
Якія прыгожыя веснавыя дзянькі стаяць зараз! І адразу ж паўстае пытанне — прыбраць трэба нашы вуліцы і пад’езды дамоў. Добрая звычка – прывесці ў парадак жыццевую прастору, каб чысціня была вакол і душа радавалася. Што за прэлюдыя да размовы, спытаеце? Калі ласка, адкажу.
Прыбіраецца сталіца, наводзяць парадак на аўтатрасах, ідзе рамонт (пачатак альбо завяршэнне) на галоўных транспартных магістралях вакол Мінска. Мяркую, што заторы на МКАДзе ўсім аўтааматарам ужо прыеліся. Транспартнікі і рамонтнікі плануюць за красавік-май прывесці ўсё ў належны стан, бо хутка да нас прыедуць госці, турысты і, галоўнае, удзельнікі ІІ Еўрапейскіх гульняў. А Мінск заўседы славіўся чысціней, парадкам і, канешне, бяспечным знаходжаннем.
Што ж, многія сталічныя дарогі, асабліва ў спальных мікрараёнах, сапраўды, патрэбна рамантаваць. А некаторыя транспартныя развязкі трэба ўвогуле мяняць кардынальна. Гэта прадугледжана сталічнымі адпаведнымі службамі. Па месяцах.
Сёлета рамонту падлягае ў Мінску адзін мільён квадратных метраў пакрыцця вулічна-дарожнай сеткі. Звычайна, гарантыйны тэрмін асфальбетоннага пакрыцця дзесьці 5-7 гадоў. Вырашана замяніць сталічны асфальт на пакрыццё павышанай устойлівасці.
Ідзем далей. Многія з вас гулялі па набярэжнай Свіслачы. Дык вось хутка пачнецца яе рэканструкцыя. Праўда, толькі часткова. Плануецца давесці да ладу левы бераг ракі ад вуліцы Янкі Купалы да праспекта Незалежнасці. Работы не закрануць сам прылеглы да набярэжнай парк – там няма вострай неабходнасці штосьці мяняць.
Шмат работ будзе да чэрвеня, затым уладкаванне працягнецца ў верасні-кастрычніку. Спатрэбіцца зрабіць водапаніжэнне самой Свіслачы, а яно выконваецца толькі ў зімовы перыяд.
Колькі слоў пра ўвесь праект рэканструкцыі. На ўчастку набярэжнай у раёне вуліцы Камуністычнай заменяць усе інжынерныя сеткі, усталююць новыя канструкцыі, якія ўмацуюць берагавую лінію. Зменяць парапеты – яны па вонкавым выглядзе будуць нагадваць існуючыя бетонныя агароджы. Пешаходную зону мяркуецца выбрукаваць невялікай бетоннай пліткай. З’явяцца і дадатковыя пляцоўкі-кішэні для адпачынку. Плануецца паставіць больш камфортныя лаўкі і новыя свяцільні. Уся тэрыторыя будзе засаджана шматгадовымі раслінамі і кветнікамі.
Нагадаю, што першы этап праекта рэканструкцыі набярэжнай Свіслачы быў зроблены ў маі 2017 года. Памятаеце, была абноўлена набярэжная ад вуліцы Максіма Багдановіча да вострава Мужнасці і Смутку. Умацаваны адхоны, заменены інжынерныя камунікацыі, выкладзена тратуарная плітка. Пешаходная зона стала шырэй прыкладна на метр. Яе ўпрыгожваюць ліхтары пад даўніну: паркавыя таршэры класічнага стылю аналагічныя тым, што размешчаны на тэрыторыі Траецкага предместья.
І такая гістарычная даведка: набярэжная Свіслачы, што па вуліцы Камуністычнай, пабудавана ў 1957 годзе і стала адным з любімых месцаў адпачынку мінчан і турыстаў. Менавіта тады ўладкаванне воднай артэрыі ў цэнтры Мінска значна змяніла гарадское асяроддзе. Але шмат што проста неабходна мяняць — паколькі мяняецца сам горад і многае састарэла. План рэканструкцыі разлічаны да 2020-га года. Уся берагавая лінія Свіслачы будзе адноўлена, пачысцяць і прытокі самой ракі, каб водная артэрыя сталіцы была больш поўнай і прыгожай. Упэўнена, гэтае месца дапоўніць спіс славутасцяў беларускай сталіцы і стане ўлюбёным для жыхароў і гасцей Мінска.