
Яшчэ не ўлегліся эмоцыі ад вялікага спартыўнага свята – Другіх Еўрапейскіх гульняў – столькі спартыўных баталій прайшло! Нават далекія ад спорту людзі не маглі заставацца абыякавымі. Сачылі мы актыўна за спартыўнымі спаборніцтвамі. Асабіста мне падабаюцца байдаркі і каноэ. У студэнцкія гады гэтым захапляліся многія мае аднакурснікі. А велагонкі! Такія тэмп і хуткасць. Вельмі паважаю тэніс, батут і гімнастыку. Да гэтых спартыўных дысцыплін асабліва ляжыць ў мяне душа. Што не кажыце, але мы, беларусы, малайцы! Столькі ўзнагарод!
Наведвала некалькі разоў галоўную фан-зону ля Палаца спорту. Такая дзіўная атмасфера. Джаз з Італіі, калі ласка, венгерскія танцы – можна было павучыцца. Дзень культуры і традыцый Расіі – тут усё знаемае: і спевакі, і вырабы народных майстроў. Нават вялізны рускі самавар на вуглях. Яго можна сустрэць яшчэ ў вясковым беларускім доме.
Шмат было замежных балельшчыкаў. Што-што, а іх рэакцыя — гэта мінімум стрыманасці і максімум эмоцый. Зрэшты, а чаму здзіўляцца – яны прыехалі ў краіну, дзе і для сур’езных спартыўных гульняў, і для адпачынку створаны ўсе ўмовы. Любы атэль, прымальныя цэны, прыгожыя сувеніры і ветлівыя людзі. А галоўнае – бяспечна і камфортна. Многія плануюць яшчэ наведаць Беларусь, праехаць па нашых знакамітых месцах, пабываць ў аграсядзібах, адпачыць там. Нават я стала зайздройсціць іх жаданню, бо даўно марыла павандраваць па Беларусі.
Аднак сваю мару я пакуль пакіну і звярнуся да падзеі, якая адбудзецца ў нашай краіне на гэтым тыдні. 3 ліпеня мы адзначым галоўнае дзяржаўнае свята – Дзень Незалежнасці (Дзень Рэспублікі).
Свята бярэ пачатак з далёкага 1944 года… Сёлета мы адзначаем 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэтымі днямі праходзяць трэніроўкі святочнага параду. Мінчане і госці сталіцы плануюць ужо свой святочны дзень.
Нагадаю, 3 ліпеня ад праспекта Незалежнасці да плошчы Перамогі пройдзе «Шэсце Памяці» – яно стане фінальным мерапрыемствам аднайменнай рэспубліканскай акцыі «Беларусь памятае!», якая пачалася напярэдадні Дня Вялікай Перамогі. Для шэсця будзе выраблена гірлянда даўжынёй 16 метраў, якую панясуць ваеннаслужачыя Роты ганаровай варты. Разам з кветкамі і вянкамі яе ўскладуць да Манументу Перамогі.
Увечары пачнуцца ваенны парад і масавы тэатралізаваны эпізод «Беларусь гераічная», які прадэманструе барацьбу беларускага народа за вызваленне ад фашысцкай навалы. Пасля запланавана акцыя «Праспяваем гімн разам» – вельмі эмацыянальная!
Ля абеліску «Мінск – горад-герой» для жыхароў і гасцей сталіцы будзе гала-канцэрт. У яго праграме – любімыя песні ў выкананні найлепшых айчынных музыкантаў.
У Мінску на Дзень Незалежнасці будуць дзясяткі самых розных мерапрыемстваў, і ў цэнтры горада, і ў паркавых зонах, і ў мікрараёнах. У цэнтры галоўнай пляцоўкай для гулянняў стане тэрыторыя каля Палаца спорту. Там будзе канцэртная праграма, выстава-кірмаш майстроў народнай творчасці, міжнародны турнір па сілавым экстрыме Minsk Strong Battle. На тэрыторыі Верхняга горада таксама плануюцца выступленні творчых калектываў. Такі невялікі анонс, каб вы сарыентаваліся.
Між іншым, мне не раз даводзілася размаўляць з гісторыкамі, якія займаюцца даследаваннем розных архіўных дакументаў, што расказваюць пра тое, як быў вызвалены Мінск. З 12 гадзін дня 2 ліпеня 1944 года да 5 раніцы 3 ліпеня – усяго за 5 гадзін – горад быў ачышчаны ад акупантаў. Па хвілінах была распісана ваенная наступальная аперацыя «Баграціён». Дагэтуль яна лічыцца прыкладам высокага ваеннага мастацтва і вывучаецца ў многіх ваенных акадэміях замежных дзяржаў.