
Тэму для нашай з вамі чарговай сустрэчы мне падказала нядаўняя інфармацыя пра тое, што пачалося грамадскае абмеркаванне праекта Кодэкса аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці. Ініцыіруе абмеркаванне галіновае міністэрства. Беларускі саюз архітэктараў з гэтай нагоды плануе правесці круглы стол.
Якія тут ёсць прапановы? Архітэктары многае падтрымліваюць у гэтым праекце. Да прыкладу, упарадкаванне і кансалідацыю тэхнічных нарматыўных прававых актаў, уключаючы проціпажарныя, санітарныя і прыродаахоўныя патрабаванні да будаўніцтва. Новыя нормы павінны павысіць адказнасць распрацоўшчыкаў праектнай дакументацыі.
Аднак ёсць і некаторыя рознагалоссі. Вядома, ніводны дакумент не павінен спыняць творчы архітэктурны працэс. Творчасць нельга ўмясціць у нарматыўныя рамкі. Якасць праекта — так. Якасць будаўніцтва – так. А вось нарматыў на праект, каб ні кроку ў творчым працэсе — пагадзіцеся, нешта не тое... Хаця, на думку архітэктараў, павінна быць агульнае патрабаванне — бяспека!
Што да норм, якія прапануецца абавязкова ўскласці на міністэрства, гэта парадак правядзення маніторынгу цэн, тарыфаў, кошту ў будаўніцтве.
Яшчэ адна навацыя ў параўнанні з дзеючым заканадаўствам – стварэнне дзяржаўнага будаўнічага партала.
Грамадскае абмеркаванне працягнецца да 16 верасня і кожны з нас можа падаць сваю заўвагу альбо прапанову. Праект плануецца ўнесці ў Палату прадстаўнікоў да 1 студзеня 2020 года.
А зараз хочацца аб прыгожым! У Мінску праходзіць рэспубліканскі фестываль «Архітэктурная восень». Падзея традыцыйная для архітэктурнай супольнасці, аднак сёлета ўпершыню фестываль доўжыцца не тры дні, як раней, а ажно тры восеньскіх месяцы. Галоўная пляцоўка форуму –Рэспубліканскі дом архітэктара.
Адкрыў фестываль ХIII Рэспубліканскі конкурс дыпломных праектаў выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных архітэктурных школ Беларусі. Конкурс накіраваны на выяўленне, падтрымку і заахвочванне таленавітай моладзі ў галіне архітэктуры, горадабудаўніцтва і архітэктурнага дызайну. Конкурс праходзіць у рэжыме он-лайн. Літаральна кожную гадзіну студэнты і тыя, хто сёння называе сябе архітэктарам дасылаюць свае праекты. Вынікі конкурсу плануюць падвесці ў канцы верасня.
У рэжыме он-лайн працуе і каманда, што збірае работы на конкурс міжнароднага біенале маладых архітэктараў «Леанарда». Конкурс прэстыжны. Праходзіць пад эгідай Міжнароднага саюза архітэктараў —арганізацыі, якая аб'ядноўвае дойлідаў больш чым 130 краін і Міжнароднай асацыяцыі саюзаў архітэктараў. У першай дэкадзе кастрычніка будуць вядомы і яго вынікі. На іх падвядзенне збіраюцца прыехаць замежныя славутасці ў галіне архітэктуры.
Акрамя таго, падчас форуму пройдзе ХIХ Рэспубліканскі конкурс на лепшы “Праект”, “Пабудову” і “Публікацыю”, закліканы азнаёміць жыхароў Беларусі, замежных гасцей і спецыялістаў у галіне праектавання і будаўніцтва з архітэктурнымі творамі беларускіх дойлідаў, вызначыць лепшыя працы і заахвоціць іх аўтарскія калектывы. Вынікі падвядуць 15 лістапада.
Традыцыйна ў дні фестывалю будзе ўручаны ганаровы прыз “Дойлід Рэспублікі Беларусь”. Таксама адбудзецца рэспубліканскі мастацкі конкурс дзіцячага малюнка “Архітэктура роднага краю вачамі дзяцей”. Гэта мне падаецца асабліва цікавым!
У праграму фестывалю ўключаны выставы конкурсных работ нацыянальных саюзаў архітэктараў краін блізкага і далёкага замежжа, дызайнераў, майстар-класы вядучых архітэктараў, тэматычныя канферэнцыі. Спецыялісты абмяркуюць дасягненні і праблемныя пытанні архітэктуры і горадабудаўніцтва апошніх гадоў, адбудуцца семінары, прэзентацыі фірм і праектных прадпрыемстваў, тавараў, тэхналогій і паслуг замежных і айчынных.
Словам, архітэктурная школа Беларусі здае чарговы экзамен, прымаць які можа кожны з нас…