Падзяліцца:
«Па-сутнасці. Як выбраць прафесію?» Радыёблог Алены Швайко (аўдыё)
15 кастрычніка 2018
«Па-сутнасці. Як выбраць прафесію?» Радыёблог Алены Швайко (аўдыё) Восень – самая багатая пара не толькі на ўраджай, але і на… дні нараджэння. Завітала неяк да сяброў – павіншаваць хросніка. Гэты навучальны год для яго – год роздуму, выбару будучай прафесіі. Канешне, айцішнікам павінен быць, упэўнены бацька-праграміст. А вось маці супраць: хай пойдзе па дынастыі маіх бацькоў – толькі ўрач! Бабулі і дзядулі ўнука з абодвух бакоў галасуюць за ўрача і яшчэ, як выключэнне, за юрыста. Юнак слухае… Аднак бачу, ён сваю пазіцыю наконт гэтага мае. Праўда, мне прызнаўся, што пакуль канчаткова не вызначыўся, але ж прафесія павінна быць абавязкова звязаная з машынабудаваннем… Памятаеце, у савецкія часы, якія засталі многія дзядулі дый бацькі, у пашане былі пяць асноўных прафесій: юрыст, урач, настаўнік, інжынер і эканаміст. Пайсці на рабочага было, мякка кажучы, зусім не тое... А зараз давайце зазірнём на партал Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Калі дакладней – прапаную пазнаёміцца з сацыяльным праектам “ПРАФ-арыенцір”. Менавіта тут можна глыбей даведацца пра ўсе нюансы многіх рабочых прафесій – сучасных, з выкарыстаннем тых жа ІТ. Для старшакласнікаў падрыхтавана падрабязная прэзентацыя спецыяльнасцей. Тут і фатаграфіі, парады па выбары прафесіі, розныя цікавыя і змястоўныя артыкулы па тэме. Усё дапаўняецца аповедамі саміх старшакласнікаў пра іх экскурсіі на буйнейшыя беларускія прадпрыемствы: БелАЗ, МАЗ, МТЗ, Джылі. Дзяўчынак звычайна прываблівае праца дызайнера, швачкі, цырульніка, мадэльера. Адметна, што і гэтыя прафесіі падаюцца праз сустрэчы з людзьмі, якія сталі профі ў сваёй спецыяльнасці, пазналі ўсе азы, ганарацца сваёй справай і атрымліваюць ад яе задавальненне. Вядома, ёсць шмат сумежных прафесій: галіна альбо сфера дзейнасці адна, а прафесіі розныя. Вось, напрыклад, ёсць відэа, як вучацца на таго ж сантэхніка. Тут проста руйнуюцца ўсе стэрэатыпы. Сёння сантэхнік павінен абавязкова валодаць камп’ютарам. Камп’ютарызацыя галіны – бясспрэчная перспектыва развіцця сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Цікавая была сустрэча на партале з машыністам электравоза, электробуса. З дворнікам, які складае вершы і займаецца мядовым бізнесам. Колькі ён ведае пра пчол – заслухаешся! У згаданага намі партала ёсць яшчэ адна важная задача: паказаць старшакласнікам, наколькі важная актыўная асабістая пазіцыя пры выбары прафесіі. І вось тут вельмі дарэчы будуць некалькі парад. Ніколі не плывіце па волі выпадка, маўляў, што-небудзь скончу і знайду работу. Магчыма і будзе работа, але ж душа будзе імкнуцца зусім да іншага. Другая парада. Падабаецца прафесія, аднак ці адпавядаеце вы ёй самі: ваш характар, фізічны стан, інтэлектуальныя здольнасці… Таксама нагода для роздуму. Ёсць парады і для бацькоў. Ні ў якім разе не “ўключайце” свой бацькоўскі рэсурс. Лепш шчыра пагаварыце з сынам альбо дачушкай. Магчыма, знойдзіцца тая залатая сярэдзіна... Пагадзіцеся, бываюць і такія сітуацыі: падабаецца ўсё, ведаць хочацца шмат, а вось вызначыцца цяжка. Год-два-тры пасля школы паразважаю, падумаю, а потым нібыта ўсё на свае месцы стане. Не, так нельга! Гэта лянота, якая звычайна пераходзіць у пастаянны стан душы. А душа павінна працаваць, здаецца, так казалі класікі. Калі ж выбар зроблены, станьце прафесіяналам. Гэта галоўная ўзнагарода ў жыцці. Трэба быць настойлівым ў дасягненні сваей мэты, больш цікавіцца і ніколі не здавацца перад цяжкасцямі. Кажуць, прафесій шмат, але адна толькі твая. Мяркую, што партал Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі 1prof.by – добры памочнік у выбары прафесіі. Заходзьце і вызначайцеся!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: