
Кажуць, статыстыка — лепшы доказ чалавеку, які ў чымсьці сумняваецца; нядаўна зайшла спрэчка сярод знаёмых урачоў, што ўплывае на працягласць нашага жыцця. А ўрачы гэтыя доўгі час працавалі ў Японіі. Больш за ўсё доўгажыхароў менавіта там – цудоўны клімат, добрая экалогія, японцы шмат ужываюць морапрадуктаў, амаль не ўжываюць алкаголь, шмат рухаюцца.
Дарэчы, калі прытрымлівацца логікі, то абсалютна такія ж аргументы на карысць доўгажыхарства і ў Італіі, Бразіліі, Іспаніі, Аўстраліі.
Калі браць Беларусь, то ў нас жыве каля 400 чалавек старэйшых за 100 гадоў. У асноўным – у Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай абласцях. Для статыстыкі — малавата.
Сапраўды, клімат, экалогія, марское паветра, дзе шмат ёду і мікраэлементаў, харчаванне — ўсё мае вялікую карысць для жыцця чалавека, для яго працяглага і паўнацэннага жыцця. Але ёсць яшчэ і генетыка нацыі, якая спрацоўвае ў стрэсавых жыццёвых сітуацыях, зберагае генафонд і ўплывае на тое ж доўгажыхарства.
Надзвычай цікавую сумесную работу вырашылі правесці вучоныя-генетыкі Беларусі і Сардзініі. Работу па генетыцы даўгалецця. Як расказала вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі экалагічнай генетыкі і біятэхналогій Інстытута генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Алена Міхаленка, пачынаецца супрацоўніцтва беларускіх вучоных з кафедрай геранталогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі і з універсітэтам Кальяры на Сардзініі.
Гэты востраў – адзін з пяці рэгіёнаў свету, дзе найбольшая колькасць доўгажыхароў. Мэта такой міжнароднай навуковай работы, а дакладней, эксперыменту – не толькі вывучыць генетычныя асаблівасці жыхароў і Беларусі, і Сардзініі, не толькі павялічыць працягласць жыцця, але і палепшыць яе якасць, зрабіць даўгалецце актыўным. І вось тут галоўнае месца ў даследаванні – генетыцы. Трэба выявіць і сярод сардзінцаў, і сярод беларусаў генетычныя асаблівасці, схільнасць да той альбо іншай хваробы, скарэкціраваць лад жыцця і захаваць здароўе.
Алена Міхаленка раскрывае некаторыя дэталі: калі выяўлена схільнасць да сардэчна-сасудзістых захворванняў, бранхіяльнай астмы альбо іншых хвароб — можна даць рэкамендацыі, якую дыету чалавеку выбраць, якая фізічная нагрузка будзе для яго найбольш карыснай. І такім чынам знізіць рызыку развіцця захворванняў.
Такі своеасаблівы генетычны пашпарт чалавек атрымлівае з дзяцінства, а з цягам часу настолькі ўжываецца з рэкамендацыямі, што па–сутнасці, такі пашпарт становіцца галоўным жыццёвым арыенцірам у сэнсе здароўя.
Генетычны пашпарт – гэта дакумент, у якім змяшчаюцца звесткі пра генетычныя асаблівасці чалавека. Менавіта гены ў вялікай ступені адказныя не толькі за нашу знешнасць і здольнасці, але і за наша здароўе. Таму вельмі важна вызначыць, да якіх захворванняў у чалавека ёсць схільнасць, асабліва калі яны залежаць не толькі ад генаў, але і ад ладу жыцця. Калі такая схільнасць выяўлена, можна правесці прафілактыку і прадухіліць хваробу. Генетычны аналіз, у тым ліку, дазваляе вызначыць індывідуальную адчувальнасць да лекаў. Дарэчы, лекі могуць аказваць на людзей розны ўплыў у залежнасці ад генетычных асаблівасцей. У кагосьці ад некаторых прэпаратаў могуць узнікнуць пабочныя эфекты, аж да смяротнага зыходу. Медыцына павінна быць персаналізаванай, а генетычны пашпарт – гэта перш за ўсё кіраўніцтва да дзеяння. Вучоныя з Сардзініі зацікавіліся такой работай беларускіх вучоных.
Нашы навукоўцы таксама плануюць праводзіць генетычнае тэсціраванне на стрэсаўстойлівасць і іншыя псіхаэмацыянальныя асаблівасці чалавека. Пакуль тэхналогія ў стадыі распрацоўкі. З мінулага года пачалася рэалізацыя навуковай праграмы Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі «ДНК-ідэнтыфікацыя», па якой вядуцца навуковыя даследаванні ў гэтай галіне. Работа надзвычай цікавая. Безумоўна, прынясе шмат адкрыццяў. Праўда, пакуль гаварыць пра вынікі гэтай праграмы рана, вядома толькі, што за даследаваннямі ўважліва сочаць крыміналісты дзвюх дзяржаў.