
Я хачу вас запрасіць на вельмі шыкоўную падзею, якая традыцыйна праходзіць у другой дэкадзе ліпеня ў Віцебску — Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар”. Сёлета па ліку ён 26-ты. Як кажуць спецыялісты-нумеролагі, лічба гэта сведчыць: будзе працяг справы. Дзяржаўнай справы — запрашаць у госці прадстаўнікоў мастацтва з усіх куткоў планеты. Без перабольшвання гэта так.
Ідэя фестывалю належыць тром славянскім дзяржавам—Беларусі, Расіі і Украіне, аднак настолькі магія славянскага моцная, што да нас кожны год едуць і едуць музыканты, спевакі з розных дзяржаў. Сёлета пацвердзіла ўдзел 31 краіна.
Усяго на галоўнай фестывальнай пляцоўцы - у Летнім амфітэатры - запланавана 18 канцэртных праграм, уключаючы два начныя канцэрты. Акрамя летняга амфітэатра, будзе працаваць шэраг іншых гарадскіх пляцовак: канцэртная зала "Віцебск", пляцоўка драматычнага тэатра імя Я. Коласа, філармоніі, а таксама адкрытыя сцэны.
Афіцыйнае адкрыццё фестывалю запланавана на 13 ліпеня. Аднак ужо з 10 ліпеня Віцебск поўнасцю памяняў стыль гарадскога жыцця— пачаў працаваць фестывальны гадзіннік. Адбыўся сольны канцэрт спявачкі Зары, шматлікіх прыхільнікаў сабраў і талент Грыгорыя Лепса.
Стартаваў ужо і XV Міжнародны дзіцячы музычны конкурс "Віцебск-2017". Дарэчы, геаграфія гэтага дзіцячага конкурсу ўжо даўно выйшла за межы славянскіх краін. Так, у гэтым годзе ўдзельнічаюць прадстаўнікі ЗША і Кубы.
Вытокі “славянскага базару”, яго сэнс і падмурак — гэта, вядома, традыцыйны Міжнародны конкурс маладых выканаўцаў эстраднай песні. Яму столькі ж, колькі і форуму — роўна 26.
Стартаваў і традыцыйны, запатрабаваны сегмент «Славянскага» — праграма «Тэатральныя сустрэчы» на фестывалі. Дарэчы, першы спектакль, які ўбачылі прыхільнікі жанру, - сола для зоркі з аркестрам "Джудзі". П'еса расказвае пра неверагодную любоў да сцэны, музыкі, чалавека. Ролю дзівы выканала Нона Грышаева, а таксама гледачы ўбачылі на сцэне нязменнага госця "Славянскага базару" Сяргея Шусціцкага.
Адкрыліся і выставачныя праекты фестывалю. У Мастацкім музеі прэзентавана калекцыя арыгінальных паясоў XVIII-XIX стагоддзяў "Залататканы шоўк, бясцэнны па рабоце" - сярэдневяковыя паясы (у тым ліку слуцкія) з прыватнай калекцыі. І тут жа працуе інтэрактыўная выстаўка "Цуды парфумерыі". А ў цэнтральным фае канцэртнай залы "Віцебск" пачаў работу праект "Фармат" Беларускага саюза мастакоў. Гэта зрэз часу і погляд на сябе, спроба адчуць трансфармацыю ў свядомасці і творчасці, якая адбылася ў мастацкім жыцці за стагадовы перыяд існавання віцебскай школы.
Таму не трэба засмучацца, калі вы, напрыклад, не трапілі на сольны канцэрт Грыгорыя Лепса — паглядзець, пачуць, паўдзельнічаць на “Славянскім” можна будзе шмат ў чым.
Напрыклад, трэці Фэст вулічнага мастацтва "На сямі вятрах", які будзе праходзіць з 14 па 16 ліпеня на вуліцах і плошчах Віцебска. Будуць прадстаўлены інтэрактыўныя праекты вулічных тэатраў, музыкантаў, перформераў, лялечных тэатраў і артыстаў. Акрамя таго, на "Славянскім базары" на адкрытай пляцоўцы ўпершыню арганізаваны "Вулічны пікнік". І вось тут можна пазнаёміцца з кулінарным майстэрствам розных краін - Латвіі, Літвы, Беларусі, Расіі. Там жа будуць арганізаваны выступленні маладзёжных рок-калектываў, артыстаў - удзельнікаў фэсту.
Прэзідэнт Малдовы і высокія замежныя госці яшчэ трох краін пацвердзілі ўдзел у XXVI Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Яны прыедуць на цырымонію адкрыцця фестывалю. Таксама чакаюцца падчас гэтай урачыстасці і прывітальныя пасланні ў адрас удзельнікаў форуму - ад прэзідэнтаў Расіі, Малдовы, з боку Казахстана, ад міністраў культуры Грузіі, Літвы, Польшчы і Сербіі.
Дэпутаты Парламенцкага схода Саюза Беларусі і Расіі наведваюць мерапрыемствы Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" традыцыйна. Сёлетні не выключэнне. Саюзная дзяржава прымае долевы ўдзел у фінансаванні фестывалю і яго арганізацыі. Традыцыйна з 2003 года на "Славянскім базары ў Віцебску" праходзіць Дзень Саюзнай дзяржавы. З тых часоў саюзныя дэпутаты штогод удзельнічаюць у фестывалі, выступаючы ў ролі арганізатараў і гасцей.
Што ж, я схематычна прайшлася па тых падзеях і сустрэчах, што праходзяць і пройдуць яшчэ на чарговым, 26-ым па ліку, Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар” у Віцебску. Мяркую, што аднойчы пабываўшы на гэтым форуме, вы зразумееце — чаму дзяржава так клапатліва і так сур'ёзна адносіцца да гэтай культурнай падзеі. Культура – душа народа, а калі яна адкрытая і шчырая, напоўнена высокімі пачуццямі дабра і гасціннасці — чаму б не завітаць ў Беларусь?