Падзяліцца:
5 верасня 2017
Сёння Міжнародны дзень дабрачыннасці - у самой назве дня ляжыць галоўная сутнасць існавання чалавека - ствараць дабро. Калі браць гісторыю гэтага дня, то ён быў заснаваны па рэзалюцыі Арганізацыі Аб’яднаных нацый, як водгук на тыя гуманітарныя крызісы, з якімі сутыкаецца чалавецтва. А ініцыятыва абвяшчэння такога дня ішла ад Венгрыі. Вырашана было 5 верасня ў дзень смерці маці Тэрэзы Калькуцкай – а гэта быў 1997 год – заснаваць такі дзень. Вядомая місіянерка і каталіцкая манахіня - маці Тэрэза - паўвека дапамагала бедным, хворым і сіротам. Займалася дабрачыннай дзейнасцю спачатку ў Індыі, а потым і ў іншых краінах свету. У 1979 годзе маці Тэрэза стала лаўрэатам Нобелеўскай прэміі. Наколькі сення ў сучасным тэхналагічным свеце, які так імкліва развіваецца — але пры гэтым існуе голад і галеча, адбываюцца сацыяльныя, эканамічныя і тэхнагенныя катастрофы – мы маем патрэбу ў дапамозе? Пытанне хутчэй рытарычнае. Узгадаем чарнобыльскую катастрофу. Бяда прыйшла ў беларускі дом і многія дзяржавы адгукнуліся на наш боль. Расія, Германія і Японія — былі першымі. Беларускія дзеці адпачывалі і папраўлялі здароўе ў нямецкіх і япоскіх сем’ях. Яшчэ адна тэхнагенная катастрофа - трагедыя Фукусімы - для беларусаў не была чужой бядой і мы адразу сталі дапамагаць ва ўсім краіне Узыходзячага сонца. Вядома, што зусім нядаўна Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прымаў прадстаўнікоў Сірыі і шла прадметная размова пра гуманітарную дапамогу гэтай краіне. Беларусь прымае на аздараўленне сірыйскіх дзяцей. Дарэчы, многія сірыйскія дзеткі пабывалі ўжо ў нашым аздараўленчым цэнтры “Зубраня” і знайшлі новых сяброў. Сірыйскія юнакі і дзяўчаты будуць вучыцца ў беларускіх вну. Беларусь і беларусы ўмеюць дапамагаць. Мы заўседы адгукаемся на чужую бяду. Мая суседка — пенсіянерка — чалавек сталага веку — вось ужо каторы год кожны дзень набірае нумар тэлефона, пазначаны на тэлеэкране, каб аддаць свае, хоць і невялікія грошы, на хворых дзяцей, што маюць патрэбу ў лячэнні за мяжой. І такіх прыкладаў — шмат. Дабрачыннасць, па сутнасці, носіць добраахвотны характар і не накіравана на атрыманне прыбытку. Сення патрэба ў дабрачыннасці надзвычай высокая: колькасць бежанцаў, што бягуць з гарачых кропак планеты дасягнула рэкордна высокага ўзроўню з часоў Другой сусветнай вайны. Гэта гуманітарны планетарны крызіс і для дабрачыннасці тут поле шырокае. Толькі з Украіны мы прынялі з пачатку ваенных дзеянняў сотні тысяч бежанцаў. Далі жылле, працу. Беларусы – лідары ў такой гуманітарнай справе як валанцерскі рух. Валанцеры дапамагаюць пажылым і хворым. Па абласцях інспектуюць закінутыя драўляныя каплічкі і храмы, і потым пад кіраўніцтвам спецыялістаў-дойлідаў прымаюць ўдзел у іх рэстаўрацыі і аднаўленні. Літаральна днямі завяршылася дабрачынная акцыя Беларускага саюза жанчын “Збярэм школьны партфель разам”. Мэта гэтай акцыі — дапамога малазабяспечаным сем’ям падрыхтаваць дзяцей у школу. І такія акцыі кожны год перад пачаткам навучальнага года сталі традыцыяй. Яшчэ адна традыцыя, якую, дарэчы, падхапілі многія дзяржавы СНД — напярэдадні Новага года праводзіць дабрачынную акцыю “Нашы дзеці”. Пачыналася яна з ініцыятывы грамадскіх арганізацый, а сення акцыя мае ўжо рэспубліканскі характар. Ёй ужо 29 гадоў. За гэты тэрмін — пад клопатам дзяржавы – ўсе сацыяльныя установы, дзе ўтрымліваюцца хворыя дзеткі. У Беларусі працуюць дабрачынныя арганізацыі розных накірункаў — мы дапамагаем дзецям, дарослым, інвалідам, людзям, якія па розных прычынах аказаліся ў цяжкай жыццевай сітуацыі. Варыянтаў дапамогі шмат — можна ахвяраваць грошы, аддаваць рэчы, быць донарам, тушыць пажары, альбо проста пагутарыць з адзінокім чалавекам. Галоўнае разумець — што дапамагаць адно аднаму не доўг ці абавязак, а проста шчасце. Калі мы шчодрыя, мы больш спагадліва адносімся да праблем людскіх. Гэта дапамагае цаніць жыцце і чалавечыя стасункі. І дзяржава, у якой існуе дабрыня і спагада, а не агрэсія – сапраўды моцная.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: