Падзяліцца:
«Па-сутнасці. Кніга, якая адчыняе шлях у краіну ведаў». Радыёблог Алены Швайко (аўдыё)
28 жніўня 2018
«Па-сутнасці. Кніга, якая адчыняе шлях у краіну ведаў». Радыёблог Алены Швайко (аўдыё) Ці памятаеце вы тую першую кніжку, якая падарыла першыя веды? Канешне, гэта «Буквар»! Наўрад ці многія ведаюць, калі наогул з’явіўся гэты ўнікальны падручнік, дзе сказана пра ўсё, хаця і коратка, але вельмі прыгожа. Сення, нагадаю, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбудзецца прэзентацыя факсімільнага выдання першага “Буквара”. Гэты маштабны праект мае мэту зрабіць даступнай гэтую ўнікальную кнігу шырокай аўдыторыі і прадэманстраваць высокую каштоўнасць культурнай спадчыны беларускага народа. З чаго ж пачынаецца біяграфія першага беларускага “Буквара”? Кніга выйшла ў 1618 годзе на царкоўнаславянскай мове ў друкарні Віленскага праваслаўнага брацтва Святога Духа ў Іўе. Усяго захавалася два асобнікі. Адна з кніг была вывезена брытанскім калекцыянерам у Лондан у пачатку XVII стагоддзя. Сёння гэты кніжны помнік захоўваецца ў бібліятэцы Міддл Темпл ў Вялікабрытаніі, другі – у Каралеўскай бібліятэцы Даніі. На радзіме, на жаль, не засталося ніводнага выдання: як гэта часта адбываецца з вучэбнымі дапаможнікамі, іх проста зачыталі да дзірак. Безумоўна, прэзентацыя невыпадкова пройдзе напярэдадні Дня ведаў і Дня беларускага пісьменства. Бо менавіта з чытання гэтай кніжкі і пачынаецца шлях кожнага з нас да ведаў. Сёння па кнігах з такой назвай вучацца амаль ва ўсіх краінах свету. Першы “Буквар”, выдадзены на беларускай зямлі – на 52 лістах у кішэнным фармаце. У ім змешчаны славянскі алфавіт, прыклады складоў з двух і трох літар, простыя словы на царкоўнаславянскай мове, пералік знакаў прыпынку, а таксама асновы граматыкі і тэксты для чытання, якія ўключаюць рэлігійныя гімны, малітвы, запаведзі, пропаведзі. Сённяшні, сучасны беларускі “Буквар”, канешне, істотна адрозніваецца ад свайго прашчура, але мэты ў іх агульныя – даваць першыя веды пра свет. Дарэчы, у новым навучальным годзе за парты ў Беларусі сядзе 110 тысяч першакласнікаў. Многія з іх атрымалі ўжо “Буквары” разам з іншымі падарункамі падчас розных дабрачынных акцый. Адна з іх прайшла літаральна днямі ў сталічным кінатэатры “Піянер”. Мінскія першакласнікі са шматдзетных сем’яў і сем’яў, што выхоўваюць дзяцей-інвалідаў атрымалі падарункі ад мінчан. Калі ўжо працягваць школьную тэму, тэму, дзе галоўная фігура — першакласнік, – то сёння на розных школьных кірмашах можна для экіпіроўкі “будучага генія” набыць усе. Цана экіпіроўкі ад 140 рублеў і больш. Аднак, ёсць адна перасцярога. Мая знаемая набыла рукзак, многія пісьмовыя прыналежнасці і спартыўны касцюм, а потым усе гэта вяртала назад. Рэчы аказаліся нейкага незнаёмага паходжання. Кошт пакупкі быў невялікі і гэта стала галоўнай перавагай. Прыйшлі дадому, агледзелі і вырашылі ўсё ж вярнуць сумнеўныя пакупкі і набыць рэчы айчыннай вытворчасці. Усе ж якасць беларускіх школьных тавараў лепшая — і гэта даказана! Між іншым, і беларускія гігіеністы звяртаюць увагу бацькоў на тое, што пры набыцці школьнага адзення трэба абавязкова звяртаць асаблівую ўвагу на маркіроўку і дакументы, што падцвярджаюць бяспеку тавара. Да першага верасня, пачатку новага навучальнага года, лічаныя дні. Для бацькоў ёсць яшчэ крыху часу набыць неабходнае для сваіх дзетак. А потым ужо нашых першакласнікаў чакае першы школьны званок, першая кніжка пад назвай “Буквар” і першыя адкрыцці ў краіне ведаў.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: