Падзяліцца:
«Падарожжа мары? У Беларусь! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)
19 Ліпеня 2019
«Падарожжа мары? У Беларусь! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё) Яркае, шматгалосае, разнастайнае, незабыўнае! Яшчэ шмат-шмат эпітэтаў і цёплых слоў прагучала ў адрас нашага «Славянскага базару». І той, хто правёў там нават некалькі дзён, атрымаў столькі эмоцый, што хопіць да наступнага свята. Сюды, у Віцебск, імкнуўся і мой госць Мэт Лемі з Портленда, горада на паўночным захадзе ЗША. Пра «Славянскі базар» ён не чуў, а вось пра Марка Шагала ведаў нямала і сам як чалавек творчы, дызайнер па прафесіі, жадаў дакрануцца да творчасці генія, пазнаёміцца з вытокамі яго непаўторнага мастацтва. На жаль, трапіць у Віцебск не ўдалося, шмат часу занялі нашы не менш ўражальныя Еўрапейскія гульні: самі спаборніцтвы, спартыўныя аб’екты, фан-зоны, жывы талісман Лесік, шматлікія сувеніры з лагатыпам гульняў, урачыстая цырымонія закрыцця спартыўнага форуму. Дый час водпуску ў маіх гасцей неяк хутка закончыўся… Мэт прыехаў у Беларусь упершыню. Яго і дачку Чэйз прывезла жонка Крысцін. Для яе гэта ўжо 4 падарожжа. Першы раз прыехала яшчэ школьніцай па вучэбным абмене, набыла сяброў і прыкіпела душлю да Сінявокай. Сёлета з імі прыехаў і бацька Крысцін, Грэгары Сімпсан. Для яго гэта трэці візіт у Беларусь, і кожны раз ён не стамляецца захапляцца нашымі краявідамі, гасціннасцю, багатай культурай і гісторыяй. Гэтым разам ён перш за ўсё жадаў наведаць Хатынь, месца, якое ўразіла яго да глыбіні душы яшчэ ў першы візіт. А цяпер імкнуўся прывезці сюды сваю 16-гадовую ўнучку. І на маё пытанне, чаму Хатынь, ён адказаў проста: каб маладое пакаленне адчула ў гэтым месцы крохкасць міру, бо Хатынь сімвал трагедыі не толькі беларускага народа, але і ўсяго чалавецтва, напамін кожнаму, да чаго прыводзяць войны. А потым яны ўсёй сям’ёй прыйшлі на плошчу Перамогі, да Вечнага агню, паглядзелі генеральную рэпетыцыю ваеннага параду, паўдзельнічалі ў святочных гуляннях у Дзень Незалежнасці – шчыра і адкрыта раздзялілі нашы сумныя і радасныя эмоцыі, зразумелі наш гонар за дзень сённяшні і ўразіліся ўнікальнасцю і маштабам нашых урачыстасцей. Не менш уразіла іх і наша гісторыка-культурная спадчына: Мірскі замак, Нясвіжскі палац. І асабліва – велічна-таямнічы выгляд руін Навагрудскага замка. У ЗША, з гісторыяй толькі ў некалькі вякоў, такой даўніны няма, і ўнікальны помнік сярэднявечча для іх як казачны госць з далёкага мінулага. Сям’я Сімпсан-Лемі ў захапленні і ад сучаснага аблічча Беларусі, яе малых гарадоў і сталіцы. Грэг, як больш дарослы, мае магчымасць параўноўваць, якой была і стала наша краіна за 20 гадоў, з яго першага візіту. Сцвярджае, што прыгажэйшым стала не толькі ўсё навокал, але і беларусы зараз больш адкрытыя, упэўненыя, усе ветлівыя, з усмешкай. – Ад горада захоплівае дух, – так Грэг каменціруе ў сацыяльных сетках свае фотаздымкі вячэрняга Мінска. А Мэт выказвае захапленне архітэктурай галоўнага праспекта сталіцы. Яму, дызайнеру, цікавы кожны будынак, элементы дэкору, скульптурныя кампазіцыі, кветкавае аздабленне, нават фігурная тратуарная плітка. Яго прыцягвалі артаб’екты, атмасферныя, крэатыўныя прасторы сучаснага горада, іх каларыт і непаўторнасць. За два тыдні гэта амерыканская сям’я пабачыла нямала, пабывала шмат дзе – Батанічны сад, Нацыянальная бібліятэка, Свята-Духаў сабор, храм Усіх Святых, Траецкае прадмесце, Верхні горад з яго цікавымі мерапрыемствамі, Кастрычніцкая вуліца з тэматычнымі графіці на фасадах дамоў, багаты Камароўскі рынак, сучасныя кварталы, паркі, скверы. У культурнай праграме – сталічныя галерэі і Мастацкі музей, Вялікі тэатр, нацыянальны балет, беларускі цырк, знаёмства з народнымі промысламі. Мае заакіянскія госці даведаліся, якімі бываюць беларускія аграсядзібы і як там частуюць нацыянальнымі стравамі і… шашлыкамі, барбекю па-амерыканску. Дарэчы, усёй чацвёрцы даспадобы беларуская кухня, у любым выкананні, ад гаспадыні на ўласнай пліце ці ад шэф-повара ў рэстаране. Таксама іх уразіла вялікая колькасць вулічных кафе, фуд-кортаў, разнастайных бараў з экзатычным меню. А нашы сучасныя буйныя гандлёвыя цэнтры, на іх думку, нічым не саступаюць нью-ёркскім, таму беларускі шопінг атрымаўся ўдалым і цікавым. Мэт, аматар салодкага, паўсюль ласаваўся разнастайнымі прысмакамі, Крысцін з радасцю набывала сувеніры з беларускім каларытам, а Чэйз у захапленні ад нашай касметыкі. Дарэчы, гэтая юная лэдзі паспела завесці сваіх сяброў, такіх жа маладых, няўрымслівых. З імі наведала Музей ката, схадзіла на лядовы каток і нават дала там майстар-клас, бо здаўна займаецца фігурным катаннем. Новыя сябры ўсталявалі на яе смартфон англа-беларускі перакладчык, і зараз я атрымліваю праз акіян кранальныя словы «Я цябе кахаю, сумую па Беларусі…» Падстаў для такіх шчырых эмоцый і яркіх уражанняў у нашых гасцей, як бачыце, дастаткова. Імі, дарэчы, яны дзяліліся не толькі ў сацыяльных сетках, але і ў інтэрв’ю на тэлебачанні і радыё. У адным з іх Крысцін прызналася, што нідзе не адчувае сябе так бяспечна, камфортна і ўтульна, як у Беларусі. А Мэт паабяцаў прыехаць ізноў. Каб не толькі наведаць радзіму Марка Шагала, але і акунуцца ў каларытную атмасферу «Славянскага базару ў Віцебску». Я думаю, што наступным разам мне з маімі роднымі давядзецца сустракаць не адну амерыканскую сям’ю, а некалькі. Сябры Сімпсан-Лемі ўжо выказваюць жаданне здейсцінь такое ж «крутое падарожжа мары» ў Беларусь.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: