
Усе мы – спажыўцы той альбо іншай паслугі, тавара: купляем, рамантуем, сябруем альбо не сябруем з сантэхнікам ці электрыкам — як пашанцуе. Згадзіцеся, тут мы часта сустракаемся і з няякасным таварам альбо той жа няякаснай паслугай.
Патэлефанавала знаёмая. Спытала нумар тэлефона таварыства спажыўцоў. А сама вельмі сумная-сумная. Яе доўгі расказ ледзь не давеў мяне да істэрычнага смеху. Кажа, купіла па рэкламе прыгожыя фіранкі на вокны, такую ж пакрыўку на ложак. Ружы на новых рэчах яркія, памерам з добрае вядро.
Прыбрала пакой і вырашыла адпачыць, папіць гарбаты. Раптам з дзікім крыкам ўрываецца на кухню кошка. Шэрсць дыбам. Супакоіла. Зайшла праз некаторы час у прыбраны пакой і здзівілася — ўсе, што было ў ім, стаяла. Прыняў стойку дыван на падлозе. Стаялі некалькі бабуліных пулавераў, на вачах пачалі ўздымацца ў яе валасы. З марозу зайшоў да маці сын і ў яго куртка са штучнага футра таксама стала жыць асобна ад гаспадара.
Аказалася, фіранкі і пакрывалы са штучнага шоўку — надзвычай штучнага і ўсе вакол стала рэзка электрызавацца. Вырашыла замяніць тавар альбо вярнуць назад, аднак не атрымалася.
Дарэчы, ёсць станоўчыя прыклады, што грэюць душу, калі за няякасны тавар вяртаюць грошы. Амаль 153 тысячы рублеў вярнулі мінчанам за няякасныя тавары і паслугі летась. Прычым да судовых разборак вернута менш, чым пасля судоў. Атрымаў ад пакупкі няякасных тавараў дэвідэнды і мінскі бюджэт: пералічана больш за 68 тысяч рублеў штрафаў. А калі браць скаргі і звароты ў Мінгарвыканкам, то іх было за мінулы год 3 тысячы 800. Можа і не так многа, аднак гэта нашы з вамі нервы і здароўе.
Больш за ўсе скардзіліся на гандаль. Прычым, скаргі былі звязаны з бытавой тэхнікай, мабільнымі тэлефонамі і мэбляй.
Наконт мэблі — яскравы прыклад. Суседка цікуе можа месяцаў так дзесяць за адной канапай. Абавязкова каб была вуглавая — утульна, зручна, модна і прыгожа. Нагледзела адну, недалека ад дома ў магазіне адной вядомай фірмы. І пачала чакаць якіх акцый альбо скідак, бо цана надта непад’емная. І дачакалася. На сваей мары — вуглавой канапе — цана, на якую не мянялася амаль год, з’явілася паперка — скідкі да 50 працэнтаў.
Падлічыла, залезла ў доўг і пайшла купляць… Аднак не тут-та і было. Аказваецца, скідкі ёсць на ўсё, акрамя канапы, хаця на кожнай паперка —зніжкі да 50 працэнтаў. Сварылася хвілін 30-ць. Усё высвятляла. І ўрэшце нічога не зразумела. Занадта высокая гандлёвая палітыка мэблевага магазіна.
Прыйшла на наступны дзень, а там на яе канапе цана ўжо іншая – значна павялічана! Далей прайшло колькі дзён, тэрмін акцыі скончыўся, паколькі скончыліся і святы, да якіх акцыя была прымеркавана. У магазіне пакупнікоў небагата — адзін-два і ўсё. А канапа стаіць з той цаной, якая і была раней, да нервовай гісторыі маёй суседкі. Сядзіць яна без канапы і ніяк не ўсвядоміць, чаму такі ідзе непрыкрыты падман…
Розныя акцыі і скідкі — рэч, канешне, добрая. Чорныя пятніцы на Захадзе —як франтавыя баі. Есць ўжо прыклады і ў нас. Яны сапраўды спрацоўваюць і іншы раз — вельмі шанцуе! Але гэта, як кажуць, зусім іншая гісторыя…
Спецыялісты па абароне правоў спажыўцоў сцвярджаюць, складаней за ўсе дапамагчы ў тых выпадках, калі тавар набыты праз інтэрнэт-крамы і няма дакладнага адрасу прадаўца. Нямала скаргаў і на турыстычныя паслугі.
І яшчэ… Памятайце, ёсць у кожнай раённай адміністрацыі ўпаўнаважаны па абароне правоў спажыўцоў, які абавязаны дапамагчы.
Здаецца мне, што і журналісты павінны падключыцца да барацьбы з гэтым “лахатронам”…