
Сёння спаўняецца 30 гадоў з дня вываду Абмежаванага кантынгента Савецкіх войскаў з тэрыторыі Дэмакратычнай рэспублікі Афганістан. Гэта быў самы доўгі пасля Вялікай Айчыннай вайны лакальны канфлікт, у якім удзельнічалі савецкія ваенаслужачыя.
“Афганская вайна” — так звыкла называюць трагічныя падзеі, якія расцягнуліся на 10 доўгіх гадоў. Паступова мы ўсё аддаляемся ад тых дзён, якія адкрылі чарговую гераічную старонку ў найноўшай гісторыі тады Савецкага Саюза, і якія ў чарговы раз паказалі ўсяму свету, наколькі мужны, стойкі, адважны і высакародны савецкі салдат.
Аднак, насуперак відавочным фактам, многія заходнія СМІ, пачынаючы яшчэ з 90-х гадоў мінулага стагоддзя, імкнуцца перагледзець саму гісторыю вайны ў Афганістане. Скажаюць і сам ход падзей, і агульныя вынікі ваеннага канфлікту.
Тут нават не ваенныя тэарэтыкі, а простыя людзі могуць супрацьстаяць такім беспадстаўным высновам. Савецкі кантынгент пакідаў Афганістан з пачуццём выкананага доўгу, з гонарам і высока ўзнятымі сцягамі.
Хто б што ні казаў і не пісаў, а вайна ў Афганістане, па меркаванні сусветных палітычных аналітыкаў і ваенных гісторыкаў, прызнана як «унікальная». Многія, сёння рассакрэчаныя, аперацыі, праведзеныя савецкім камандаваннем, увайшлі ў ваенныя навучальныя дапаможнікі па тактыцы і стратэгіі многіх армій свету.
Як адзначаюць некаторыя эксперты, «унікальнасць» гэтай вайны была ў тым, што Савецкі Саюз не толькі ваяваў у Афганістане, але і займаўся ўладкаваннем краіны – ўзводзіліся жылыя дамы, установы сацыяльнай сферы: бальніцы, школы, дзіцячыя сады. Савецкія спецыялісты прыязджалі ў Афганістан для таго, каб лячыць і вучыць мірнае насельніцтва. Акрамя таго, Савецкі Саюз аказваў Афганістану і грандыёзную гуманітарную дапамогу: пастаўляў праз аэрапорты Кабула і Баграма неабходнае харчаванне і медыкаменты.
Дарэчы, праз дзесяцігоддзі афганцы, большасць якіх у мінулым былі маджахедамі і ваявалі супраць Савецкай Арміі, сёння, калі ўспамінаюць пра вайну, з павагай гавораць пра савецкіх салдат і афіцэраў. Усе яны паважаюць савецкага салдата за яго стойкасць, мужнасць, гераізм, праяўленыя ў самых неардынарных сітуацыях. Афганцы з цеплынёй гавораць і пра грамадзянскі персанал, а гэта будаўнікі, ўрачы, інжынеры, настаўнікі. Асабліва акцэнтуюць увагу на іх прафесіяналізме, дабрыні і спагадлівасці.
Прыклад? Калі ласка! Адзін з самых вядомых палявых камандзіраў-маджахедаў Ахмад-Шах Масуд пасля вываду Абмежаванага кантынгента Савецкіх войскаў з Афганістана неаднаразова ў сваіх інтэрв'ю сусветным СМІ казаў: «... Я вельмі шкадую, што савецкія салдаты былі маімі ворагамі. Я б многае аддаў за тое, каб у той вайне мы былі саюзнікамі...»
15 лютага 1989 года – афіцыйная дата вываду Савецкіх войскаў з Афганістана. Скончылася цяжкая, знясільваючая і на доўгія гады засакрэчаная вайна. Страты ў гэтай вайне для Савецкага Саюза – гэта больш за 15 тысяч жыццяў савецкіх салдат, больш за 50 тысяч сталі інвалідамі.
У Беларусі Дзень вываду савецкіх войскаў з Афганістана — Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Мерапрыемствы пройдуць на Востраве Мужнасці і Смутку ў Траецкім прадмесці сталіцы, у іншых гарадах. Пройдуць сустрэчы з воінамі, чый лёс апаліла афганская вайна.
Як вядома, у 2002 годзе ў рэспубліцы быў створаны дабрачынны фонд «Памяць Афгана». Узначаліў гэтую арганізацыю былы воін-інтэрнацыяналіст, палкоўнік запасу Аляксандр Мятла. Дарэчы, яго прозвішчам у Афганістане называлі хуткастрэльны мінамёт. Але гэта іншая гісторыя. За гады вайны ў Афганістане ў Аляксандра Мятлы былі і раненне, і кантузія... Палкоўнік выдатна разумее сваіх баявых таварышаў. Шчыра разам з аднадумцамі імкнецца дапамагчы кожнаму. І гэта вельмі важна!
На жаль, па-рознаму склалася жыццё воінаў-«афганцаў». Ёсць і тыя, каго вайна надламала і нават зламала, «дастала», як кажуць, у паўсядзённым жыцці. Але пераважная большасць вытрымала ўсе выпрабаванні і сёння актыўна ўдзельнічае ў такой важнай справе як патрыятычнае выхаванне сучаснай моладзі на прыкладзе самаадданага подзвігу савецкага салдата.