Падзяліцца:
19 Верасня 2017
Хто з нас, беларусаў, хаця б раз на год не становіцца паляўнічым – ціхім паляўнічым – аматарам збору грыбоў. Як толькі пачынаюцца цеплыя восеньскія дзянькі, мы традыцыйна бярэм кошык і ідзем у лес. Я, асабіста, вельмі люблю гэтую пару — водар хваёвых дрэў, з-пад ног выбягае напуджаны зайка і раптам… грыб! Канешне, павінен быць баравік. Класіка жанра грыбнога палявання. Адно слова – прыгажосць! Іншы раз у лес ідуць сем’ямі. Даволі часта назірала такую карціну – бабуля альбо дзядуля паказваюць і расказваюць пра грыбы сваім унукам-падлеткам. Быў і такі выпадак – сама ўдзельнічала, як кажуць, у такой ратавальнай аперацыі. Маленькі грыбнік – гадоў так пяток – хадзіў за татай услед і раптам знік. Хлопчыка знайшлі мы хутка. Але за гэтыя хвіліны колькі нерваў змарнавалі ўсе – і бацькі, і мы – людзі, што выпадкова апынуліся побач. У інфармацыйных выпусках часта можна пачуць – шукаюць бабулю, якой гадоў так пад 80. Пайшла ў грыбы і пакуль не вярнулася. Калі жыве з дзецьмі, яны б’юць трывогу і ратавальнікі прыходзяць на дапамогу. І не толькі яны. Шукае ўся вёска. Калі старая жыве адна, то пакуль суседка зразумее, чаму ў хаце суседняй не гарыць святло, і толькі тады пачынаюцца пошукі. Праходзіць пэўны час. І такія прыклады. Падлеткі часта нават не папярэджваюць бацькоў, ідуць у лес, калі яны мясцовыя, добра арыентуюцца, тут звычайна ўсе абыходзіцца. Праўда і з вясковымі дзецьмі бываюць розныя сітуацыі. Такіх выпадкаў за грыбны сезон можна прывесці дзясяткі. Дванаццацігадовы хлопчык згубіўся ў лесе ў Гродзенскай вобласці 17 верасня. Пра тое, што прапала дзіця, расказала маці, патэлефанаваўшы ў міліцыю. Яе сын каля 8 гадзін вечара (згадзіцеся пазнавата для сельскай мясцовасці) паехаў на веласіпедзе ў бок лесу каля вёскі Новы двор Свіслацкага раёна. Міліцыя знайшла ў лесе веласіпед. Пошукі хлопчыка працягваюцца, і я ўпэўнена, што усё будзе дабра. Выпадак, калі дзеці блукаюць у лесе быў і ў Дзяржынскім раёне Мінскай вобласці. Двое малых пайшлі ў лес з дарослымі і зніклі. На пошукі выехалі супрацоўнікі міліцыі і работнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Для пошукавых работ выкарыстоўваліся цеплавізары. І, дзякуй Богу, дзяцей знайшлі на наступны дзень раніцай, медыцынская дапамога ім не спатрэбілася. За мінулыя выхадныя выратавальнікі 17 разоў выязджалі на пошукі згубленых у лесе грыбнікоў. У лясах Віцебскай, Гродзенскай і Мінскай абласцей блукалі 24 чалавекі. Яны былі знойдзеныя і не мелі патрэбы ў меддапамозе. Міністэрства па надзвычайных сітуацыях нагадвае аб правілах бяспекі для тых, хто збіраецца за дарункамі прыроды: не варта адпраўляцца ў лес у адзіночку, неабходна паведаміць сваякам або знаёмым пра меркаваны маршрут і час вяртання. Своечасова інфармаваць, калі планы змяніліся. Апранаць варта зручную непрамакаемую вопратку і абутак. Не рэкамендуецца адпраўляцца ў лес у камуфляжы (у вопратцы, якая амаль не бачна на фоне густога лесу), лепш апрануцца ў што-небудзь яркае. І абавязкова, з сабой патрэбна браць зараджаны тэлефон, ваду, нож і запалкі. Калі вам добра за 60, варта ўзяць і неабходныя лекі. Стрэсавая сітуацыя – гэта прамы шлях да сардэчнага прыступу. Дзяцей варта вучыць правілам арыентавання ў лесе. Яны добра засвойваюць такія ўрокі… Я разумею, устрымацца ад грыбнога шчасця цяжкавата. Але давайце будзем абачлівымі, асцярожнымі. Будзем думаць пра блізкіх. Іншы раз, калі дрэнна адчуваеце сябе, не рызыкуйце. Грыбы можна набыць і на аўтобусных прыпынках, на рынках і зрэшты ў магазіне. Дый грошы не такія ўжо вялікія...
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: