
Сёлета я пайшла ў першы клас. Натуральна. Разам з унукам. Той у першы дзень верасня сказаў: “Не, я хачу ў мінулае!” Гэта азначае – у дзіцячы садок. Маўляў, чаму ж не папярэдзілі, што такое жыццё чакае яшчэ гадоў гэтак дзесяць!
Прайшло ўжо два месяцы. Назіраю за рэакцыяй. Уводзіны ў школьную рэальнасць не прайшлі дарма. Разам з неабходнымі элементарнымі ведамі —падлічыць, прапісаць, пачытаць, з’явіліся новыя сябры, абавязкі. У лексіконе новыя выказванні, адказнасць, і, што радуе, раніцай няма такога адчаю, калі трэба ўставаць. Мяркую, што такія разважанні, можа больш мажорныя і пазітыўныя, маюць усе бацькі і бабулі, якія сёлета таксама пайшлі ў першы клас.
Сённяшні свой радыёблог я б хацела прысвяціць менавіта школьнай тэме, а дакладней той, што паўстала галоўнай падчас калегіі Міністэрства адукацыі. Нагодай было даручэнне Прэзідэнта. Нагадаю, падставай для гэтага даручэння сталі падзеі ў Стаўбцоўскай школе. Упэўнена, вы памятаеце той выпадак.
Што ж, мы – бацькі, адпраўляючы дзіцё ў школу, разлічваем на тое, што яно будзе ў бяспецы. Вельмі важна, каб потым, па меры таго, як хлопчык альбо дзяўчынка падрастаюць, яны маглі б разам з настаўнікам разабрацца ў любой праблеме, асабліва псіхалагічнага кшталту.
Дапамога школьнікам у складанай сітуацыі павінна быць эфектыўнай, і ў гэтым напрамку вядзецца актыўная работа.
На калегіі Мінадукацыі якраз і абмяркоўваліся пытанні аказання дапамогі школьнікам, якія сутыкнуліся з тымі ці іншымі праблемамі. Алгарытмы дзеянняў у гэтым напрамку ёсць. Іх рэалізацыя дае магчымасць вучням выйсці з пэўнай крызіснай або перадкрызіснай сітуацыі.
І гэта не адзінае пытанне. У цэнтры ўвагі – арганізацыя адукацыйнага працэсу, харчаванне, выкананне ўнутранага распарадку, пазакласная работа. Важна наладжванне больш сістэмнай камунікацыі з сям'ёй, у тым ліку па прафілактыцы курэння, п'янства, нарказалежнасці.
І тут зноў вяртаюся да асабістага вопыту. Унуку стала цікава ў школе, а гэта адзін з лепшых паказчыкаў. Школа — жывы арганізм. Тут акрамя авалодвання ведамі, ёсць шмат і вяселага, і забаўляльнага, і цікавага.
Зрэшты, колькі існуе школа, столькі гавораць аб перагружанасці вучняў. Гэтае пытанне неадназначнае, паколькі навучанне павінна быць напружаным, інакш не будзе развіцця, а сам працэс вучобы стане нецікавым. Што ж, сапраўды, дзеці ў большай ступені стамляюцца ад сумных урокаў і такіх жа сумных, незацікаўленых у сваёй рабоце настаўнікаў. Любы прадмет можна падаваць цікава, асабліва гэта важна для пачатковых класаў. Урокі павінны быць захапляльнымі і сучаснымі, тады ўсе забудуць пра стомленасць. Дарэчы, калі заняткі ідуць з узаемнай зацікаўленасцю і абстаноўка добразычлівая, то час ляціць непрыкметна, і з боку вучняў няма скаргаў на ператамленне.
Словам, мы з вамі зноў у які ўжо раз пайшлі ў школу. Колькі радасці і ў дзетак, і ў іх бацькоў, што зараз канікулы. Аднак вельмі хутка заняткі адновяцца, і нам важна, каб нашы малыя знаходзіліся ў бяспецы, і побач з імі былі цікавыя настаўнікі, якія адкрываюць такі бязмежны свет нязведанага і карыснага...