
Адразу хачу падзяліцца тым, што мяне вельмі здзівіла падчас адной нядаўняй журналісцкай сустрэчы, якая прайшла ў Рэспубліканскім цэнтры хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі: там расказалі, што пасля трансплантацыі ныркі 41 жанчына змагла нарадзіць малыша, а яшчэ пяць жанчын сталі маці пасля такой жа аперацыі на печані.
А вось гэты выпадак наогул унікальны: беларуска з транспланціраванымі ныркай і пячонкай стала мамай ажно двойчы! Гэта проста цуд, пагадзіцеся! Аперацыя была зроблена чатыры гады таму – 1 красавіка 2015 года. Першаму малышу сёння два з паловай гадкі. Зусім нядаўна яна нарадзіла дзяўчынку і ей зараз толькі 4 месяцы. Больш таго, як сведчаць спецыялісты, узроставых абмежаванняў на такія аперацыі не існуе. Есць выпадак, калі нырку перасадзілі 76-гадоваму пацыенту.
Як паведамлялася, у адной з палат цэнтра знаходзіцца 53-гадовая японка Накамура Сецука. Гісторыя дзіўная і неверагодная. У яе выявілі цыроз печані. Зрабілі аперацыю ў Малайзіі. Аказалася – няўдала. Жанчына прыехала ў Беларусь і знаходзілася ў нас з кастрычніка мінулага года, чакала орган для трансплатацыі. Беларускія медыкі зрабілі аперацыю два месяцы таму. Пасляаперацыйны перыяд быў цяжкі, усе хваляваліся: і беларускія хірургі, і яе блізкія. Родныя таксама ўвесь час знаходзіліся ў Беларусі. Зараз пацыентку перавялі ў палату агульнай тэрапіі. Яна ўсміхаецца, вельмі дабразычлівая. З дапамогай Гугл-перакладчыка мне давялося з ей нават пагутарыць. На маё пытанне, што яна зробіць адразу пасля вяртання на Радзіму, жанчына адказала: «Пайду ў рэстаран з любімым чалавекам...» Некалькі месяцаў таму яна не магла нават узняць руку, такая слабасць была.
Такія выпадкі гавораць пра тое, што нашы хірургі робяць, здаецца, проста неверагоднае!
Між іншым, Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі быў створаны на базе гарадской бальніцы. Першая аперацыя па трансплантацыі печані прайшла ў 2008 годзе. Сёння экспарт медыцынскіх паслуг з таго года вырас ў 42 разы. Беларускія спецыялісты праводзяць аперацыі ў розных дзяржавах СНД, удзельнічаюць ў міжнародных прэстыжных канферэнцыях, іх вопыт і тэхналогіі ідуць нароўных з такімі дзяржавамі свету, як Вялікабрытанія, Германія і ЗША.
Геаграфія пацыентаў, што прыязжаюць у Беларусь на аперацыі, даволі шырокая. Ёсць з Ізраіля, дзе таксама практыкуюцца такія аперацыі. Аднак асноўная колькасць з Украіны, дзе наогул такія аперацыі не выконваліся. Толькі сёлета былі першыя спробы.
Аднак у беларускіх медыкаў прыярытэт для грамадзян Беларусі. У спісу чакання на трансплатацыю ныркі звычайна нашы людзі стаяць да 14 месяцаў. У Вялікабрытанні, напрыклад, чакаюць 2,5–3 гады.
Беларусь уваходзіць у топ-10 краін свету па ўзроўні донарства органаў, апярэджвае ў гэтым плане вялікую колькасць развітых краін, у тым ліку Канаду, Аўстралію, Вялікабрытанію. Паводле даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, такая дапамога ў рэспубліцы больш даступная, чым у Расіі, Польшчы, Германіі. Больш за тое, аперацыі па трансплантацыі ныркі ў рэспубліцы выконваюцца ва ўсіх рэгіёнах. А ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях праведзены аперацыі і па перасадцы сэрца, у Брэсцкай ёсць праграма трансплантацыі печані.
Вялікія планы каманда цэнтра ўскладае на ўвод у эксплуатацыю новага хірургічнага корпуса. Спектр трансплантацыйных тэхналогій тут павінен пашырыцца. Корпус разлічаны на 170 ложкаў, яго аснасцяць сучасным медыцынскім абсталяваннем. У адным будынку будуць размяшчацца самыя высокатэхналагічныя напрамкі сучаснай хірургіі. Тут сканцэнтруюць увесь пералік хірургічнай дапамогі: экстранную і планавую дапамогу, хірургію печані, анкалагічную хірургію, кардыяхірургію, пульманалогію. Пры наяўнасці попыту будуць развіваць рэканструкцыйную хірургію, што прадугледжвае выпраўленне дэфектаў, у тым ліку пасля аварый, будзе магчымасць правесці трансплантацыю канечнасцей, маткі, аперацыі ў галіне пластычнай, барыятрычнай, эндакрыннай хірургіі. Новы хірургічны корпус плануецца пабудаваць да сярэдзіны 2021 года. Ён ужо ўзводзіцца па даручэнні кіраўніка нашай дзяржавы.