Падзяліцца:
29 жніўня 2017
Лічаныя дні застаюцца да 1 верасня, калі краіна пойдзе ў школу. Без перабольшвання — маладое пакаленне школьнага ўзросту — гэта значная частка насельніцтва Беларусі. З ранку перад выхадам на працу — актыўная дыскусія ля пад’езда дома. Бабулі і дзядулі, якія ведаюць ўсё і пра ўсіх, дыскутуюць наконт школьных навін. Аказваецца, сёлета каля 60 працэнтаў мінскіх школ будуць пачынаць заняткі не ў 8 гадзін раніцы, як гэта было раней, а на гадзіну пазней — у 9. Меркаванні падзяліліся: адны былі за такое новаўвядзенне. Апаненты аргументавалі, маўляў, ломка прывычных норм жыцця школьніка — галоўнага чалавека ў сям’і. Першыя — няхай паспяць. Такая напружаная праграма школьная. Іншыя — наадварот: патрэбна дысцыпліна, нельга ламаць заведзены парадак. Хаця добра разумеюць, што пасля летніх канікул заведзены парадак — рэч міфічная. Усе пачынаецца спачатку. Памятаю свой школьны вопыт, праўда, даўнавата гэта было..., як кажуць, у савецкія часы. Мы шлі ў школу да 9 гадзін і роўненька па сігналу Беларускага радые пачынаўся першы ўрок. Высыпаліся ці не? Канешне, не! У колькі б гадзін мы не ўставалі — спаць хацелася заўсёды. Потым спрацоўваў генетычны механізм і мы прывыкалі. Другая тэма, якая стала прадметам дыскусій ля пад’езда – скарачэнне перапынку паміж урокамі. Аргументы — а як жа дзеткі змогуць падсілкавацца. Тым больш, што школьныя сталоўкі перапоўненыя. Давайце ўдакладнім: згодна з санітарнымм нормамі і правіламі, працягласць перапынкаў паміж зменамі (першай і другой — маецца на ўвазе) з новага навучальнага года зменшыцца. Што да харчавання, то тымі ж санітарнымі нормамі вызначана, што ва ўстановах адукацыі павінна быць прадугледжана не менш за дзве вялікія перамены для прыёму ежы школьнікамі. Колькасць такіх перапынкаў можа быць павялічана з улікам спецыфікі ўстановы адукацыі і змяшчальнасці абедзеннай залы. Час пачатку вучэбных заняткаў вызначаны санітарнымі нормамі і правіламі. Згодна з імі, заняткі павінны пачынацца не раней 8.00, аптымальны час пачатку вучэбных заняткаў – 9.00. Другая змена ў школах павінна пачынацца не пазней за 14.00 і завяршацца не пазней за 19.30. У мінулым навучальным годзе трэць устаноў адукацыі пачыналі заняткі з 9.00, яшчэ трэць – з 8.30, астатнія – з 8.00. Гэта лічбы ад Міністэрства адукацыі. Аднак, згадзіцеся, некаторыя новаўвядзенні новага навучальнага года ў народзе выклікаюць пытанні. Зрэшты, заўседы любая рэформа, а тым больш школьная, сустракаецца з пэўнымі цяжкасцямі. У працэсе яе рэалізацыі ідзе адаптацыя - да школы, да рэгіена, да асаблівасцяў педагагічнага працэсу. І вядома, хочацца, каб і бацькі паўдзельнічалі ў гэтым працэсе. Яшчэ адна школьная тэма, якая не зыходзіць каторы год запар — працоўнае выхаванне. Есць меркаванне, што зараз для агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі існуе праблема недастатковасці працоўнага выхавання. Іншы раз, першакласнік нават не можа зашпіліць сам сабе гузікі і завязаць шнуркі на туфлях. Клапатлівыя бабулі раней рабілі за іх гэту работу. А дзе самастойнасць? Адказнасць за школу — а гэта работа для школьніка — пачынаецца якраз з малога: сам самастойна збірайся на заняткі. Калі браць больш маштабна гэту праблему, то ўрокі працы патрэбны ў школе. Розныя. А вось якія? Вырашаюць педагогі і бацькі. Вядома, не патрэбна, прымушаць вывучаць іх, да прыкладу, з чаго складаецца рухавік. Хаця тут многія бацькі скажуць — а чаму б і не? Зноў жа, прыклад з уласнага школьнага юнацтва. Нас навучалі кіраваць трактарам. Для хлопчыкаў гэта было вялікае задавальненне. Для дзяўчынак, мякка кажучы, было расчараваннем. У маей практыцы — першая спроба кіраваць трактарам скончылася сумна — і трактар, і мяне асабіста вылавілі ў саджалцы. Працоўнае выхаванне ў школе — першыя парасткі выхавання той павагі да працы бацькі альбо маці. Працоўнае навучанне прывівае навыкі ў дзяцей, якія спатрэбяцца потым у дарослым жыцці. Гэта адзін з неабходных элементаў адукацыйнага працэсу. Краіна праз некалькі дзён пойдзе ў школу. А гэта азначае, што да тэмы мы яшчэ не раз звернемся ў сваіх радыеблогах.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: