
Сёння – 14 студзеня. Што нагадвае гэта лічба нам? Канешне ж, сёння – Стары Новы год, першы яго дзень. Як бы ні здзіўляліся іншаземцы такой традыцыі славян — сустракаць Новы год двойчы, у гэтым ёсць свая логіка, магія і асаблівая прывабнасць. Хто не паспеў сустрэць 31 снежня, калі ласка, святкуйце сёння. І святкуем!
Стары Новы год мае сваю гісторыю. Пачалася яна на пачатку мінулага стагоддзя пры змене календара з Юліянскага на Грыгарыянскі. Да дваццатага стагоддзя ў Расіі дзейнічаў юліянскі каляндар. Аднак яшчэ ў 16 стагоддзі астраномы прызналі яго памылковым, і дзяржавы Еўропы пачалі жыць па грыгарыянскім календары, уведзеным Грыгорыем 13-ым. Гады маюць розную сярэднюю працягласць і таму паступова ўзнікла розніца ў датах.
Да 1917 года ў Расіі і Еўропе было разыходжанне ў цэлых 13 дзен. І калі бальшавікі прыйшлі да ўлады, былі праведзены шматлікія рэформы і змены, у тым ліку і ў пытанні прывядзення часу ў адзіны фармат з еўрапейскім. Ленінскі ўказ 1918 года аб пераходзе Расіі на грыгарыянскі каляндар пазбавіў ад блытаніны ў чыслах і ўвесь свет стаў жыць па адным летавылічэнні.
Дарэчы, адначасова з беларусамі і расіянамі адзначаюць Стары Новы год ва Украіне, Сербіі, Македоніі, Чарнагорыі і Грузіі. У Казахстане – дзесьці 40 працэнтаў насельніцтва. І ў нямецкамоўных кантонах Швейцарыі таксама. Гэта адбываецца з-за таго, што мясцовыя цэрквы па-ранейшаму жывуць па юліянскім календары, альбо народ проста не хоча забываць такую мілую традыцыю непрыняцця пераходу са старога летавылічэння на новае.
Калі яшчэ паглыбляцца ў гісторыю, то Юліянскі каляндар захаваўся ў рускай праваслаўнай царквы і дагэтуль усе хрысціянскія святы пралічваюцца менавіта паводле яго. Захоўваючы традыцыйны час, мы яго называем “Стары стыль”, руская царква адвяргае еўрапейскае летавылічэнне. І мы звыкла кажам “14 студзеня – Новы год па “старым стылі”.
Між іншым, пагадзіцеся, гэты дзень вельмі папулярны. Па-першае, можна атрымаць яшчэ адзін падарунак, пра які марылі. Па-другое, ёсць магчымасць звярнуцца да паўтораў цікавых тэлепраграм, якія не паспелі паглядзець з-за шуміхі і позняга часу 31 снежня. Адным словам, шмат прывабнага ў гэтым свяце.
На стары Новы год існуе багата народных прыкмет. Гэты дзень называюць яшчэ Васільевым. Прыкмячалі, калі надвор’е марознае і маласнежнае – на добры ўраджай. Адліга ў гэты дзень – да халоднага і неўрадлівага лета. Зрэшты, мне падаецца, прыкметы такія зараз не працуюць: іншыя тэхналогіі ды і людзі да ўсяго такога зусім інакш ставяцца.
Што мне асабіста падабаецца ў Старым Новым годзе — гэта вечары да яго прыходу і да Вадохрышча — святкі. Сёння зноў адраджаюцца традыцыі калядавання. Скажам, вось у Полацкім раёне, напрыклад, прайшоў арт-ўікэнд "Калядны разгуляй" — своеасаблівае спалучэнне і традыцыйнага народнага гуляння, і новага, сучаснага. Напярэдадні Старога Новага года “Разгуляй” прайшоў у вёсцы Волатаўская. Тут быў парад-карнавал, тэатралізаваны абрад "У гасцях у Каляды, Шчодры і Пераплут", гарачыя выступленні на творчым рынгу "Дзівосы на Каляды" з паказам калядных звычаяў.
Самыя актыўныя энтузіясты прынялі ўдзел у народных забавах: хадзе на хадулях і калодках, біліся валёнкамі. Шмат чаго цікавага было! І колькі яшчэ будзе – у Новым годзе! А цяпер і па старым стылі…
Са святам вас!