Падзяліцца:
Па-сутнасці. Дзе атрымаць бясплатную юрыдычную кансультацыю? Радыёблог Алены Швайко (аўдыё)
6 Сакавіка 2017
Па-сутнасці. Дзе атрымаць бясплатную юрыдычную кансультацыю? Радыёблог Алены Швайко (аўдыё) Ці звярталіся вы ў юрыдычныя кансультацыі апошнім часам? Мяркую, што так. Мяне асабіста ўразіла тая цана, якую патрэбна заплаціць за кансультацыю, да прыкладу, па жыллёвых пытаннях — аж тры базавыя велічыні. Базавая ў нас зараз 23 рублі. Памножылі, атрымалі суму — і як вам? Прыехаў да мяне сваяк з невялікага раённага гарадка, каб атрымаць юрыдычную кансультацыю па пытанні спадчыны, што засталася ад бацькоў. Гэта добры і ладны дом, а падзяліць патрэбна на траіх. Без кансультацыі юрыста не абысціся. Дакладных тлумачэнняў у сябе на раёне не знайшоў, вырашыў звярнуцца ў сталічныя кансультацыі. Уразіў кошт паслугі — а ён пенсіянер, пенсія не дацягвае да 300 рублёў. Справа ў тым, што кансультацый патрэбна некалькі, плюс у дадатак наймі адваката — атрымліваюцца непад'ёмныя грошы. І паехаў мой сваяк дадому. Сказаў: «паеду, падумаю, што рабіць». Тэлефаную знаёмай у Брэст — аказваецца, там юрыдычную кансультацыю па спрэчных сямейных альбо жыллёвых пытаннях пенсіянерам можна атрымаць бясплатна. У горадзе над Бугам ёсць адпаведныя адрасы. Пачала шукаць такія адрасы па Мінску і… знайшла. Нядаўна зусім з'явілася інфармацыя, што адвакаты будуць кансультаваць жыхароў бясплатна па сутнасці дэкрэта нумар 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства". Тэма жывая, дыскусійная і няпростая. А гэта яшчэ адна магчымасць, акрамя прамых ліній і прыёмаў чыноўнікаў па рэгіёнах Беларусі, пачуць тлумачэнне наконт артыкулаў гэтага Дэкрэта. Тое, што да справы падключыліся юрысты, выдатная ідэя, аднак гэта не мая гісторыя, мне патрэбна іншае. Шукаю далей і зноў – трапляю на цікавую інфармацыю. Цытую: «студэнты Белдзяржуніверсітэта бясплатна аказваюць юрыдычную кансультацыю і праводзяць у сталічных школах заняткі на прававую тэматыку». Кансультацыя праводзіцца ў вучэбнай лабараторыі «Юрыдычная клініка». Гэтая практычная дзейнасць удасканальвае працэс падрыхтоўкі будучых юрыстаў, развівае ў іх навыкі працы па аказанні прававых паслуг, афармленні юрыдычных дакументаў, дапамагае вывучаць і засвойваць нормы прафесійнай этыкі. Юрыдычныя кансультацыі праводзяць старшакурснікі юрфака БДУ пад кіраўніцтвам куратара ці выкладчыка. У кампетэнцыю студэнтаў ўваходзяць пытанні, якія датычацца сямейнага, жыллёвага, канстытуцыйнага, працоўнага і грамадзянскага заканадаўства, а таксама экалагічнага права і права сацыяльнага забеспячэння. Прававое кансультаванне аказваецца малазабяспечаным грамадзянам, інвалідам, удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, дзецям-сіротам, а таксама дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, членам шматдзетных сем'яў, пенсіянерам і вучнёўскай моладзі. Будучыя прававеды тлумачаць нормы заканадаўства, магчымыя варыянты вырашэння прыватнай праблемы, а таксама наступствы кожнай з іх. Акрамя таго, тут можна даведацца пра парадак абароны парушанага права ў дзяржаўных органах і судах, а таксама граматна скласці юрыдычныя дакументы. У выніку запісала сваяка на прыём. Вярнуўся задаволены. Пажылы чалавек не вельмі дасведчаны ў юрыдычных тэрмінах, аднак усё зразумеў. Студэнты-юрысты даступна, дэталёва растлумачылі яму ўсе нюансы яго праблемы. Які вывад я зрабіла з гэтай гісторыі. Магчыма, нашым юрыдычным кансультацыям патрэбна вызначыць пэўныя дні, каб прымаць пенсіянераў, малазабяспечаных бясплатна. Так, сёння ёсць адпаведная практыка — перад святамі. Да прыкладу, перад Днём Перамогі бясплатна кансультуюць ветэранаў Вялікай Айчыннай, напярэдадні Дня юрыста – некаторыя іншыя катэгорыі грамадзян. Аднак, наша жыццё складаецца не толькі са святаў, але і з будняў. Самыя розныя пытанні да юрыстаў могуць з'явіцца ў любы час і, на жаль, не ва ўсіх ёсць магчымасці аплаціць такія кансультацыі. Думаю, па-сутнасці, тут можна знайсці выйсце.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: