
Выхад радыёблога сёння супаў з маім любімым святам — Днём касманаўтыкі; яно бярэ пачатак з савецкага часу, і многія жыхары Беларусі памятаюць той дзень, калі ў космас паляцеў першы чалавек – Юрый Гагарын. Ён стаў сімвалам касмічнай эпохі. У кагорце касманаўтаў і нашы суйчыннікі.
Народны мастак Беларусі скульптар Іван Міско прыступіў да працы над стварэннем памятнага знака тром беларускім касманаўтам – Пятру Клімуку, Уладзіміру Кавалёнку і Алегу Навіцкаму. Памятны знак з граніту вышынёй 6 метраў будзе ўстаноўлены ў Мінску, на вуліцы Касманаўтаў.
Дарэчы, не раз самі жыхары гэтай вуліцы выказвалі такое пажаданне: зрабіць алею касманаўтаў. Мяркую, што ідэя скульптара якраз і ўвасобіла іх жаданне. Урачыстае адкрыццё памятнага знака запланавана на верасень гэтага года да Міжнароднага касмічнаму кангрэсу.
Колькі слоў пра сам Кангрэс. Літаральна ў сакавіку ў Мінску прайшло пасяджэнне Выканаўчага камітэта Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў. Гэта міжнародная некамерцыйная арганізацыя, якая аб'ядноўвае касманаўтаў з розных краін. Створана ў 1985 годзе для абмену вопытам у галіне пілатуемых касмічных палётаў.
Вядома, што зараз на арбіце працуе першы беларуска-расійскі спадарожнік. У планах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі распрацоўка новага беларускага касмічнага апарата дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі – БКА-2.
Дарэчы, касмічная інфармацыя з першага спадарожніка выкарыстоўваецца па розных напрамках: ахова прыроды, лясная і сельская гаспадаркі. Міністэрства па надзвычайных сітуацыях таксама актыўна выкарыстоўвае касмічную інфармацыю.
Дарэчы, выкарыстанне БКА-1 прадоўжана на два гады і гэта ўжо ўзгоднена з Раскосмасам. Акрамя таго, разам з Белдзяржуніверсітэтам спецыялісты Акадэміі навук стварылі і нанаспадарожнік. Ён выкарыстоўваецца ў навучальных і навуковых мэтах.
Што да спадарожніка БКА-2, то ён будзе стварацца ў той жа кааперацыі распрацоўшчыкаў, якія выраблялі і папярэдні. З расійскага боку гэта прадпрыемства “Карпарацыя” Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута электрамеханікі з заводам імя Іосіф'яна. Мэтавую апаратуру будзе вырабляць беларускае прадпрыемства “Пеленг”. Эксплуатацыя БКА-2 дазволіць ствараць тапаграфічныя навігацыйныя карты, адпаведна гэта стане асновай і для вырашэння розных кадастравых задач. Запусціць другі касмічны апарат дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі плануецца ў канцы 2019 года.
А зараз давайце вернемся зноў да восеньскай касмічнай падзеі — правядзення ў Беларусі Міжнароднага касмічнага кангрэса. Мяркуецца, што ў ім прымуць ўдзел каля 350 спецыялістаў, у тым ліку і 150 касманаўтаў. У праграме кангрэса – плянарныя пасяджэнні, работа тэхнічных секцый і правядзенне выстаўкі касмічных тэхналогій. Яна, дарэчы, павінна быць надзвычай цікавай. Удзельнікі кангрэса выступяць перад студэнтамі вну Беларусі, тымі, што задзейнічаны ў касмічных праграмах, пазнаёмяцца і з культурнай спадчынай нашай краіны.
Касманаўт Алег Навіцкі мяркуе паўдзельнічаць у кангрэсе, але гэта будзе залежыць ад яго графіка падрыхтоўкі да палётаў. Ён адзначыў: “Медкамісія пройдзеная, я прызнаны прыдатным для падрыхтоўкі да трэцяга палёту па стане здароўя. Афіцыйнага прызначэння ў экіпаж пакуль няма, сам гэта чакаю. Першыя паездкі за мяжу па падрыхтоўцы намечаны на май” (канец цытаты).
У тым, што Беларусь дзяржава касмічная, нікога пераконваць не трэба. Шэраг прадпрыемстваў нашай краіны працуюць на космас. Мы актыўна супрацоўнічаем з расіянамі. Словам, нязведаныя касмічныя гарызонты — гэта вялікае поле для навуковых даследаванняў і адкрыццяў. Есць ўжо і такія ідэі — зрабіць касмічныя палеты турыстычнымі. Што ж, магчыма гэта стане даступным, і не ў такой ужо аддаленай будучыні...