Падзяліцца:
«Па-сутнасці. Памяняць гарадскую мітусню на вясковую цішыню. Тэндэнцыя часу?» Радыёблог Алены Швайко (аўдыё)
11 верасня 2018
«Па-сутнасці. Памяняць гарадскую мітусню на вясковую цішыню. Тэндэнцыя часу?» Радыёблог Алены Швайко (аўдыё) Зусім нядаўна на адным з тэлеканалаў быў паказаны рэпартаж з глыбінкі – маладая сям’я пераехала жыць з горада ў вёску. Быў расказ пра цяжкасці, з якімі сустрэліся новыя вяскоўцы і пра тое, як пераадолелі іх. З дапамогай родных, сяброў, мясцовай царквы. На дапамогу прыйшла і мясцовая ўлада. Так, сёння многія маладыя людзі, сямейныя пары, стомленыя мітуснёй буйный гарадоў, едуць жыць у глыбінку. Адна справа – калі ёсць пад’ёмны капітал, здаровыя рукі і дапамога родных. А калі маецца яшчэ і спецыяльнасць, да прыкладу, эканаміст — працаваць і жыць можна. Вырашыла пацікавіцца, можа гэта такая тэндэнцыя апошняга часу? Аказваецца, даволі шмат людзей едуць жыць якраз у беларускую глыбінку. Асвойваюць хутарское жыцце, заводзяць коз, кароў, іншую хатнюю жывелу. Прыклад? Калі ласка! Маладая сям'я з Мінска пераехала на хутар у Браслаўскі раён, дзе вядзе вялікую гаспадарку і варыць сёння больш за 10 відаў сыру. Што ж, Браслаўшчына — край прыгожы. Кажуць, калі хоць раз сюды завітаеш —надоўга ў памяці застаецца. Дык вось, маладая сям’я Юлія і Аляксей Бачурынскія набылі звычайную вясковую хатку ў аддаленым месцы, каб прыязджаць сюды і атрымліваць асалоду ад цішыні, хадзіць у лес, купацца ў чыстых азёрах і атрымліваць энергетыку ад прыроды. Ніякіх планаў заставацца не было, думалі, што гэта летні варыянт баўлення часу. Але калі прыйшла восень, муж і жонка вырашылі паспрабаваць застацца на зіму і завялі пару авечак. З іх і пачалася гаспадарка. Зараз сям’я выпускае запатрабаваную малочную прадукцыю, сыры. Іх ведаюць мясцовыя жыхары, турысты не абыходзяць іх падворак ніколі — Браслаўшчына — край турыстычны. Так, прыклад добры. Але зноў жа тут аселі людзі здаровыя, без нейкіх жыццёвых перашкод. У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны расказалі пра адну цікавую ініцыятыву. "Вёску роўных магчымасцей" для маладых інвалідаў плануюць стварыць на Століншчыне. Ініцыятыва зыходзіць ад раённага Цэнтра падтрымкі маладых інвалідаў. Дарэчы, яна частка праекта пад назвай "Цэнтр незалежнага пражывання для людзей з інваліднасцю", які рэалізуецца ў вёсцы Лука. Тры гады таму Столінскі выканкам на бязвыплатнай аснове перадаў грамадскаму аб'яднанню дзве пабудовы былой базавай школы з зямельным участкам каля гектара. У будынку плошчай 200 кв.м з дапамогай мясцовых жыхароў створана і дзейнічае дамавая капліца ў гонар Свяціцеля Лукі. У планах там жа ўладкаваць майстэрню, памяшканне будзе ацяпляцца. У зімовы перыяд плануюць туды забіраць бабуль і дзядуль, якія не змогуць адны зімаваць у сваіх дамах. Будынак побач плануюць зрабіць не толькі жылым. Тут будуць пражываць людзі з затрымкай разумовага развіцця, як мяркуецца, шэсць чалавек. У майстэрні створаць і рабочыя месцы. Занятак можа быць розны: разьба па дрэве, вязанне, ткацтва, сталярныя работы. Плануюць пабудаваць кухню, сталоўку, нават летні амфітэатр — увесь комплекс неабходнага камфорту. Мэта праекта – стварыць умовы для незалежнага пражывання маладых інвалідаў. Будуць тут і сямейныя пары. Калі вопыт прыжывецца, можна будзе распаўсюдзіць яго і на іншыя раёны Беларусі. Такая ініцыятыва слушная. Бо жыць на вёсцы інвалідам цяжка. Аднак дзяржава можа стаць надзейнай апорай на іх жыццёвым шляху.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: