
Дзея за вокнамі электрычкі зачароўвае. Маладая сям’я – маці, бацька і трое дзетак – ганяюцца за паветраным змеем, а змей прыгожы-прыгожы, лунае то ўверх, то ўніз. Дзіцячы смех, радасныя воклікі. І раптам, што такое? Бацька паслізнуўся і прызямліўся, па ўсім, не вельмі ўдала. Бягом ўсе да яго: дзеткі, жонка падае руку.
Многія са слухачоў здзівяцца, што гэта за малюнак – звычайная гісторыя, звычайная сям’я. Так, звычайная, аднак у гэтай банальнай карціне – ўвесь сэнс сапраўднага сямейнага шчасця.
Сям’я для чалавека азначае многае, а дакладней – усё. Так, ёсць работа, любімая справа, якая прыносіць задавальненне. Ёсць сябры, суседзі, аднак нішто з гэтага не заменіць сям’ю. Там твой тыл, твая надзея, апора, твая жыццёвая крыніца і твая будучыня. Сям’я падтрымлівае цябе ў такіх сітуацыях, з якіх, здавалася б, і выйсця няма.
Сёння, у Міжнародны дзень сям’і, варта нагадаць, якую падтрымку аказвае дзяржава сем’ям. Пачнем са шматдзетных.
У Беларусі выбудавана цэлая сістэма падтрымкі шматдзетных сем'яў, у тым ліку гэта і доўгатэрміновыя меры. Адна з іх – праграма сямейнага капіталу. На сёння адкрыта амаль 68 тысяч асабовых дэпазітных рахункаў – столькі шматдзетных сем'яў скарысталіся такой магчымасцю. На іх залічана амаль $680 млн. Гэта мера аказала ўплыў на паводзіны сем’яў. Павялічылася колькасць дзяцей, народжаных трэцімі і наступнымі.
Калі браць гісторыю пытання, то з 2015 года дзейнічае маштабная праграма доўгатэрміновай падтрымкі шматдзетных – сямейны капітал. Ён назначаецца ў выглядзе аднаразовай выплаты ў $10 тыс. пры нараджэнні трэцяга і наступных дзяцей.
У нашым радыёэфіры напярэдадні прымалі ўдзел спецыялісты Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і расказалі, што праграма завяршаецца 31 снежня 2019 года. Аднак, на іх думку, эфектыўнасць такой меры стала нагодай для працягу праграмы на новую пяцігодку. Адпаведнае даручэнне ўраду даў падчас Паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Прэзідэнт Беларусі.
Галоўнае, дадзена распараджэнне рэфармаваць праграму сямейнага капіталу: перагледзець тэрміны, пасля заканчэння якіх сям’я зможа распараджацца грашыма. Пашыраны і пералік патрэб, на якія гэтыя сродкі можна накіраваць. Зараз ідзе распрацоўка адпаведных дапаўненняў.
Пакуль што права распараджэння сродкамі сямейнага капіталу надыходзіць пасля дасягнення дзіцём 18 гадоў. Выкарыстоўваць іх можна на паляпшэнне жыллёвых умоў, паслугі ў сферы адукацыі, медыцыны, сацыяльнага абслугоўвання, а таксама можна накіраваць і накапляльную пенсію маці. Акрамя таго, можна выкарыстаць капітал датэрмінова на атрыманне платных медыцынскіх паслуг ва ўстановах аховы здароўя па пераліку і на ўмовах, зацверджаных Міністэрствам аховы здароўя. Вось гэты аспект вельмі добра ўспрынялі шматдзетныя сем’і. І яшчэ адзін напрамак, па якім сямейны капітал могуць дазволіць, так бы мовіць, “размарожваць” датэрмінова, – будаўніцтва жылля. Гэта самае актуальнае пытанне, як сведчаць сацыялагічныя даследаванні. Добрая магчымасць пабудаваць уласны загарадны дом.
Пагадзіцеся, вельмі добра, што такая ўвага і сацыяльная падтрымка з боку дзяржавы шматдзетным, аднак большасць беларускіх сем’яў маюць двое дзетак. Такіх ільгот яны не атрымліваюць. Хаця праблемы ў іх не меншыя. І вось тут, па словах тых жа спецыялістаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, ідзе адпаведная падрыхтоўка новых сацыяльных норм, разлічаных менавіта для такой катэгорыі сем’яў.
І яшчэ адну праблему хачу ўзняць ў гэты асаблівы дзень – гэта наогул умацаванне інстытута сям’і. Пакуль што статыстыка не вельмі радуе: па выніках мінулага года на тысячу шлюбаў прыпадае 546 разводаў. Згадзіцеся, зашмат! Тут павінны спрацоўваць мудры досвед бацькоў, падтрымка грамадскіх арганізацый, царквы. Няўжо бесклапотны смех свайго малыша можна замяніць чымсьці іншым? Адказ мой на гэта пытанне катэгарычны – не можа! Беражыце сваю сям’ю – крыніцу душэўнай цеплыні, пяшчоты і сапраўднага чалавечага шчасця!