, на таку, калі абмалочвалі ўраджай. Гэта добра, калі была бабуля—павітуха, якая па сваёй жаночай мудрасці ведала, што і як рабіць. А калі не? Статыстыка тых далёкіх часоў паказвае: смяротнасць была вельмі вялікая. Сем'і звычайна былі шматдзетныя, і гібель немаўляці пры такіх родах не лічылася чымсьці надзвычайным. Мяркую, у 21 стагоддзі мы навучыліся цаніць жыццё. І калі сёння маладыя мамы вырашылі нараджаць дзяцей дома — гэта вялікая адказнасць. Яны ў першую чаргу бяруць адказнасць за жыццё маленькага чалавека, з'яўленне якога на свет чакалі, радаваліся. Рыхтаваліся. Многія скажуць: тэма тонкая, ляжыць у плоскасці маралі. Гэта асабісты выбар маладой парадзіхі. Маўляў, «хачу нарадзіць дома, каб муж быў побач, і ўсё тут!». Дарэчы, і на такі аргумент ёсць контраргумент. У Беларусі створаны ўмовы для таго, каб пры родах з вамі знаходзіліся родныя. Перыяд перад родамі - разам рыхтуюцца маладыя папы і мамы. Для іх ёсць розныя практыкумы, семінары. І гэта не толькі ў Мінску. Да прыкладу, Брэсцкі абласны раддом плануе больш праводзіць партнёрскіх родаў. Што гэта азначае? У палатах, мадэрнізаваных у сучасным стылі, пацыенты знаходзяцца падчас перадродавага перыяду — гэта можа быць некалькі гадзін альбо дзён, калі ёсць пэўныя супрацьпаказанні (магчыма, жанчына не вельмі добра сябе адчувае, дрэнныя аналізы і г. д.). Павялічваецца тут і колькасць менавіта партнёрскіх, сямейных родаў. Раней іх праводзілі за год 80-100 разоў, а сёння назіраецца тэндэнцыя да павелічэння. Так, гэта патрэбна аплаціць, але тарыфы невялікія. Любы жыхар вобласці, будучыя бацькі без паказанняў могуць прыйсці ў радзільню, заключыць дагавор і чакаць з'яўлення свайго чада. Ёсць і такія планы ў Брэсцкім абласным раддоме: стварэнне цэнтра "Жанчына - Маці - Дзіця", дзе будучыя бацькі змогуць праходзіць падрыхтоўку да родаў. Дзеля гэтага намечана мадэрнізацыя памяшкання, плануецца набыццё сучаснага абсталявання. Гэты праект плануюць рэалізаваць разам з ваяводскай спецыялізаванай бальніцай ў польскім горадзе Бяла-Падляска. Ёсць усе шанцы атрымаць грант па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва. Агульны прыкладны кошт інвестыцый можа скласці 1,5 млн еўра. Няпростую тэму - дамашнія роды - плануюць, дарэчы, вынесці і на абмеркаванне дэпутацкага корпусу. Такія размовы ідуць сярод парламентарыяў, якія маюць дачыненне да медыцыны. Прапаную меркаванне дэпутата Палаты Прадстаўнікоў Анатоля Дашко. Раней ён працаваў гінеколагам Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы, галоўным урачом Брэсцкага абласнога радзільнага дома. Дык вось парламентарый лічыць, што неабходна прымаць нейкія меры ў сувязі з частымі выпадкамі гібелі і парадзіх, і немаўлят пры дамашніх родах. Чалавек бярэ на сябе вельмі вялікую адказнасць, калі вырашаецца на дамашнія роды, - адзначае дэпутат. Сапраўды, вельмі часта медыцынская дапамога патрабуецца неадкладна, напрыклад, калі нованароджаны не дыхае. Канечне, прасцей за ўсё – забараніць дамашнія роды. Можна пайсці па шляху іншаму — прыватныя цэнтры могуць узяць на сябе дапамогу па родах. А вось і другое меркаванне. Мэтанакіраваныя дамашнія роды - злачынства супраць здароўя дзіцяці. Так лічыць член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Аляксандр Старавойтаў. Цытата: «я стаўлюся адмоўна да дамашніх родаў як медык, бацька траіх дзяцей і, у прынцыпе, як грамадзянін. На сёння арганізацыя акушэрска-гінекалагічнай дапамогі ў нашай краіне дазваляе максімальна бяспечна здзейсніць таінства родаў плюс забяспечыць вядзенне цяжарнасці. Створаны ўсе ўмовы. І з майго пункту гледжання, дамашнія роды, калі яны выбраны свядома, - злачынства супраць здароўя дзіцяці, а таксама супраць здароўя самой жанчыны, якая іх выбірае», - лічыць парламентарый. Аляксандр Старавойтаў прызнаўся: ён не раз размаўляў з прыхільнікамі родаў на даму, але не знаходзіў ніводнага важкага аргумента, які б матываваў да гэтага, асабліва - без прысутнасці кваліфікаваных медыцынскіх работнікаў. Дома немагчыма аказаць прафесійную меддапамогу на тым жа ўзроўні, як у раддоме, - лічыць Аляксандр Старавойтаў. Меркаванняў можна прывесці шмат. І не толькі медыкаў. Калі, да прыкладу, ваша дзіцё непажаданае, калі ў маці ёсць важкія прычыны, каб пазбавіцца ад немаўляці — ёсць шмат магчымасцей для гэтага. Цывілізаваных. Тым больш, па статыстыцы, немаўлятка, ад якога адмовіліся, не затрымліваецца ў раддоме надоўга. Іх усынаўляюць менш чым праз месяц. Такім чынам, тэма тонкая, праблема ёсць, і яе патрэбна вырашаць.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: