Падзяліцца:
Па-сутнасці. Паважай бацькоў сваіх... Радыёблог Алены Швайко (аўдыё)
21 снежня 2016
Па-сутнасці. Паважай бацькоў сваіх... Радыёблог Алены Швайко (аўдыё) Літаральна праз чатыры дні каталікі будуць святкаваць Ражаство Хрыстова. Праз тыдзень пасля Новага Года Ражаство адзначаць праваслаўныя. Свята прыгожае і час прыгожы, калі збываюцца дзіцячыя мары. Вядома, хацелася б. каб і дарослыя дакрануліся да цудаў. А цуды мы ствараем самі. сваім жыццём і стаўленнем да жыцця. Вось у гэтыя перадкалядныя дні мне хочацца паразважаць пра такія рысы чалавечай душы, як спагада - вялікая удзячнасць нашым бацькам за тое, што далі жыцце і вялікае багацце - быць чалавекам. Паважай маці і бацьку свайго - так занатавана ў біблейскіх запаведзях. Як важна, калі з табой па жыцці ідуць твае бацькі: толькі яны падтрымаюць у любых абставінах: і радасных, і сумных. Яны будуць побач, калі ты спатыкнуўся і зрабіў нешта нават непрыстойнае. Мудрая бацькоўская парада, дапамога, магчыма і фінансавая, стане тым маяком, што выведзе на годны жыццёвы шлях. Я не буду расказваць пра ўсялякія жыццёвыя абставіны, калі менавіта маці і бацька - і толькі яны - літаральна, выцягвалі свае дзіця з розных складаных сітуацый. Мяркую, што ў кожнага з нас яны былі. Размова пойдзе пра іншае, пра тое, калі дзеці, прыкрываючыся неадкладнымі справамі, бізнесам, праблемамі, забываюць на сваіх бацькоў. Адзінота - самае страшэннае зло ў старасці. Прыклад: маці вырасціла траіх дзяцей: дзве дачкі і сына. Усім дала вышэйшую адукацыю, праўда яшчэ быў жывы муж... Зараз дзеці ўсе добра матэрыяльна забяспечаныя. Да маці прыязджаюць рэдка: паколькі пастарэла, хвароб маса, адны толькі скаргі, ногі не слухаюцца, не хапае грошай на лекі, на ежу... Час бы і хату прыбраць: занавескі на вокнах чорныя ад пылу... Дзякуй богу, што прыходзіць да жанчыны сацыяльны работнік: і падлогу памые і посуд, за жанчынай прыбярэ, пагаворыць. А вось дочкі маўчаць. Праўда, працу сацыяльнага работніка аплачваюць. Дзве дачкі ўжо самі пенсійнага узросту, не працуюць, але да маці завітаць няма часу. І як кажуць яны, берагуць свае нервы, бо занадта маці патрабавальная стала... Мы жывем па спіралі. Гэта даказана фізікамі. Усе, што мы ствараем у жыцці, абавязкова вернецца. Памятаю фразу свайго бацькі, пачутую яшчэ ў дзяцінстве: як ты ставішся да сваіх бацькоў, так і дзеці твае будуць да цябе ставіцца. Бо прыклад бацькі і маці - гэта школа жыцця для тваіх дзяцей і унукаў... І выпадак іншы, пазітыўны. Тры браты-пагодкі. Ажаніліся. Як кажуць, пашанцавала ім і іх бацькам. Свякроў не нарадуецца на нявестак: клапатлівыя, уважлівыя. Калі патрэба ўзнікае ў дапамозе, абавязкова прыедуць да маці. А сыны, дык тыя кожны выхадны ў роднай вёсцы: і прадукты прывязуць, і дроў назапасяць. Зайздросцяць аднавяскоўцы жанчыне: і хлопцы годныя, і нявесткі разумныя... Вось такія прыклады я прывяла з асабістага назірання. Многае ў сям'і (калі не ўсё) залежыць ад жанчыны. Як яна выхоўвала дзяцей, якія адносіны былі ў сям'і, як шанавалі і паважалі старэйшых у доме, так і склалася ўяўленне пра жыццё. Жанчына, па сутнасці, гэта не толькі маці, яна і педагог, і анёл-ахоўнік, і сама мудрасць. Што ж, пажадаю ў гэтыя перадкалядныя дні ўсім быць мудрымі і спагадлівымі. Адкінем у адносінах карыслівасць. Патэлефануем бацькам і шчыра прызнаемся ў вялікай любові да іх...
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: