Сёння – Міжнародны дзень сям'і, які быў абвешчаны Генеральнай асамблеяй ААН у 1993 годзе. Яго правядзенне садзейнічае павышэнню ўзроўню інфармаванасці ў пытаннях, якія тычацца сям'і, дае веды па сацыяльна-эканамічных працэсах, што ўплываюць на дэмаграфію любой дзяржавы. Лічу, што такую міжнародную ініцыятыву патрэбна было ААН абвясціць раней. Бо сям'я - аснова любой дзяржавы.
Сям'я, як асноўны элемент жыццястойкасці грамадства, была і застанецца заўсёды захавальніцай чалавечых каштоўнасцей. Яна – гарант стабільнасці і развіцця дзяржавы, гарант пераемнасці пакаленнямі галоўных маральных каштоўнасцей. З сям'і пачынаецца жыццё чалавека, менавіта ў сям'і ён развіваецца як асоба, як грамадзянін.
Прызнайцеся шчыра, кожнаму патрэбна сям'я. Індывідуаліст не можа быць паўнацэнным чалавекам. Яму не ўласціва спагада і бацькоўскія пачуцці, адказнасць за тых, хто побач - твае бацькі, дзеці.
Навамодныя плыні, што так актыўна зараз культывуюцца ў Заходнім свеце - аднаполыя шлюбы - з разраду з'яў часовых. Гэта выклік маральным сямейным каштоўнасцям. Я не буду далей развіваць гэту тэму. Мяркую, што тут дыскусіі не маюць месца.
Толькі ў традыцыйнай сям'і ёсць той ген жыццястойкасці маленькага чалавека, які дапаможа яму выстаяць у любых жыццёвых абставінах. Дагэтуль, у многіх сем'ях славянскіх народаў захаваліся паштоўкі з франтоў Вялікай Айчыннай да маці, бабулі, жонкі. У іх - моцная духоўная сіла, якая дапамагала выстаяць савецкаму салдату ў ваеннае ліхалецце.
Звернемся да нашых дзен. Спачатку невялікая статыстыка. З 1996 года Ордэнам Маці ў Беларусі ўзнагароджаны 8667 жанчын, якія нарадзілі і выхавалі пяць і больш дзяцей. Сёлета такую высокую ўзнагароду ўжо атрымала 141 маці. Удасканальваецца штогод і сістэма дзіцячых дапамог. Навацыі чакаюцца ў законе “Аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, што выхоўваюць дзяцей”. У асноўным гэта тычыцца тых, хто выхоўвае дзяцей-інвалідаў. Адна з навэл — значнае павелічэнне фінансавых выдаткаў такім сем'ям.
Да Міжнароднага дня сям'і ў Беларусі традыцыйна плануецца шэраг мерапрыемстваў. Свята "Уключаныя бацькі - шчаслівыя дзеці" прайшло ў Мінску ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна. Чаго толькі там не было. Гэта спартыўныя і настольныя гульні, майстар-класы, віктарыны, экапошта. Кансультацыі псіхолагаў па пытаннях выхавання і адносін у сям'і. Дарэчы, спецыялісты Міністэрства працы і сацыяльнай абароны расказалі многім бацькам пра льготы і сацыяльныя гарантыі для маладых сем'яў, пра абарону іх правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх.
І гэта толькі адзін адрас. А колькі іх яшчэ! Вось, напрыклад, наваселле.
Яго адсвяткаваў Мінскі гарадскі цэнтр сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей. Будынак былога дзіцячага садка рэканструявалі пад такую ўстанову. Праект рэалізаваны за кошт сродкаў бюджэту горада пры фінансавай падтрымцы рэспубліканскага дабрачыннага грамадскага аб'яднання "Клуб ільвоў" у партнёрстве са спонсарскімі арганізацыямі з Нарвегіі, Даніі, Швецыі, Ісландыі і Фінляндыі.
Адкрыццё цэнтра прымеркавалі да Міжнароднага дня сям'і і да 950-годдзя Мінска. Такім чынам, у гарадскім цэнтры сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей будзе аказвацца высокакваліфікаваная сацыяльна-псіхалагічная дапамога сем'ям у крызіснай сітуацыі.
Намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага схода, старшыня грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Мар'яна Шчоткіна падкрэсліла, што гэта вельмі важна для таго, каб у рэспубліцы колькасць шлюбаў і пар, якія святкуюць “залатое вяселле”, павялічвалася. А вось намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак асабліва адзначае такія напрамкі дзейнасці цэнтра, як фарміраванне ў маладых мінчан адказнага бацькоўства, каб таты ўдзельнічалі ў выхаванні дзяцей.
Дзяржаўная ўстанова “Мінскі гарадскі цэнтр сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей” створана ў 1999 годзе пры фінансавай і метадычнай падтрымцы Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі. У цэнтры ўкаранёна нацыянальная мадэль работы з мужчынамі-агрэсарамі, сфарміраваны і пастаянна абнаўляецца гарадскі банк даных пра выпадкі сямейна-бытавых канфліктаў. Спецыялісты цэнтра аказваюць сацыяльна-пасрэдніцкія і кансультацыйна-інфармацыйныя паслугі па гарадской кругласутачнай тэлефоннай лініі па пытаннях сям'і і дзяцей. Тут рэалізуюцца такія праекты, як “Я – жанчына”, “Крэатыўны малыш”, “Тата-мама-школа”, “У чаканні цуду”, “Пад бацькоўскім крылом”. Есць і платныя паслугі, такія як “Нянька на гадзіну” і “Дзіцячы садзік для таты”. Усяго на базе цэнтра рэалізуецца 15 праектаў, у тым ліку з удзелам міжнародных арганізацый.
Інстытут сям'і - гэта самы галоўны падмурак дзяржавы. І калі ён моцны - нам не страшны ніякія палітычныя і духоўныя катаклізмы...