Падзяліцца:
«Па сутнасці. Не чакайце святаў, рабіць дабро можна кожны дзень!» Радыёблог Алены Швайко (аўдыё)
18 Снежня 2019
«Па сутнасці. Не чакайце святаў, рабіць дабро можна кожны дзень!» Радыёблог Алены Швайко (аўдыё) І адразу хачу звярнуцца з пытаннем: ці адчуваеце вы пераднавагодні настрой? Ці не засмучае вас зусім не зімовае надвор’е? А вось гэты натоўп людзей, што з такім імпэтам купляюць ўсё, што перад вачыма, такі пераднавагодні бум? Калі штосьці не ладзіцца ў душы, калі ласка, адкрыйце яе добрым справам. Завітайце да адзінокіх пажылых, тых, якім, канешне ж, зараз, напярэдадні Новага года, вельмі патрабуецца ваша/наша дапамога. Завітайце да тых дзетак, што знаходзяцца ў дамах-інтэрнатах і, вядома ж, чакаюць цудаў ад Дзедаў Марозаў і Снягурак. Зрабіце гэта зараз — пакуль есць яшчэ час да надыходу Новага Года. У гэтыя дні па краіне ідзе рэспубліканская дабрачынная акцыя «Нашы дзеці». Завітала неяк падчас такой акцыі ў 3-ю мінскую дзіцячую бальніцу, дзе знаходзіліся дзеткі пасля цяжкіх аперацый. А да іх у госці прыйшлі супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў. Такой атмасферы дзіцячага шчасця, калі ў бальніцы амаль цэлы дзень гаспадарылі песні, карагоды, цуды і падарункі, нідзе больш не сустрэнеш. Геаграфію добрых спраў па Беларусі не пералічыць. Возьмем Брэст. Тут дадзены старт абласному дабрачыннаму праекту «Ёлка жаданняў». Удзельнікамі акцыі сталі 35 дзяцей і маладых людзей, якія змагаюцца з цяжкімі захворваннямі. У Брэсцкай вобласці падобная акцыя праводзіцца з 2015 года. На гэты раз яе ладзяць для жыхароў рэгіёну ва ўзросце ад 8 да 23 гадоў, якія змагаюцца з анкалогіяй, захворваннямі крыві, нервовай сістэмы. Напярэдадні Новага года і Каляд яны атрымалі запрашэнні на свята ў Брэсцкі тэатр лялек. Дзеткі з абласнога цэнтра, Кобрынскага, Івацэвіцкага, Жабінкаўскага, Драгічынскага, Бярозаўскага раёнаў напісалі лісты са сваімі патаемнымі жаданнямі, змясцілі ў чырвоныя рукавічкі і ўпрыгожылі імі елку. Большасць дзяцей і маладых інвалідаў з-за цяжкасці захворвання рэдка выходзяць з дому. Каб пашырыць зносіны, яны звычайна просяць падарыць ім смартфон, планшэт ці ноўтбук. А яшчэ ў спісе ёсць і настольная лямпа, бранзалет для вымярэння артэрыяльнага ціску з агучкай, энцыклапедыя для дзяўчынак і іншыя падарункі. Выканаць мары паспрабуюць прадстаўнікі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і піянерскай арганізацыі, спонсары і проста неабыякавыя жыхары вобласці. Можа, хтосьці скажа: мары і жаданні наіўныя, але, згадзіцеся, у большасці выпадкаў гэта проста рэчы, патрэбныя для жыцця. Па традыцыі, у Брэсцкім тэатры лялек наладзілі для дзетак каля ёлкі вялікае свята з песнямі і танцамі. Яны змаглі паўдзельнічаць у майстар-класах па вырабе навагодніх паштовак, абярэгаў і іншых цацак. Яшчэ адным сюрпрызам стала экскурсія па тэатры з магчымасцю зазірнуць у грымёрныя і майстэрні па вырабе лялек. Удзельнікі акцыі зноў збяруцца разам праз тры тыдні. Таксама ў тэатры лялек, каб выканаць сваю місію, ўручыць доўгачаканыя падарункі. Абласны праект «Ёлка жаданняў» – гэта частка рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Цуды на Каляды». Ідзем далей. Абласная маладзёжная акцыя «100 калядных пажаданняў і добрых спраў, родная Міншчына!» стартавала ў сталічным рэгіёне. Пачатак у аграгарадку Лясным. Свята сабрала больш за 100 валанцёраў, далучыліся і мясцовыя жыхары. Валанцёры пабывалі ўжо ў аддзяленні пульманалогіі Мінскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы, дзе знаходзяцца дзеці з вострай паталогіяй лёгкіх. У бальніцу зазірнулі Снягурка і Дзед Мароз, яны ўручылі маленькім пацыентам цацкі, пакеты з прысмакамі. Аддзяленне разлічана на 40 ложка-месцаў, і ўсе занятыя. Пазітыўны эфект ад увагі і падарункаў адзначае і Андрэй Анціпаў – тата маленькай Соф'і, якая зараз праходзіць лячэнне ў аддзяленні. Свята павінна быць ва ўсіх, нягледзячы на хваробу. Потым акцыя пераехала ў Ждановіцкую спецыяльную адукацыйную школу-інтэрнат, далей у адзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Мінскага раёна ў пасёлку Міханавічы. Мы, работнікі Белтэлерадыёкаманіі, таксама далучыліся да добрых пераднавагодніх спраў. І атрымалі вось такі водгук: «Дзякуй вам за дапамогу, аказаную маленькім пацыентам Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі». Добрую навагоднюю справу можаце зрабіць і вы. І не трэба чакаць святаў. Дабро мы павінны дарыць кожны дзень!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: