Падзяліцца:
«Па сутнасці. Слонім запрашае на Дзень беларускага пісьменства!» Радыёблог Алены Швайко (аўдыё)
21 жніўня 2019
«Па сутнасці. Слонім запрашае на Дзень беларускага пісьменства!» Радыёблог Алены Швайко (аўдыё) Шмат гадоў мне выпадае гонар асвятляць такую адметную духоўную падзею ў нашым жыцці як Дзень беларускага пісьменства. Пры ўсёй традыцыйнасці кожнае свята мае сваю адметнасць, паколькі праходзіць ў розных месцах Беларусі. Кожны рэгіен – гэта багатая гістарычная і літаратурная спадчына. Сёлета 26-ы па ліку Дзень беларускага пісьменства будзе праходзіць у Слоніме. Ахопіць два дні: апошні жніўня і першы верасня. Слонім – горад, які называюць горадам над Шчарай. Літаральна ў пачатку жніўня я пабывала тут. Горад цікавы планіровачна. Нагадвае вулей. Практычна на ўсіх цэнтральных вуліцах ўкладваецца новы асфальт, мяняюцца фасады дамоў, усюды кветкі. Нават дажджлівы дзень не памяшаў гэтым работам. У цэнтры гарадской плошчы апошнія прыгатаванні да ўстаноўкі помніка Льву Сапегу – дзяржаўнаму і ваеннаму дзеячу, які ў канцы XVI стагоддзя стаў слонімскім старастам і надаваў вялікую ўвагу развіццю бібліятэчнай справы. Поўным ходам ідзе рэканструкцыя канала Агінскага, абнавілася гарадская гасцініца і іншыя культавыя будынкі, напрыклад, драмтэатр, заснаваны ў XVIII стагоддзі дзядзькам аўтара знакамітага паланэза «Развітанне з Радзімай». Цікавая гісторыя помніка Льву Сапегу. Бронзавая постаць вышынёй 3,2 метра усталеўваецца на п'едэстале з цёмна-чырвонага граніту ў цэнтры горада, на плошчы Леніна. Элегантны пастамент для скульптуры вагой у цэлую тону. Плануецца, што сама бронзавая статуя вядомага дзяржаўнага і ваеннага дзеяча будзе ўсталявана ўжо 22 жніўня. Паколькі Леў Сапега займаў пасаду вялікага гетмана Вялікага княства Літоўскага, у адной руцэ ён трымае булаву. Першапачаткова меркавалася, што ў другой руцэ Льва Сапегі будзе тытульны ліст Статута княства. Але разам з гісторыкамі прыйшлі да высновы, што гэта павінна быць вытрымка з прывілею Жыгімонта III, якім ён надзяліў Льва Сапегу правам на выданне збору законаў ВКЛ. Такім чынам, удакладняем, даслоўна надпіс на стылізаваным аркушы будзе гучаць так: «Жыгімонт Трэці, кароль польскі, вялікі князь літоўскі, даем гэты прывілей на выданне Статута Вялікага княства Літоўскага шляхетнаму Льву Сапегу, паколькі яго дабрадзейнасць, майстэрства і руплівасць у справах дзяржаўных нам былі паказаны і даказаны». Над помнікам працавалі мінскія скульптары Уладзімір Піпін і Сяргей Логвінаў і ўраджэнец Слонімшчыны, народны мастак Беларусі, лаўрэат дзяржаўнай прэміі СССР, прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва, скульптар Іван Міско. Адкрыццё помніка будзе сярод цэнтральных святочных мерапрыемстваў у Дзень беларускага пісьменства. І гэта даніна павагі сланімчан аднаму з самых вядомых жыхароў Слоніма. Пры Льву Сапегу тут былі пабудаваныя ратуша і першыя цэхі мясцовых рамеснікаў-ткачоў, узведзены масты, склаўся гістарычны цэнтр горада з трыма плошчамі і брукаванымі вуліцамі. Свята ў Слоніме разгорнецца адразу на 16 пляцоўках – ад тэатральнай да маладзежнай з фотазонамі і гастранамічнымі вынаходствамі. Тэмамі сёлетняга Дня беларускага пісьменства сталі 75-годдзе вызвалення Беларусі і Год малой Радзімы. Дарэчы, у наступным годзе спаўняецца 550 гадоў з моманту з'явы Жыровіцкай іконы Божай Маці. 500-годдзе адсвяткуе і сам манастыр. Менавіта праз Жыровічы пройдзе і маршрут духоўна-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святыняў». Экспедыцыя – традыцыйная неад’емная частка святкаванняў. Безумоўна, Дзень беларускага пісьменства – важная падзея для кожнага з нас. З самых вытокаў, вывучаючы буквар, мы дакраналіся да творчасці нашых класікаў, такіх як Якуб Колас, Янка Купала, Максім Багдановіч і іншых нашых выдатных паэтаў і пісьменнікаў. Мы сапраўды ганарымся сваёй культурай, сваёй мовай. Але неабходна далей развівацца, прапагандаваць вывучэнне гісторыі нашай краіны, перадаваць веды цяперашняму і будучаму пакаленням.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: