
Сёння дзень аховы навакольнага асяроддзя; давайце ўзгадаем, калі мы сур’езна пачалі ставіцца да таго, што нас акружае? Вада, лес, паветра... Зусім нядаўна. А калі быць дакладнымі, то задумацца беларусаў пра чысціню прыроднага асяроддзя прымусіў Чарнобыль. Забруджаныя лясныя дары, няякасная вада і паветра…
Тым не менш, атамная энергетыка – адна з самых экалагічных крыніц, якая мяняе многае ў той жа ахове навакольнага асяроддзя. Вось такі тэхнагенны парадокс. Прыклад – змяненне клімату. Гэта адна з галоўных цывілізацыйных праблем. І тут Парыжскае пагадненне па клімаце павінна стаць стымулам для дзяржаў па зніжэнні выкідаў парніковых газаў. Калі браць Беларусь, то такія выкіды пасля запуску другога энергаблока БелАЭС знізяцца вельмі істотна.
Цытата ад Міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэя Худыкі: “Увод у эксплуатацыю БелАЭС дасць магчымасць не толькі істотна ўмацаваць энергетычную бяспеку краіны, але і палепшыць стан навакольнага асяроддзя за кошт скарачэння выкідаў парніковых газаў. Плануем, што пасля запуску першага энергаблока выкіды знізяцца прыкладна на 7 млн тон, а пасля запуску другога – больш чым на 10 млн тон. Гэта дазволіць нам наблізіць краіну да выканання ўзятых на сябе абавязацельстваў згодна Парыжскаму пагадненню па клімаце".
Беларусь усё больш актыўна выкарыстоўвае магчымасці альтэрнатыўных крыніц энергіі. У нас ёсць раёны, напрыклад, Навагрудскі, дзе чвэрць спажыванай электраэнергіі выпрацоўваецца ветраэлектрастанцый. Таксама ў нашай краіне будуюцца і гідраэлектрастанцыі.
У Дзень аховы навакольнага асяроддзя нам, жыхарам і буйных мегаполісаў, і невялікіх гарадоў і паселішчаў, варта запомніць залатую фразу: чыста там, дзе не толькі добра падмятаюць, але і там, дзе проста не выкідваюць смецце. Ягадная альбо грыбная пара. Асалода ад ляснога водару і раптам — вялізная куча смецця: шкляныя і пластыкавыя бутэлькі, поліэтыленавыя пакеты, будаўнічыя адходы. Праўда, да бліжэйшага населенага пункта далекавата. Затое побач дачныя ўчасткі. Такі ж лёс і ў невялікіх рачулак — наўкол смецце.
А як вам такі прыклад: легкавая машына імчыцца па аўтамагістралі. Адкрываецца шкло і выкідваюцца на шашу акуркі. Скажаце, што існуе наконт гэтага штраф. Так, існуе. Аднак паспрабуйце дагнаць…
Мінск лічыцца горадам чыстым. Заслужана. Нашы праспекты і сталічныя магістралі, сапраўды чыстыя і ўтульныя. Але на сёння не ва ўсіх спальных мікрараёнах ёсць кантэйнеры для раздзельнага збору смецця. А іншы раз хатняя мэбля буйнагабарытнага памеру “ўпрыгожвае” ўезды ў двары. Вось такі чалавечы фактар.
А завяршыць свае разважанні ўсё ж хачу пазітывам. Сёння на тэрыторыі Заводскага раёна Мінска ўрачыста адкрыецца экалагічная сцежка. Гэта каля ракі Свіслач і Мінскага заапарка. Маршрут – 772 метры – пракладзены па месцах, дзе гняздуюцца рэдкія віды птушак, растуць расліны з Чырвонай кнігі Беларусі. Уздоўж сцежкі уладкаваны пяць пляцовак з месцамі для адпачынку – для пікніка і дзіцячых гульняў.
Да канца года такія зялёныя маршруты павінны з'явіцца ў некаторых іншых раёнах сталіцы. Аднак, мне здаецца, своеасаблівай экалагічнай сцежкай магла б стаць кожная, што вядзе дадому – а залежыць гэта толькі ад нас з вамі…