Падзяліцца:
Па-сутнасці. Перасяляемся на вёску? Радыёблог Алены Швайко (аўдыё)
27 сакавіка 2018
Па-сутнасці. Перасяляемся на вёску? Радыёблог Алены Швайко (аўдыё) Нагодай для майго сённяшняга радыёблогу стала навіна з Магілева: напярэдадні ў гэтым рэгіёне стартаваў "Тыдзень перасялення" у сельскую мясцовасць. У чым яго сутнасць? Гараджане, якія пажадалі пераехаць у сельскую мясцовасць, змогуць атрымаць жыллё і працу, а беспрацоўныя - яшчэ і грашовую дапамогу. Гэта дзевяць бюджэтаў пражытачнага мінімуму - амаль 1800 рублёў. Прычым, матэрыяльную дапамогу не трэба будзе вяртаць дзяржаве, калі чалавек адпрацуе год на новым месцы. Праўда, навіна з разраду неардынарных для найноўшай гісторыі Беларусі, бо да гэтага часу працэс быў адваротны - ехалі з вёскі ў горад. Хаця гісторыя падказвае і іншыя прыклады. Бацька мой расказваў: пасля Вялікай Айчыннай на пачатку 1960-х гадоў у вёскі паехалі так званыя шасцідзесятнікі - урачы, ветэрынары, аграномы. Уздымаць разбураную вайной сельскую гаспадарку. Сталічны рэгіён, Вілейшчына. Маладая сям'я агранома Юрыя Цітова прыехала ў вёску Загараны Вілейскага раёна. Пасля вайны колькі там гадоў прайшло - людзі не вельмі лаяльна адносяцца да чужакоў. І вось вечарам маладая сям'я з дзвюма дачушкамі ідзе ўздоўж вясковай вуліцы прасіцца на кватэру альбо хаця б на начлег. Апошні дом быў наш. Так і пасялілася сям'я ў нашай вясковай хаце. Праўда, потым калгас пабудаваў асобны дом. Дагэтуль ужо мы — новае пакаленне - сябруем з гэтай сям'ёй. Але вернемся да навіны з Магілёва. Больш за 30 сем'яў скарысталіся ўжо такой магчымасцю ў рэгіёне. А вось галоўнай крыніцай інфармацыі ў пошуку новага месца жыхарства стала рэспубліканская база даных, дзе кожны можа знайсці вакансіі з прадастаўленнем жылля. Упраўленне па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне забяспечвае кансультацыйную, арганізацыйную і матэрыяльную падтрымку. “Тыдзень перасялення” - гэта, па-сутнасці, своеасаблівая рэкламная акцыя для тых, хто гатовы змяніць сваё жыццё. Бо, па цяперашніх умовах, гараджане павінны змяніць не толькі свой побыт, стыль жыцця, але і рэгістрацыю, на што далёка не ўсе вырашаюцца. Непасрэдна ж пераехаць і працаўладкавацца ў сельскай гаспадарцы можна на працягу ўсяго года. Але, як правіла, людзі гэта робяць вясной ці летам, што дазваляе лепш адаптавацца ў новых умовах, паспець завесці гаспадарку і спазнаць плён ад атрыманага першага ўраджаю на ўласным гародзе. Самымі запатрабаванымі вакансіямі ў вёсцы застаюцца кваліфікаваныя спецыялісты: ветурачы, заатэхнікі, аграномы. Зрэшты, як і ва ўсе часы, на вёсцы патрэбны спецыялісты з вышэйшай адукацыяй—прафесіяналы. Хаця досыць вялікі выбар і для спецыялістаў рабочых прафесій - механізатараў, вадзіцеляў, жывёлаводаў, аператараў машыннага даення. Калі браць магілёўскі “Тыдзень перасялення”, то сёння прыдатныя варыянты шукаюць для 14 сем'яў, якія звярнуліся ў сацыяльныя службы па гэтым пытанні. Летась дапамаглі стаць вяскоўцамі тром сем'ям, якім прадастаўлена і жыллё і праца з годнай аплатай. Навіна з магілёўскай прапіскай прагучала на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё і … многія сталі тэлефанаваць: а ці ёсць вакансіі на вёсцы ў іншых рэгіёнах Беларусі? Патрабаванні простыя: школа, ФАП, транспартныя зносіны з абласным цэнтрам. Калі раённы цэнтр побач, то, пажадана, добры гандлёвы цэнтр. А калі яшчэ і забаўляльны ёсць, хоць і невялікі, то проста шыкоўна. Галоўнае — мець работу, жылле і ўпэўненасць ў будучым дні. А там, магчыма, і ўласную справу адкрыюць. Вёсцы маладыя і дужыя рукі сёння вельмі патрэбныя. Словам, як казаў адзін з палітычных дзеячаў нашай нядаўняй гісторыі, — «працэс пайшоў». Варта яго падтрымаць.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: