Падзяліцца:
13 снежня 2017
Пачну з нацыянальнай падзеі, якая дамінуе сёння ў нашых інфармацыйных праграмах: у Мінску праходзіць ІІ з’езд вучоных Беларусі. Да буйных форумаў у Беларусі мы прывыклі, але з’езд вучоных – падзея асаблівая. Паколькі мінулы праходзіў роўна 10 гадоў таму. Калі параўнаць, то пра электратранспарт, беспілотнікі, біятэхналогіі тады мы толькі пачыналі гаварыць, а нешта ўвогуле ўспрымалі як фантастыку. І вось, калі ласка, ад навуковых версій да рэальнасці. За гэтыя 10 гадоў беларуская навука зрабіла каласальны прарыў. З’езд працуе ў такіх фарматах: першы дзень –дыскусіі і работа па секцыях. Другі – плянарнае пасяджэнне, на якім плануецца абмеркаванне маштабнага стратэгічнага навуковага дакумента дзяржавы, які так і трактуецца - Стратэгія “Навука і тэхналогіі: 2018-2040”. Гэты дакумент напярэдадні актыўна абмяркоўваўся навуковай грамадскасцю. Згадзіцеся, для навукі 22 гады, а стратэгія вызначана менавіта такім тэрмінам – адрэзак часу вялікі. Зменіцца цэлае пакаленне вучоных і тут патрэбна кардынальнае амалажэнне кадраў. Пра гэта — размова асобная. Стратэгія павінна сфарміраваць кадравы патэнцыял маладых вучоных — будучай навуковай эліты дзяржавы. Неабходная новая сістэма мер па дадатковай матывацыі, падтрымцы маладых таленавітых людзей, якія прыходзяць сёння ў навуку. Пры размове з маладымі вучонымі, я вынесла некалькі праблемных момантаў з іх пазіцый: так, яны гатовы рухаць беларускую навуку, аднак шмат праектаў, над якімі яны зараз працуюць, маюць рызыкоўны характар. Сёння і заўтра ідэя магчыма і не стане вынаходніцтвам, а паслязаўтра – гэта ноў-хаў. Рызыка вялікая. Маладым вучоным сапраўды даюцца пэўныя фінансы на раскрутку праекта, аднак калі ён не спрацуе праз пэўны час — гэтыя фінансы патрэбна вярнуць. А як жа рухаць далей фундаментальную навуку? Калі пагартаць старонкі праекта Стратэгіі — а гэты дакумент утрымлівае каля 40 лістоў – то звяртаеш увагу на такі аспект, меры па стварэнні спрыяльнага нарматыўна-прававога асяроддзя, якое б павышала эфектыўнасць навуковых даследванняў. Да прыкладу, прадугледжваецца фарміраванне дзейснай сістэмы аховы, выкарыстання і абароны вынікаў інтэлектуальнай дзейнасці. Да слова, нядаўна ў Савеце Рэспублікі былі адобраны папраўкі ў “Закон аб патэнтах на вынаходствы, карысныя мадэлі, прамысловыя ўзоры”. Гэты заканадаўчы крок вельмі дарэчы якраз зараз, паколькі абавязкова на з’ездзе будзе ісці размова пра абарону вынаходніцтваў. Матывацыя да навукі — тэрмін гэты часцей сталі выкарыстоўваць якраз маладыя вучоныя. Ёсць ідэя, гарачая галава, хочацца падвучыцца, да прыкладу ў іншых замежных навуковых установах? Расія і Казахстан, скажам, за дзяржаўныя грошы пасылаюць навуковую моладзь на вучобу ў вядучыя замежныя лабараторыі альбо цэнтры. Магчыма і нам карысны такі вопыт. Хаця тут скептыкі будуць са мной спрачацца — вучым іх і вучым за грошы дзяржаўныя ў вну, а яны едуць потым пасля адпрацоўкі за мяжу. Так, едуць, за грашыма. І трэба зрабіць так, каб абавязкова вярталіся! Словам, пытанні ёсць. Мяркую, што з’езд вучоных паставіць на многіх з іх унушальную кропку.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: