Падзяліцца:
1 Жніўня 2017
Мой радыёблог сёння будзе прысвечаны тэме надзеннай і, як кажуць, закранае чыста мужчынскую праблему, хаця… Хаця тут можна і паспрачацца — эмансіпацыя зрабіла сваю справу і сёння ўжо жанчыны нараўне з мужчынамі маюць такую ж праблему. Я пра што? Пра курэнне. А нагода наконт гэтага такая. Міністэрства аховы здароўя прапануе ўключыць балконы і лоджыі ў спіс грамадскіх месцаў, дзе забаронена курэнне. Калектыўны зварот ад грамадзян паступіў ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі і ў Міністэрства аховы здароўя. Скажыце калі ласка, вам даводзілася сутыкацца з такой з’явай? З балкона суседа, што жыве над вамі, сыплюцца акуркі, попел? На заўвагу вашу — некарэктныя паводзіны і г.д. У мяне такое было і не раз. Аднак, тут многія скажуць — мой балкон — мая тэрыторыя. Як гэта вы мне не дазваляеце альбо забараняеце на сваей тэрыторыі курыць? Аднак, згадзіцеся, культуру паводзін нават на сваім балконе ніхто не адмяняў. Есць такая звычка – курыць? Курыце. Шкодзьце свайму здароўю. Аднак не варта псаваць нервы суседзям. Тым больш, што гэта яшчэ і небяспечна — іншы раз на балконах ёсць і розныя рэчы, да прыкладу, макулатура, і гэта можа прывесці да пажараў. Тут ужо Міністэрства па надзвычайных сітуацыях падключыцца, а гэта праблемы іншыя і большыя, чым забарона курыць на балконе. І мне здаецца, адкінуўшы за і супраць, проста варта адмовіцца ад такой звычкі. Хачу паведаміць, што ідзе, па-ранейшаму, грамадскае абмеркаванне праекта дэкрэта “Аб дзяржаўным рэгуляванні абароту тытунёвых вырабаў і электронных сістэм курэння”. Прапановы ў праект дэкрэта прымаліся на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. І кожная слушная прапанова ад грамадзян улічвалася ў дакуменце. Якраз па просьбе грамадзян і ініцыіравала Міністэрства аховы здароўя ўнесці ў праект дэкрэта забарону курэння на балконах і лоджыях кватэр жылых дамоў, а таксама на прылеглай да жылых дамоў тэрыторыі. Гэтыя дапаўненні пашыраюць правы тых грамадзян, хто, наогул, не курыць. Бо пэўная частка насельніцтва — падлічана, каля 30 працэнтаў – якраз і пакутуе ад курыльшчыкаў. На што яшчэ звяртаецца ўвага ў дэкрэце? У прыватнасці, прадугледжана распаўсюджванне на электронныя сістэмы курэння і вадкасці для электронных сістэм курэння норм і правілаў, якія дзейнічаюць адносна абароту і спажывання тытунёвых вырабаў. У тым ліку гэта датычыцца забароны на продаж электронных цыгарэт асобам, якія не дасягнулі 18 гадоў. Да месцаў, у якіх прапануецца ўстанавіць поўную забарону, аднесены прыпынкі грамадскага транспарту, пераходы метрапалітэна, дзіцячыя пляцоўкі, памяшканні, якія займаюцца арганізацыямі фізічнай культуры і спорту. У гэтым спісе таксама пляжы і ліфты. Наконт дзіцячых пляцовак. Тут, звычайна, самі бацькі, гуляючы з дзецьмі, падкія на такую звычку. Мяркуецца ўсталяваць своеасаблівыя рэкламныя альбо сацыяльныя шчыты ў дварах. Аднак зноў жа спатрэбіцца пэўны тэрмін, каб нарэшце многія зразумелі — не курыце ў прысутнасці дзяцей, пажылых, што сядзяць тут жа на лавачках і адпачываюць. Міністэрства аховы здароўя звяртаецца і да тых бацькоў, што кураць у салоне аўтамабіля альбо ў памяшканнях, калі там знаходзяцца дзеткі. Тут ёсць мяжа – да 14 гадоў. Асабіста я забараніла б наогул. А вось пра пляжы і ліфты. Калі пляж значны па памерах, то верагодна, можна абсталяваць месцы для курэння. А ліфты? Гэта нават не разглядаецца. Канешне, забараніць!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: