
Давайце паразважаем сёння, што такое культура паводзін чалавека? Тут адказаў можа быць шмат. Культура паводзін на вуліцы, пры ваджэнні аўтамабіля, у медыцынскай установе, на працоўным месцы. Ветлівыя і паважлівыя адносіны да суседзяў. А вось я хачу нагадаць, што існуе культура, па крайняй меры, павінна існаваць – культура паводзін гараджаніна.
Звярнуся да прыкладу, добра было б, каб адзінкавага... Кожную вясну камунальнікі ўпрыгожваюць нашы двары. Вядома, многае робяць і самі жыхары. Дык вось, літаральна, напачатку мая ў раёне сталічных вуліц Варанянскага і Жукоўскага з’явіліся шыкоўныя гліняныя кветкавыя вазы. Сёння толькі 21 мая, а яны ўжо стаяць без ручак, без ножак і… без кветак. Хто зрабіў гэту агідную справу? Вядома, самі жыхары. І няважна, ці былі гэта дзеці, ці выпадковы прахожы, але прыгажосць, на вялікі жаль, знікла…
Парковачных месцаў для машын ў нашых дварах не хапае. Іншы раз паркоўка машыны, недалёка ад пад’езда, нагадвае цыркавы трук. І тут даволі часта аўтаўладальнікаў “выручае”… зяленая зона ля пад’езда. І тут камунальнікі нагадалі нам, што трэба берагчы гэты невялічкі кусочак зеляніны, і высадзілі на зялёных зонах шыкоўныя кусты бэзу. З бутонамі! І што? Зніклі і яны…
Напэўна, вы бачылі і такую карціну. Высотка, на апошнім паверсе, 10-ым альбо 12-ым – не важна – хтосьці па-дзелавому так, на ўсю моц, вытрасае палавік…
Аднак варта прывесці прыклады і пазітыўныя. Кожны этаж пад’езда —карцінная галерэя. Чыста, утульна, кветкі на падаконніках. Смеццеправод —нібы мастацкі твор, так закумуфліраваны, што не адразу пазнаеш. І суседзі ветлівыя, бо самі ж ствараюць гэтую ўтульнасць і прыгажосць.
Што ж кажа статыстыка? Толькі з пачатку гэтага года камунальныя службы Мінска добраўпарадкавалі больш сотні двароў і адрамантавалі звыш 60 тысяч квадратных метраў птрыдваровых праездаў. Вельмі хацелася б, каб хоць да восені гэта добраўпарадкаване захавалася.
Калі ж, наогул, паглядзець на Мінск вачыма гараджаніна, то кожная вясна мяняе горад кардынальна. Ландшафтныя кампазіцыі ўражваюць фантазіяй.
Мінчанам добра знаёмы будынак гасцініцы “Беларусь”. Побач на вялікай адкрытай зоне гэтай вясной высаджана больш за 3 тысячы туй. Праект распрацаваны спецыялістамі Мінскзеленбуда. Дарэчы, надпіс "Беларусь" з чырвоналіставога хмызняку дапоўніць зялёны лабірынт у выглядзе карты краіны ў скверы Старасцінская слабада. Праўда, работы гэтыя правядуць ўвосень, бо такі хмызняк прыжываецца якраз такой парой. Такім чынам, кампазіцыя набудзе заверашаны ландшафтны выгляд. Будуць нават пазначаны асаблівымі кветкавымі кампазіцыямі і рэгіены краіны.
Веснавое кветкавае афармленне горада павінна скончыцца да чэрвеня. Потым пачынаецца афармленне ўжо летняга сезона. Зараз асаблівая ўвага фасадам і агароджы, асабліва ў сектары індывідуальнай забудовы. Абнаўляюцца ўяздныя знакі і тыя, хто карыстаецца аўтамабільнымі трасамі Мінскай кальцавой, напэўна, заўважылі гэтыя змены.
Аднак і ў самім горадзе разметка на дарогах магла б быць больш яркай, прыкметнай. Такія пажаданні чутны часта ад аўтамабілістаў.
Вось так, разам, мы можам і проста павінны зрабіць нашы гарады, дамы, двары, пад’езды прыгожымі і ўтульнымі. Давайце памятаць — усё залежыць ад нас, ад нашай з вамі культуры паводзін…