Падзяліцца:
18 студзеня 2017
Светлыя калядныя дні прымушаюць яшчэ раз паразважаць на тэму дабрыні. Тым больш, што заўтра вялікае свята - Вадохрышча. Не буду расказваць пра яго сэнс. Гэта ведаюць усе. У ім закладзена высокая духоўная сіла хрысціян. Асабістае назіранне: людзі ў гэтыя дні становяцца лепшымі, выяўляецца менш агрэсіі. Становяцца добрымі, спагадлівымі, разумеюць адно аднаго. Мы становімся іншымі. Сімбіёз свецкіх і царкоўных свят дае свой плён. Да 20 студзеня працягваецца рэспубліканская акцыя Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі - “Цуды на Ражаство”. Ёсць яшчэ магчымасць, час падарыць дабро хворым дзецям, інвалідам, наведаць сацыяльныя прытулкі з падарункамі і… выканаць пажаданне. У буйных гандлёвых аб'ектах сталіцы і не толькі ў Мінску стаяць ёлкі з пажаданнямі. На галінках вісяць незвычайныя паштоўкі. У іх чаканні цудаў ад маленькіх жыхароў з усіх рэгіенаў Беларусі. Давялося мне паразмаўляць з каардынатарам валанцёрскага руху БРСМ “Добрае сэрца” Вікторыяй Мянанавай. Чаго хочуць дзеткі ў гэтыя светлыя дні? Вікторыя поўнасцю абвергла маё пытанне; напэўна, жадаюць сотавыя тэлефоны і планшэты. Адказ быў такі - не толькі. Просяць здароўя маці, каб ў доме не сварыліся бацькі, каб мір быў і каб сябры не хварэлі. Не абыходзіцца, вядома, без канкрэтных пажаданяў. Патрэбны санкі, канькі. Вікторыя расказала такую гісторыю: напярэдадні спартыўных спаборніцтваў хлопчык павесіў паштоўку на ёлку пажаданняў - папрасіў барцоўкі. І цуд адбыўся. А вось як адбываюцца такія цуды — нам, дарослым, тлумачыць не патрэбна. Быць добрым зусім няцяжка. Проста патрэбна адарвацца ад праблем будзённасці, усміхнуцца і прыйсці на дапамогу тым, каму мы патрэбны сёння. Заўтра можа быць позна. Зрабіце гэта адзін раз, і душа ваша не дасць вам далей спакою. І яшчэ пра чалавечнасць. Зіма да нас прыходзіць заўсёды раптоўна. Гэта аксіема. І маразы, і снег — заўсёды нечаканасць, асабліва ў студзені. Ніяк мы не чакалі столькі снегу. А снегам каля пад'ездаў заваліла легкавыя машыны. Мяркую, карціна знаёмая ўсім жыхарам шматпавярховак. Адзін сусед клапатліва сваю машыну пачысціў, дарожку вызваліў ад снегу, каб выехаць, Другі - таксама. А вось трэці пачаў сварыцца на адпаведныя службы, далей пасварыўся і з тымі суседзямі, што клапоцяцца пра свае аўто. Толькі спрабаваў выехаць і стаў, бо ехаць было немагчыма. Кінуліся суседзі на дапамогу і выручылі хлопца. Гляжу, і размова пайшла па-добраму і сваркі аніякай. Усмешкі, жарты. Дамовіліся разам схадзіць у лазню. А хвілін 20 назад была такая страшэнная агрэсія. Так, магчыма, адпаведныя службы не паспелі яшчэ пачысціць пад'язныя шляхі да вашых аўто. Хаця працуюць яны ў Мінску добра. Аднак можна і самім далучыцца да гэтай работы. Без агрэсіі тут, згадзіцеся, можна наўпрост абыйсціся. Разумею, нас часта паглынае быт. Аднак давайце не страчваць чалавечыя якасці: ўзаемаразуменне і дабрыню Дарыце дабро людзям і яно вернецца вам, абаязкова!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: