
Сёння мне хацелася б працягнуць тэму, якая шырока абмяркоўваецца ў беларускім грамадстве і ў нашым радыёэфіры – Дэкрэт «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва».
Дапрацаваны дакумент мае шэраг навацый і, як сцвярджаюць людзі, для якіх адкрываюцца новыя магчымасці, дэкрэт надзвычай ліберальны. Яго базісныя асновы – садзейнічанне легальнаму прадпрымальніцтву (самазанятасць), стварэнне новых працоўных месцаў і падтрымка тых, хто жадае працаваць.
Нагадаю, дэкрэтам прадугледжана стварэнне пастаянна дзеючых камісій пры мясцовых органах улады. Роля такіх камісій – падысці індывідуальна да кожнага чалавека. А гэта вельмі важна.
Сустрэла напярэдадні сваячку. Яна даўно займаецца любімай справай – рамяством: з аўчыны шые розныя цёплыя рэчы. Атрымліваецца прыгожа, з асаблівым нацыянальным каларытам.
Аднак ў рамесніцы хапае праблем. Хворы муж – не працуе. Яна даглядае яго. Кажа, што прачытала ўважліва палажэнні Дэкрэта і вырашыла адкрыць свой бізнес. Зараз рыхтуе дакументы і пойдзе ў камісію па месцы.
Вядома, нельга распрацаваць адзіны алгарытм для кожнага выпадку. І вось гэта камісія павінна азнаеміцца з абставінамі, чаму і як чалавек трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю, разабрацца, аказаць, калі неабходна, дапамогу ў працаўладкаванні, а можа, і ўвогуле вырашыць праблему.
Гэта дапаможа эфектыўна рэгуляваць рынак працы, адсочваць колькасць беспрацоўных, кантраляваць і нават вырашаць спрэчныя пытанні з наймальнікамі. Камісіі даюць магчымасць кожнаму чалавеку быць пачутым. Дарэчы, такія камісіі павінны працаваць у цеснай звязцы з прафсаюзамі. Важна, каб дыялог таго, хто прыйшоў уладкоўвацца на працу, і наймальніка, праходзіў пры непасрэдным удзеле прафсаюзных работнікаў.
Такім чынам, у маёй сваячкі з’явілася надзея – будзе працаваць, плаціць пададкі, займацца любімай справай. І галоўнае, муж таксама будзе пад неабходным наглядам.
Але ж ёсць прыклады і іншыя. Калі маладыя, здаровыя людзі нідзе не працуюць, а жывуць не па сродках... Напэўна, вы такіх таксама ведаеце…
Рэалізацыя дэкрэта дасць магчымасць забяспечыць роўную сацыяльную адказнасць усіх грамадзян. Такое меркаванне выказаў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда. Ён звярнуў увагу, што ў дэкрэце закладзена вельмі важная норма – кожны здольны працаваць павінен як роўны ўдзельнічаць у фінансаванні сацыяльных паслуг. "Калі ёсць людзі, якія не плацяць падаткі, значыць, за іх гэта робіць хтосьці іншы – напрыклад, работнік завода. Пазіцыя прафсаюза ў гэтым плане адназначная: усе сёння павінны ў роўнай ступені плаціць за паслугі, якія атрымлівае насельніцтва", – сказаў старшыня ФПБ.
Дэкрэт справядліва і законна вызначае, што ўсе павінны працаваць легальна, а калі камусьці патрэбна дапамога ў працаўладкаванні, то дзяржава яе акажа. "Для ФПБ гэта вельмі важны дакумент, паколькі ён вырашае галоўнае для прафсаюзаў пытанне – занятасці", – падкрэсліў Міхаіл Орда.
Дэкрэт мае і вялікае гуманітарнае значэнне. Такую думку выказаў старшыня Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, старшыня Белтэлерадыекампаніі Генадзь Давыдзька. Дакумент забяспечвае галоўны прынцып беларускага грамадства — сацыяльную справядлівасць…